Актыўнасць = новыя чытачы?

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

Бібліяноч на ўсю краіну: варта ці не варта спрабаваць
Бібліятэкары на “Ночы музеяў”, кніжныя выстаўкі для пацыентаў дзіцячай бальніцы, вэбінары і кансультацыі чытачоў праз Сеціва… Пра гэта ды многае іншае напрыканцы мая распавядалі супрацоўнікі беларускіх і расійскіх бібліятэк пад час Міжнароднай канферэнцыі “Чытанне і дзеці: дыяпазон бібліятэчных ідэй і магчымасцей”. Мерапрыемства наведаў і карэспандэнт “К”.

/i/content/pi/cult/536/11676/4-22.jpgКрэатыў і Гайдар

Падзея адбылася ў той сталічнай “кніжніцы”, якая носіць імя Акрадзя Гайдара — у дзіячай бібліятэцы №3. Творчасць гэтага савецкага пісьменніка многія сёння ўспрымаюць далёка не так адназначна, як трыццаць ці пяцьдзесят гадоў таму. Між тым, у краінах СНД існуе значная колькасць бібліятэчных устаноў, што носяць імя аднаго з першых дзіцячых літаратараў Краіны Саветаў, а ў Маскве раз на пяць гадоў ладзіцца злёт, на які прыязджаюць тыя, хто цікавіцца і прапагандуе творчасць аўтара “Цімура і яго каманды”...

Але бібліятэкары-“гайдараўцы” з Беларусі і Расіі сабраліся ў Мінску яшчэ і каб падзяліцца з калегамі сваім досведам па арганізацыі цікавых бібліятэчных праектаў — у тым ліку, і міжнародных, — ды самымі рознымі метадамі працы з дзіцячай аўдыторыяй. Пабываць на такой канферэнцыі, куды “К” запрасілі самі бібліятэкары, — гэта як завітаць на бясплатны майстар-клас ад піяр-менеджараў. Кажу, дарэчы, без перабольшання!

Ноч для бібліятэкі

Вось, да прыкладу, крэатыў ад супрацоўнікаў Калінінградскай абласной дзіцячай бібліятэкі імя Гайдара. Бібліятэкары з Расіі ладзяць сустрэчы з чытачамі не толькі ў самой бібліятэцы ды гарадскіх парках і скверах, але і ўдзельнічаюць са сваімі выстаўкамі ды рэкламнай прадукцыяй у міжнародных мерапрыемствах: ад свята нацыянальных культур да Дня горада і Ночы музеяў…

Акрамя таго, бібліятэкары сістэматычна наведваюць маленькіх пацыентаў абласной дзіцячай бальніцы, што знаходзіцца непадалёк ад установы культуры, актыўна пазіцыянуюць сябе ў Інтэрнэце — на іх сайт завітваюць штогод каля 60 тысяч новых наведвальнікаў, — супрацоўнічаюць з мясцовымі медыя, ладзяць апытанні чытачоў, майстар-класы ды дзіцячыя мерапрыемствы на вуліцах Калінінграда, раздаючы дзецям і іх бацькам не толькі прызы за ўдзел у конкурсах, але і інфармацыйныя візітоўкі, дзе распавядаецца пра час працы бібліятэкі, тыя аддзелы, якія ў ёй знаходзяцца, пра тое, як туды лепш праехаць і якія кнігі там можна пачытаць.

Мерапрыемствы прыносяць свой плён. Як адзначыла “К” дырэктар Калінінградскай абласной дзіцячай бібліятэкі Аксана Васільева, рэкламная дзейнасць бібліятэкараў, а таксама тое, што супрацоўнікі “кніжніцы” ўдзельнічаюць у агульнагарадскіх мерапрыемствах, прывяла да таго, што ва ўстанову культуры пачалі завітваць новыя маленькія чытачы. І іх колькасць павялічваецца пастаянна…

Досвед і практыка

Але і ў айчынных бібліятэках крэатыўных мерапрыемстваў хапае: што ні кажы, а сёння, пры наяўнасці Інтэрнэта ды разнастайных сацыяльных сетак, пра той або іншы досвед можна даведацца амаль адразу. Было б толькі жаданне. І, відавочна, у многіх беларускіх профі гэтае жаданне ёсць…

Так, загадчык таксама гайдараўскай Бабруйскай цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі Інэса Захарава распавяла і пра выстаўкі, якія ладзіць установа, і пра сустрэчы з пісьменнікамі, і аб працы на летніх пляцоўках, і пра ўдзел у гарадскіх мерапрыемствах… Казалі пра свае крэатыўныя знаходкі і бібліятэкары Мінска, Магілёва, Барысава…

Напрыклад, хтосьці ладзіць у бібліятэцы тэатральныя пастаноўкі, а нехта шчыруе над дзіцячымі конкурсамі — малюнкаў, фотаздымкаў, работ у галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, — ды стварае музейныя пакоі, дзе распавядае пра гісторыю вёскі ці горада… Галоўнае, каб гэты ўвесь цікавы досвед актыўна засвойвалі і астатнія бібліятэкі краіны — прычым, неабавязкова толькі дзіцячыя. Глядзіш, і колькасць маленькіх ды дарослых чытачоў значна пабольшае…

І яшчэ. Цікавым мне падаўся той факт, што ў Расіі яшчэ з 2012 года зрабілі акцыю “Бібліяноч” агульнадзяржаўнай. І, па словах Аксаны Васільевай, удзел у гэтым мерапрыемстве — апраўданы, бо дазваляе распавесці пра бібліятэку і яе дзейнасць усім зацікаўленым бацькам і дзецям, а таксама тым, хто ў кніжніцы даўно не завітвае... Дык мо варта пераняць вопыт расіян ды зладзіць, па прыкладзе “Ночы музеяў” і ўсебеларускую “Ноч бібліятэк”? (Гэту тэму не так даўно мы абмяркоўвалі на стронках “К” з дырэктарам Магілёўскай абласной бібліятэкі Ілонай Сарокінай: яе стаўленне да акцыі дастаткова крытычнае. — Ю.Ч.) Будзем чакаць водгукаў чытачоў на прапанову, а таксама запрашэнняў на іншыя цікавыя бібліятэчныя мерапрыемствы, хай сабе і не міжнародныя. Галоўнае — каб там было цікава і бібліятэкарам, і журналістам.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"