“Гуляюць” самі па сабе

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

Па ненадрукаваных фотаздымках з камандзіровак мы, журналісты "К", прыгадваем не адзін адведзены позірк: маўляў, дзе ж шукаць сучасны, модны кірунак для сваёй працы? А хтосьці з работнікаў культуры, напэўна, потым успамінаў дапытлівага суразмоўцу: лёгка казаць пра ініцыятывы, але адкуль браць фінансы на новае? Аднак часта побач з намі існуюць ужо гатовыя варыянты з напрацаванымі сувязямі і нават неблагім грашовым падмуркам.

/i/content/pi/cult/537/11688/4-1.jpgЯ не была прыхільніцай папулярнай музыкі, не сачыла за новымі імёнамі ці паднапрамкамі. Тым не менш, ужо чатыры гады я з цікавасцю назіраю за тым, як у Беларусі набірае моц модная ў свеце плынь K-POP — кавер-танцы на кампазіцыі знакамітых паўднёвакарэйскіх гуртоў. Гэта ініцыятыва цалкам аматарская, яна не мае ні прафесійнага харэаграфічнага падмацавання, ні падтрымкі якога-небудзь буйнога маладзёжнага аб’яднання.

У 2011 годзе сфарміраваліся два калектывы, апантаныя рамантыкай азіяцкіх поп-танцаў. Аднак лідар аднаго з тых гуртоў Крысціна Канаплянік кажа, што зараз заяўкі на ўдзел у адмысловых фэстах падае больш за 20 каманд, сярод якіх — прадстаўнікі, прыкладам, з Магілёва ды Гомеля. Мяне ўражвае той імпэт, з якім моладзь (сярэдні ўзрост танцорак наўрад ці перасягне за 20 гадоў) бяжыць на рэпетыцыі пасля вучобы ў школе, ВНУ, а некаторыя і з зусім нятворчай працы кшталту эканамістаў, бухгалтараў, юрыстаў.

Незвычайную прагу беларусаў да моднага кірунку прыкмеціла Пасольства Рэспублікі Карэя ў Беларусі. Другі год запар пры яго падтрымцы ў нас адбываецца “K-POP World Festival”. Лепшыя танцавальныя і песенныя каверы, якія перемаглі ў сваім рэгіёне, атрымліваюць шанс трапіць на фінальны іспыт у Паўднёвую Карэю. Беларусы не прэтэндуюць на такія вынікі, але, можа, толькі пакуль?..

Зразумела, хобі заснавана цалкам на самафінансаванні: аматары за свой кошт арандуюць залы для пастаноўкі нумароў, шыюць касцюмы, выязджаюць на выступленні, здымаюць памяшканні для правядзення тэматычных вечарын (дарэчы, ладзяцца яны амаль штомесяц у сталіцы, а часам і ў абласных гарадах). Яны самі сабе выканаўцы, арганізатары, прамоўтары, піяршчыкі. І ў апошнім атрымалі поспех, шыкоўна збіраючы на вечарыны наведвальнікаў праз сацыяльныя сеткі (гэтаму можна павучыцца некаторым “сталым” аматарскім калектывам). Зала напаўняецца — значыць, памкненні танцорак знаходзяць розгалас у маладзёжным асяродку.

Чытач усміхнецца, маўляў, чаго ўвогуле згадваць тых аматараў: і нумары іх не аўтэнтычныя, і пра значнасць дасягненняў можна спрачацца. Але факт застаецца фактам: моладзь самастойна знайшла запатрабаваную сучасную нішу. Гэтым дзяўчатам стае імпэту, адданасці справе, у іх ёсць матэрыяльная база, напрацаваныя сувязі (нават міжнародныя), падрыхтаваная мэтавая аўдыторыя. Яны знайшлі магчымасць выйсці на замежных гледачоў.

Дык мо не вынаходзіць веласіпед, а прыйсці на ўжо апрацаваную глебу? Чаму б тым жа ДК не ўзяць такія калектывы пад сваё крыло? Скіраваць танцорак у больш якаснае русла, прапанаваўшы дзяўчатам прафесійных харэографаў (упэўнена, сярод маладых спецыялістаў знойдуцца тыя, хто прагне дадаць да свайго будзённага графіку гадзіну-другую сучаснай пластыкі). Як падзяку яны атрымалі б у асобе гэтых дзяўчат зацікаўленых удзельнікаў іншых імпрэз, а таксама — падрыхтаваную аўдыторыю для іх. Пачаць можна і з малога: прапанаваць у арэнду танцавальныя залы (зараз танцоркі нясуць грошы за рэпетыцыйныя пляцоўкі садкам ды школам).

А той, каму не падабаецца менавіта гэты кірунак, можа пайсці шырэй і зазірнуць у сацыяльныя сеткі, каб даведацца, чым дыхае моладзь. Неўзабаве культработнікі займеюць у сваю скарбонку нешта арыгінальнае і сучаснае...

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"