“Не для нас, а для нашых бацькоў?”

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

З 5 па 7 чэрвеня ў Маладзечне, дзе я жыву, прайшоў ХV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі. Як казаў напярэдадні падзеі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Рамановіч, аргкамітэт пастараўся адысці ад стэрэатыпаў і штампаў, якія склаліся пры арганізацыі гэтай святочнай дзеі, ды максімальна разнастаіць праграму. Дадам з гэтай нагоды і некалькі ўласных нататак у якасці постскрыптуму да фэсту.

/i/content/pi/cult/537/11685/5-3.jpgУ першы фестывальны вечар адбыўся канцэрт «Беларусь незалежная ў песнях і вершах», запомніўся і юбілейны канцэрт “Песня мая...” кампазітара Алега Молчана ў нядзелю, пераможцы Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок-2015” прадэманстравалі свае вакальныя здольнасці на асобным канцэрце. Ну, а на “дэсерт” гледачам быў прадстаўлены праект “Зоркі “Зорнага дыліжанса” з удзелам пераможцаў аднайменнай тэлеперадачы. У праграме значыўся і паэтычны пленэр — гасцёўня “Красуй, Беларусь”. Цягам дыскусій у рамках апошняга прагучала думка пра тое, каб вярнуць фестывалю першапачатковую назву, дзе слова “паэзія” займала першую пазіцыю. Маўляў, без паэтычных радкоў песня паўстаць не можа.

Здавалася б, арганізатары проста абавязаны былі запрасіць усіх уладальнікаў Гран-пры фэсту за ўсю пятнаццацігадовую гісторыю фестывалю, пачынаючы ад самай першай лаўрэаткі — Алены Саўленайте — і заканчваючы пераможцай леташняга конкурсу — Алінай Молаш. Такая канцэртная праграма магла б стаць прыемным сюрпрызам для гледачоў, праявай увагі і павагі да выканаўцаў, а для крытыкаў — добрай нагодай прасачыць тэндэнцыю развіцця айчыннага эстраднага мастацтва. На жаль, гэтага не адбылося. Урэшце, як заўважыў той жа Рамановіч, падобная ідэя разглядалася арганізатарамі фестывалю. Аднак сабраць у адным месцы ў пэўны дзень такую колькасць занятых людзей аказалася цяжкавыканальнай задачай. Сваю ролю адыграў і фінансавы бок пытання…

На жаль, з фестывальнай сцэны не прагучала знакамітая песня “Маладзечна”, якую калісьці спецыяльна для фестывалю напісаў кампазітар Ігар Палівода. Ужо з першага выканання яе прыняла публіка, нумар гучаў на цырымоніях адкрыцця або закрыцця фестывалю. Ды што там: яна стала сапраўдным народным хітом і неафіцыйным гімнам горада…

Не засталіся ў баку ад фестывальнай праграмы і ўстановы культуры горада. Так, Мінскі абласны краязнаўчы музей правёў творчую прэзентацыю выстаўкі “Навечна ў памяці народнай...” да 70-годдзя Перамогі. На Цэнтральнай плошчы прайшоў канцэрт фальклорных калектываў раёна. Там жа адбылася акцыя “Арт-старт” творчай моладзі горада і вобласці. Юнакі і дзяўчаты паказвалі публіцы свае захапленні рэпам, хіп-хопам...

Не стану распавядаць пра густ выканаўцаў і якасць убачаных нумароў. Тым не менш, акцыя наштурхнула на наступныя развагі. У кожнай узроставай групе ёсць улюбёныя музычныя кірункі і свае куміры. Перавагі той невялікай часткі моладзі, якая знайшла прытулак у рамках “Арт-старту”, далёкія ад эстраднага напрамку, што дамінуе на фестывалі. Але чаму б не ўдасканаліць фармат і асноўных падзей з улікам вялікай колькасці моладзі, што прысутнічае на імпрэзах (ці хацела б на іх пабываць, ды не знаходзіць цікавых падзей “пад сябе”)? Аддаць тую ж пляцоўку на Цэнтральнай плошчы пад канцэрты, напрыклад, і прафесійных беларускіх рок-гуртоў, у якіх ёсць, я ў гэтым упэўнены, куды больш прыхільнікаў, чым у хіп-хопу. З улікам беларускай мовы, на якой, як правіла, спяваюць такія каманды, атрымаецца добрая паралельная плынь у рамках форуму. У маладзёжнай аўдыторыі, якую, варта прызнаць, фестываль непазбежна губляе, атрымаецца сваё свята, сугучнае іх светаадчуванню. І падзея надоўга застанецца ў памяці.

А ў сацыяльных сетках не будуць мільгацець песімістычныя каментарыі, маўляў, фестываль не для нас, а для нашых бацькоў. І папрокі ў эстрадным міжсабойчыку. Як кажуць у тэатры, гледача трэба выхоўваць і гадаваць.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр