Бракуе матывацыі і… канкурэнцыі для лішняга нуля ў кошце

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

Куратары Мінскага тыдня дызайну пра трафік гледачоў, працу на імя, музей і “навошта нам гэта трэба?”
У маі адбыўся Мінскі тыдзень дызайну, які дазволіў зірнуць на гэту галіну творчасці (як у яе мастацкім вымярэнні, так і ў прыкладным) часам у нечаканых ракурсах. Гаворка як пра стацыянарную экспазіцыю айчынных і замежных адмыслоўцаў у рамках выстаўкі “Мэбля. Дызайн. Інавацыі”, так і пра open-air-праект у Траецкім прадмесці. Адной з вартасцей, што, урэшце, і мае быць уласцівым дызайнерскай працы, сталася наяўнасць многіх экспанатаў “у матэрыяле”, а не, як тое часцяком у нас заведзена, на эскізах. Гэта значыць, што рэчы можна (і варта) было кранаць рукамі. Але не менш важным з’яўляецца і той факт, што Мінскі тыдзень дызайну дазволіў акрэсліць асноўныя тэндэнцыі, што пануюць у названай сферы. Урэшце, ці так гэта? Мы абмеркавалі падзею з яе арганізатарамі — куратарамі Аленай КАРПІЛАВАЙ, Андрэем КАРАВЯНСКІМ і Юрыем ТАЎБКІНЫМ. У выніку, атрымаўся “круглы стол”, падчас — з вострымі, але патрэбнымі вугламі. Як і заўсёды, будзем рады пачуць і меркаванні іншых спецыялістаў па пытаннях, узнятых пад час гэтай размовы.

/i/content/pi/cult/537/11679/3-1.jpg— Дык ці магчыма на прыкладзе Мінскага тыдня дызайну вылучыць зрэз тэндэнцый гэтай сферы — станоўчых і адмоўных? І ці выявіла іх майская падзея наогул?

Юрый ТАЎБКІН: — На мой погляд, Тыдзень, хутчэй, акрэсліў сітуацыю ў нашай сферы. Пра канкрэтныя тэндэнцыі казаць, мяркую, яшчэ ранавата. Так, ёсць асобныя энтузіясты як у распрацоўцы дызайну, так і ў вытворчым яго скарыстанні. Можна канстатаваць: існуе вялікая зацікаўленасць у добрым, новым, якасным дызайне і ў спажыўца, і ў вытворцы. Аднак развіццю гэтай сферы перашкаджае найперш пасіўнасць, інертнасць беларускіх дызайнераў.

Андрэй КАРАВЯНСКІ: — Сапраўды, у тым і палягаюць адмоўныя бакі айчыннай супольнасці: адсутнасць матывацыі і няўпэўненасць у тым, што ім, нашым адмыслоўцам, патрэбен піяр.

Юрый ТАЎБКІН: — Дык Тыдзень дызайну, у прынцыпе, і закліканы ствараць матывацыю як для дызайнераў, так і для вытворцаў. Гэта, скажам так, — месца з’яднання трох складнікаў, неабходных для руху наперад: саміх спецыялістаў галіны, вытворцаў, спажыўцоў. Прынамсі, так мае быць.

Алена КАРПІЛАВА: — І пры гэтым я назвала б беларускі дызайн пакуль што “партызанскім”: яго мала ведаюць, хтосьці дзесьці што-небудзь робіць, часцяком — “на каленцы”, а не ў нармальна абсталяваным цэху. Гэта экстрэмальныя ўмовы, літаральна выжыванне. Але, думаю, усё паступова зменіцца. Хаця ў прадметным, прамысловым кірунку, як ні круці, эканамічны складнік адыгрывае істотную ролю (стварыць прататып, вопытную мадэль, падабраць матэрыялы, вырабіць рэч, аплаціць вытворчасць...).

Андрэй КАРАВЯНСКІ: — Але, скажам, мы прапаноўвалі бясплатны ўдзел для беларускіх дызайнераў і бясплатную ж устаноўку іх твораў у Траецкім прадмесці. Дзіўна: вялікая частка тых, з кім я гутарыў, задавалі мне пытанне “Навошта нам гэта трэба?”. Атрымліваецца, нібыта я павінен ім тлумачыць, вадзіць іх за руку і ўгаворваць паўдзельнічаць! Таму станоўчыя бакі акцыі: 90 працэнтаў беларускай дызайнерскай супольнасці — "балота", дзе няма канкурэнцыі. І існуе, адпаведна, прастора для дзейснага прафесіянала!

Алена КАРПІЛАВА: — Я рада таму, што ў Беларусі сталі з’яўляцца невялікія кампаніі, вытворцы мэблі, якія робяць сапраўды цікавы прадукт. Скажам, гады тры таму такога не назіралася. Хацелася б, каб ствараліся маленькія кампаніі на 2-4 чалавекі (як у суседняй Польшчы, да прыкладу). У іх рамках спрашчаецца пачатковы этап уласнай справы. Такія аб’яднанні — выдатны старт для любога дызайнера.

— У чым апраўдаўся выхад дызайнерскага фэсту ў шырокі фармат гарадскога мерапрыемства з рамак галерэй і невялікіх пляцовак, як тое бывала раней?

Юрый ТАЎБКІН: — Рамкі галерэй і невялікіх пляцовак маюць вельмі абмежаваны трафік наведвальнікаў. Правядзенне падзей кшталту Тыдня дызайну больш эфектыўнае ў спалучэнні з вялікімі выстаўкамі, якія забяспечваюць прыток вялікай колькасці зацікаўленых людзей. Падобным чынам арганізуецца “Зона Тартона” ў Мілане паралельна з гіганцкай мэблевай выстаўкай “iSaloni”. Літоўскія тыдні дызайну пачыналіся аналагічна: у рамках вялікага мэблевага форуму...

Андрэй КАРАВЯНСКІ: — Больш адкрыты фармат дазваляе запускаць на вялікую аўдыторыю ратацыю імені. Для дызайнера гэта вельмі важна, бо ў наш час умоўнасцей гучнае імя дадае лішні нуль у кошт вырабу.

Алена КАРПІЛАВА: — Магчыма, выхадам “за рамкі” стандартных залаў тлумачыцца і зацікаўленасць шырокай публікі. Скажам, вялікая праграма сустрэч з дызайнерамі, лекцый і самі выстаўкі карысталіся ўвагай студэнтаў і прафесіяналаў, аматараў і калег па цэху...

— У чым меліся праблемы з такім пашырэннем “на горад”?

Алена КАРПІЛАВА: — Адносна гарадскіх улад… Вядома, патрабавалася вырашыць некаторыя пытанні.

Юрый ТАЎБКІН: — Так, арганізацыя экспазіцыі ўрбаністычнага дызайну, прыватная ініцыятыва мая і Андрэя, трымалася на здольнасці дамовіцца з адміністрацыяй “Мінскай спадчыны” і ўладамі горада аб самой магчымасці правядзення імпрэзы.

Андрэй КАРАВЯНСКІ: — Урэшце, у Мінгарвыканкаме вельмі станоўча ўспрынялі нашу ініцыятыву зладзіць выставачную пляцоўку на тэрыторыі Траецкага прадмесця. Мэр Андрэй Шорац падтрымаў нас і паспрыяў у арганізацыі падзеі. Я не чакаў такога, і ўнутрана быў гатовы да бюракратычных перашкод. Дарэчы, у гэтым станоўчая тэндэнцыя: у кіраўніцтва Мінска прыйшлі людзі з сучасным еўрапейскім падыходам да арганізацыі гарадскога асяроддзя. Так што сітуацыя змянілася кардынальна ў параўнанні з мінулымі гадамі. Таму які раз паўтару галоўную “мантру”: трэба, каб ініцыятыва мелася непасрэдна ў саміх дызайнераў. А дробныя “нестыкоўкі” ў пастаўках, зборках, спазненні ўдзельнікаў — гэта рабочы 
працэс.

Юрый ТАЎБКІН: — Паспрыяла і тое, што нашым партнёрам выступіў “Экспафорум”, таму праблем з арганізацыяй асноўнай экспазіцыі ў рамках выстаўкі “Мэбля. Дызайн. Інавацыі” не мелі.

Андрэй КАРАВЯНСКІ: — Калі казаць пра арганізацыйныя моманты, то для творчай працы студэнтаў стварылі ўсе магчымасці. Напрыклад, спонсары вылучылі некалькі “кубоў” піламатэрыялаў, фарбы. Цэнтр творчасці “Бэлькі” прадаставіў бясплатна плошчы майстэрняў, дзе некалькі груп маглі макетаваць. Яшчэ цікавы момант: малады дызайнер Маруся Сівіцкая прапанавала зрабіць серыю ўзораў мэблі са старых пажарных шлангаў. Гэта ідэя настолькі зацікавіла супрацоўнікаў органаў Міністэрства надзвычайных сітуацый, што яны жадаюць паставіць на тэрыторыях пажарных частак некалькі такіх вырабаў. Як яны выглядаюць, можна было ўявіць па некалькіх промавырабах серыі, выстаўленых у Траецкім.

— Акрамя рэакцыі пажарных, які фідбэк атрыманы ад гараджан па выніках вулічных імпрэз? Ці правільна выбраны лакацыі? Урэшце, ці мае сэнс і практычнае значэнне выстаўленне ў прасторы горада здабыткаў беларускіх дызайнераў?

Алена КАРПІЛАВА: — Паказваць рэчы ў гарадской прасторы патрэбна. Наша мерапрыемства не вузкаспецыялізаванае, не для так званых баераў (асобных пакупнікоў, аптовых закупшчыкаў), а для шырокай публікі, таму горад — менавіта тая прастора, з якой варта працаваць. Траецкае прадмесце — аптымальная лакацыя. Гэта пешаходная зона, цэнтр, асобны невялікі раён, які павінен жыць сваім актыўным жыццём. (Хацелася б хіба, каб наступным разам больш актыўнасці праяўлялася з боку саміх патэнцыйных удзельнікаў. Балазе аказацца ў іх шэрагах мог любы творца — былі б аб’екты!) Мяркую, гараджане былі задаволены. Гамак, лежакі, новая мэбля ў гарадской прасторы — усё ў навінку, хоць гэта і не звышэкстравагантныя рэчы, але — актуальныя для цёплага сезону. І сапраўды: улетку горад мог бы акультурвацца такой мэбляй, абсалютна неабходнай для камфортнага пачування гараджан.

Андрэй КАРАВЯНСКІ: — Так, неабходны іншыя формы адпачынку, а не толькі лінейныя лавы! Прыдадуцца гарадскія крэслы, паваротныя крэслы для набярэжных, крэслы з шырокімі падлакотнікамі, каб паставіць ноўтбук, кубак з кавай, пакласці сумку… У гарадской прасторы не лішнімі акажуцца зоркападобныя структуры мэблі для вялікай кампаніі, гамакі, падвесныя крэслы… І тут трэба пашыраць асартымент! Урэшце, я пакуль кажу толькі пра мэблю…

Юрый ТАЎБКІН: — Наша лакацыя цалкам сумаштабная прадстаўленай колькасці аб’ектаў. Вядома, выдатна было б задзейнічаць шырэйшую за наяўную геаграфію, а яшчэ, што вельмі важна, паказаць большыя аб’ёмы прадметаў і зладзіць дадатковыя мерапрыемствы. Але гэта працэс не імгненны: спатрэбіцца яшчэ не адна падобная падзея. Галоўнае ж, што па-ранейшаму не хапае заматываваных дызайнераў і вытворцаў.

Андрэй КАРАВЯНСКІ: — Адзін з важных аспектаў — гэта тое, што адбыліся цікавыя стасункі. Людзі падыходзілі, дзяліліся ўражаннямі, раілі, што перашкаджае ў рэчах, а што трэба дадаць. Тое — надзвычай каштоўны вопыт для аўтара. Да ўсяго, карысць палягае яшчэ вось у чым: прыходзяць людзі з рознымі антрапаметрычнымі данымі — камусьці высока, іншаму — нізка. Трэба выбраць і стварыць усярэдненую гарманічную форму, інакш станеш рабіць абстрактную мэблю. Так што ў рамках такіх фэстаў “падгонку” ажыццяўляць прасцей за ўсё. Плюс — зноў жа піяр дызайнера!

— Якія найбольш цікавыя праекты Мінскага тыдня можаце назваць з гледзішча куратараў падзеі?

Юрый ТАЎБКІН: — Я вылучу літоўскі дызайн, крэсла-гамак “Колыхва” ад Юрыя Цэглы з Украіны, некаторыя прадметы з калекцыі расійскага Клуба прамысловых дызайнераў, а таксама секцыю ўрбаністыкі ў Траецкім наогул. Пра свае праекты згадваць не буду, хоць я імі задаволены, у прынцыпе.

Андрэй КАРАВЯНСКІ: — А я наадварот дэталізую ўражанні ад той “зоны адказнасці”, дзе быў куратарам, — Траецкага прадмесця. Перш за ўсё, самы цікавы дызайн мэблі прадставіла бюро “Maffam”. Яны прывезлі крэслы і падвесныя коканы з базальтавага валакна, якія адразу ж прыцягнулі ўвагу наведвальнікаў. Людзі выстройваліся ў чэргі перад гэтымі вырабамі, каб сфатаграфавацца ў іх. Ну а ўвечары ў іх пастаянна ляжалі закаханыя парачкі і нам праз тое нават складана было забіраць экспазіцыю на захоўванне (гэта, дарэчы, да тэмы неабходнасці пашырэння падобных аб’ектаў у гарадской прасторы: іх відавочна не хапае). Яшчэ я хацеў бы адзначыць маладое беларускае бюро “Wood-Mood”, якое прадставіла лінейку мэблі для набярэжных і лаунж-зон. Іх пільна аглядалі ўладальнікі прыватных гасцініц і пансіянатаў. Вельмі элегантныя велапаркоўкі прывёз з Масквы Арцемій Лебедзеў, і такому майстэрству нашым дызайнерам варта вучыцца. Натуральна, найвыдатную якасць матэрыялаў прадэманстравалі іспанцы “Benito”. Яны прывезлі вулічную мэблю з чыгуннымі элементамі. Трэба сказаць, што больш якаснага ліцця ў гарадской мэблі я яшчэ ў сваім жыцці не бачыў!

Алена КАРПІЛАВА: — Мне застаецца толькі рэзюмаваць: было дастаткова цікавых рэчаў, у якіх закладзены вялікі патэнцыял. Дадам і некалькі слоў пра экспазіцыю плакатаў маладых графічных дызайнераў, якія ўжо скончылі Акадэмію мастацтваў альбо вучацца там, у Цэнтры сучасных мастацтваў. Яе мне дапамог зладзіць мастак і дызайнер Юрый Тарэеў. І, трэба сказаць, у нас ёсць школа, гісторыя гэтага кірунку. І зараз у Акадэміі выкладаюць майстры жанру! Дарэчы, хацелася б наступным разам больш шырока паказаць прастору графічнага дызайну у межах Тыдня.

— У якасці прыкладаў вы называлі, сярод іншага, і замежныя брэнды. А вопыт якіх іншаземных імпрэз скарыстоўваўся пры выпрацоўцы канцэпцыі Тыдня? Ад чаго адмовіліся з гатовых рашэнняў, што, наадварот, вылучылі за прымальнае?

Алена КАРПІЛАВА: — Вопыт вулічнай падзеі пераняты ў згаданай ужо міланскай “Зоне Тартона”. Там вуліцы пад час тамтэйшага Тыдня дызайну ўяўляюць з сябе дызайнерскія аб’екты. Не абавязкова вядомых кампаній. Там работы выстаўляюць студэнты, шмат эксперыментальных рэчаў. То бок гэта зона — больш дэмакратычная ў параўнанні з асноўнай экспазіцыяй міланскага мэблевага салона.

Юрый ТАЎБКІН: — Так, у Зоне Тартона ўсе першыя паверхі будынкаў на перыяд “iSaloni” здаюцца ў арэнду. І пануе там сапраўды неверагоднае творчае адчуванне, можна атрымаць мора ідэй і натхнення. Аналаг подобнай атмасферы мы і спрабавалі ўзнавіць у Траецкім. Методыка ж арганізацыі асноўнай экспазіцыі ў нечым паўтарае “Dizaino Galerija” ў Літве.

Андрэй КАРАВЯНСКІ: — Што да пляцоўкі ў Траецкім прадмесці, мы сапраўды перадусім арыентаваліся на прыклад Мілана. Аднак гэта, вядома ж, пакуль атрымалася далёка не ў поўнай меры. У нас не тыя бюджэты і не так матываваная прафесійная супольнасць. Трэба працаваць у гэтым кірунку, год ад года даючы магчымасць людзям выстаўляцца, паказваць свае дасягненні, ідэі. Ведаю, што многія з калег асцерагаюцца такой адкрытай дэманстрацыі, баючыся плагіяту. І што ў выніку? Заціскае, да прыкладу, дызайнер папку з ідэямі ў сябе ў куце, а калі яе паказвае (пад вялікім сакрэтам), дык аказваецца: ягоныя ідэі даўно састарэлі. Так што… Плаваць навучыцца толькі той, хто залезе ў ваду.

Алена КАРПІЛАВА: — Ды і фармат правядзення Тыдняў накшталт нашага ўсюды падобны. У першую чаргу, гэта экспазіцыі менавіта прадметнага дызайну, мэблі, асвятлення з вялікай дзелавой праграмай, тэматычнымі вечарынамі. У розных краінах, вядома, маюцца свае асаблівасці адпаведна ўяўленням арганізатараў, але з гэтай нагоды няма строгага рэгламенту. Я выдатна разумею, што ў нас усё пакуль што на іншым узроўні — ад самога дызайну да яго разумення людзьмі, — але ж фармат з-за гэтага змяняць не трэба, не варта “прыдумляць ровар”. Трэба проста рабіць далей! Я з задавальненнем пазнаёмлюся з аднадумцамі, гатовымі дапамагаць і неяк удзельнічаць у працэсе на наступны год. І працэс гэты ўжо доўжыцца. Бо падрыхтоўка мерапрыемства — гэта не тыдзень, а амаль цэлы год.

— Калі ставіць адной з мэт прасоўванне прац нашых дызайнераў для айчыннай жа публікі, дык ці не варта пачынаць “сталбіць” месца пад будучы музей дызайну. Скажам, пры працягу акцыі адну работу дарыць гораду ў вулічную ці музейную прастору?

Андрэй КАРАВЯНСКІ: — Рана думаць пра музеі. Беларускім дызайнерам варта падумаць аб… звалцы. Слабаватыя некаторыя рэчы, ужо даруйце за такое, выказанае ўголас, меркаванне... А што да падарункаў... Іспанцы падарылі сваю мэблю Верхняму гораду, Лебедзеў свае велапаркоўкі перадаў гімназіі №23. Мэблевая фабрыка “Алекса” прадаставіла некалькі лавак, якія размалёўвалі мастакі. І частка апошніх засталася ў Траецкім, іншыя перадалі ў дар аднаму з дзіцячых садкоў.

Юрый ТАЎБКІН: — На мой погляд, прадметны і ўрбаністычны дызайн валодаюць, найперш, прыкладнымі функцыямі. Іх праявам месца ў горадзе, у доме, у кішэні — у руках людзей, кажучы агулам. У музеі ён можа з часам з’явіцца, але гэта далёка не наша мэта. Таму, мяркую, найлепш засяродзіць рэсурсы не на стварэнні музея, а на фарміраванні ўмоў для з’яўлення ў масавым спажыванні якаснага прадукту, у ідэале — мясцовага дызайну пры мясцовай жа вытворчасці.

Алена КАРПІЛАВА: — Адносна дароў гораду… Лавы кампаніі “Benito urban” перайшлі кавярні “Зерне”. І я рада, што кампанія гэта зрабіла карысны крок. Што да перадачы прадметаў з Тыдня дызайну ў дар музею... А якому з іх такія дары патрэбны, калі шчыра? Бо ў нас няма ніводнага музея, што паказвае дызайн хоць бы як асобную секцыю. І сталай галерэі таксама бракуе. Гэты раздзел пакуль не існуе ў публічнай прасторы, таму няма яго і ў музеях. А змешванне прадметаў дызайну з карцінамі ці скульптурамі — непрымальна. У свеце такога няма нідзе.

Урэшце, стварыць музей дызайну было б добра. Але гэта велізарны пласт даследчай працы з прыцягненнем экспертаў, стварэннем камісіі (як адбіраць аб’екты, па якіх крытэрыях?), вялікімі фінансавымі ўкладаннямі і гатоўнасцю прысвяціць сябе гэтаму сур’ёзна і надоўга. Таксама хацелася б цікавасці з боку дзяржавы, чаго пакуль абсалютна не назіраецца. Яшчэ аспекты. З якога перыяду збіраць рэчы? Зразумела, не з эфемернага 2015-га, маўляў, а чаму менавіта з яго? Можа, тады з пачатку існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь? Ці яшчэ раней?

Юрый ТАЎБКІН: — У цэлым, хачу адзначыць, што я ўбачыў эвалюцыю ў дызайн-супольнасці Беларусі дзякуючы Тыдню. За апошнія некалькі гадоў ёсць пэўны прагрэс. І гэта вельмі радуе, бо я веру ў прадукцыйнасць эвалюцыйных працэсаў.

— Прапаную кожнаму з вас у фармаце бліц-адказаў назваць дзесяць характарыстык беларускага дызайну, якія выкрышталізаваліся для вас у рамках куратарскай працы.

Алена КАРПІЛАВА: — Нявызначаны, народны, бязлітасны, пазычаны, выпадковы, асцярожны, бюджэтны, невядомы... Атрымліваюцца не надта пазітыўныя характарыстыкі, але я — за аб’ектыўнасць. І, канешне, маю на ўвазе менавіта прадметны дызайн (не графічны, не вэб і г.д.).

Андрэй КАРАВЯНСКІ: — Я нават паспрабую адкаменціраваць тэзісы. У нашых адмыслоўцаў сталыя праблемы з парушэннем маштабаў. Навідавоку і другі гатунак: такое адчуванне, што гэта ўжо дзесьці было. Не ўлічваюцца сучасныя тэхналогіі і адсутнічаюць сувязі з сучаснымі ж вытворчасцямі. Часам беларускі дызайн — вельмі банальны. Назаву і правінцыйнасць, выяўленую ў імкненні казацца арыгінальным ("арыгінальнічанне"). Сапраўдны "геній" беларускага дызайну — гэта той, хто прыдумаў фарбаваць камяні ўздоўж дарог: яны робяць большы ўнёсак у папулярызацыю нашага дызайну, чым адпаведны факультэт Акадэміі мастацтваў. Цвёрдая прывязка да тэхнічнага задання заказчыка часам шкодзіць і нават забівае ідэю. Пастаянныя апраўданні таго, чаму штосьці не атрымалася. Вылучу асобна і такую характэрную рэч, калі, па меркаванні дызайнераў, вінавата наша грамадства, а не сам адмысловец, маўляў, “у нас не зразумеюць”, “у нас людзі не такія”... І, нарэшце, галоўная характарыстыка: няма задаволеных, загарэлых дызайнераў у белых касцюмах на “паршэ”, бо ў нас дызайн пакуль не стыль жыцця, а спосаб выжыць.

Юрый ТАЎБКІН: — Я назаву такія пазіцыі: хутчэй перайманне, чым стварэнне новага; празмерная захопленасць этнічнымі матывамі (гэта тупіковы шлях у стварэнні мясцовай спецыфікі ў дызайне); слабасць тэхналогіі; крыху не хапае педантычнасці, працы часцяком “сыраватыя”, не даробленыя. Больш не дадам: усё акажацца развіццём дадзеных тэзісаў. А пра вартасці беларускага дызайну казаць, на жаль, складана...

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах