Азірацца на культуру і “фільтраваць” піяршчыка

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, Мемарыяльны комплекс “Хатынь” выступаюць сёлета асноўнымі лакацыямі Х Беларускага міжнароднага медыяфорума “Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі”. Спрэс — установы культуры. І якія!

Сам Беларускі медыяфорум адбудзецца з 7 па 10 чэрвеня. Па традыцыі, падзея стане пляцоўкай для абмену думкамі і выпрацоўкі новых ідэй, месцам сустрэчы экспертнай грамады. Сёлета, сярод іншага, асаблівае месца зойме на дыскусійных пляцоўках тэма захавання гістарычнай памяці. Разам з тым, у іх рамках, несумнена, важка прагучаць праблемы асвятлення сферы культуры ў сучасных медыях.

Бо ўжо колькі разоў даводзілася пісаць “К” пра тое, што культурная дзялянка існуе сёння для айчынных СМІ збольшага як інфармацыйная нагода — больш ці менш цікавая ў залежнасці ад узроўню падзеі. Адсюль і набор жанраў — нататка, інфармацыя, рэпартаж, фотасправаздача… А бывае ж, гучыць культура і наогул як падзейны фон, перадых для вока і вуха, адпачынак ад плыні сур’ёзных навін. Заўважце, навін. Не разбору, не даследавання, не рэцэнзіі.

На жаль, практычна адсутнічае прастора для аналітычных матэрыялаў па культурнай тэматыцы ў няпрофільных медыя. Вядома, тое звязана з характарыстыкамі кантэнту, які сёння дамінуе. Як са зместавымі, так і з фармальнымі. Яны ж наўпрост звязаны з асаблівасцямі і спосабамі атрымання інфармацыі карыстальнікам. Ну хто будзе спрачацца, што чытаем мы інтэрнэт-публікацыі збольшага па дыяганалі, выхопліваючы асноўныя палажэнні (спецыялісты кажуць, што гэтак жа пачынаем праглядаць і газеты ды часопісы). Аналітыка ж патрабуе і ўдумлівага аўтара, і такога ж чытача.

Прынамсі, чытача зацікаўленага. Вось толькі адкуль яму ўзяцца, калі інфармацыйная прастора якраз цалкам адпавядае сваёй назве: інфармуе — і ўсё тут. Прычым у наш кантэкст такое разуменне прыйшло значна пазней, адпаведна, не адсланіўшы канчаткова іншых істотных сваіх уласцівасцей. Прымушаць думаць, да прыкладу, суперажываць, рабіць высновы. Гэтыя перавагі як чытачоў беларусы не згубілі.

Хацеў бы спыніць увагу вось на якой дэталі. Мне даводзілася чуць праз радыёхвалі, як адзін айчынны мастацтвазнаўца ў сваёй перадачы, дарэчы, абсалютна па-за яе тэматыкай, браўся разглядаць чарговы нумар нашай газеты. І галоўнае яго пытанне было такім: чаму тут вёска, чаму тут фальклор, клубы, бібліятэкі, раёны, камандзіроўкі?.. Пісаць жа трэба пра contemporary art, бо толькі ён патрабуе пільнага разгляду сёння. Погляд, што называецца, самы "шырокі"…

Калегі з іншых СМІ таксама перыядычна пытаюцца, а наколькі патрэбна, наколькі магчыма на прыкладзе нашай культуры рабіць (спрабаваць хаця б) аналітыку? Ну, прэм’еры, вернісажы, выставачныя праекты, асноўныя фестывалі… А што аналізаваць, маўляў? Вось культурная практыка ў асноўнай частцы найбольш масавых айчынных медыя палягае ў асвятленні прэс-рэлізаў: у адных — у іх перапісванні, у іншых — у скарыстанні звестак у якасці інфармацыйнай нагоды для, зноў жа, інфармацыйнага матэрыяла. Але будзем шчырымі: прэс-рэліз, асабліва прыцягальны, складуць далёка не ў кожнай установе культуры. Ды і не знойдзеш вялікай ахвоты ў карэспандэнтаў на тое, каб разбірацца ў сапраўднай значнасці падзеі. Мо таму так любяць здымачныя групы з тэлеканалаў айчынныя музеі ды тэатры: пакажуць прыгожую карцінку і дадуць анонс падзеі, можна інтэрв’ю з артыстам-юбілярам запісаць таксама… А дэтальны разбор падзеі, яе ўключанасць у агульную плынь выставак канкрэтнай установы ці ўсяго горада… Гэту працу ніхто і не прасіў рабіць. Таму і атрымліваецца часам, калі тая ці іншая выстаўка дзякуючы пышна распісанаму прэс-рэлізу становіцца мега-падзеяй, хаця па сутнасці такой не з’яўляецца апрыёры. Проста піяршчык трапіўся добры!

Менавіта таму нельга з нагоды медыяфоруму не згадаць пра відавочны недахоп у эфіры і на палосах СМІ культурнай аналітыкі. Няхай і без паглыблення да вузкапрафесійных глыбінь. Але ў тэматыцы кадраў культуры, тэатральных прэм’ер, недастатковай колькасці культурных праектаў, пытанняў гісторыка-культурнай спадчыны, ацэнак сучаснага мастацтва заўжды можна знайсці цікавую тэму і форму падачы ды глыбіню. І, вядома ж, азірацца па-за Мінскам таксама варта больш часта. А раптам сельская бібліятэка мае фаліянт, якога няма ў Нацыянальнай? Ды і раённыя дамы і цэнтры культуры — самі па сабе цікавыя асяродкі. Ну а пра музеі і казаць не варта: у залах можа быць экспазіцыя савецкага часу, а ў фондасховішчах прыхаваны такія скарбы…

Таму давайце азірацца і паглыбляцца ў культуру яшчэ больш часта, чым цяпер, калегі-журналісты.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах