Вінавата маланка?

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

Майскія перуны сёлета сталі сапраўднай напасцю для помнікаў драўлянага дойлідства. Навальніца, якая нахлынула ўвечары 26 мая, ушчэнт спапяліла капліцу ХІХ стагоддзя ў вёсцы Сіціцк на Століншчыне. Літаральна ў той самы вечар быў зніштожаны і чаротавы дах гумна, размешчанага на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Найбольш верагодная версія — таксама маланка.

/i/content/pi/cult/536/11669/10-4.jpg

— Следства не скончана, і таму каментарыі пакуль заўчасныя, — кажа дырэктар установы Эдуард Багдановіч. — Супрацоўнікі МНС ужо праверылі маланкаадводы згарэлага аб’екта і прыйшлі да высновы, што працавалі яны спраўна. Але, як кажуць спецыялісты, гэта ўсё адно не выключае версіі аб маланцы — бываюць тыя сітуацыі, калі ад разраду не можа ўратаваць нічога. Тым больш, у той самы вечар толькі на Міншчыне здарылася пяць пажараў з гэтай прычыны.

Спаленае гумно мела статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, аднак, па словах Эдуарда Багдановіча, у адрозненне ад большасці экспанатаў скансена, яно не з’яўляецца аўтэнтычным: пабудову аднавілі ўжо ў 1980-я гады паводле старых фотаздымкаў. Адпаведна, калі б маланка абрала нейкі іншы з размешчаных у музеі помнікаў, страты аказаліся б больш сур’ёзнымі.

— Вядома, мы пралічвалі ўжо варыянт аднаўлення страчанага экспаната, — дадае дырэктар музея. — Але паколькі каштарыс атрымліваецца ўнушальны — сотні мільёнаў рублёў, — то цалкам магчыма, што больш мэтазгодным будзе ўсталяваць замест яго аўтэнтычны помнік спадчыны падобнага тыпу. Аднак канчатковае рашэнне пакуль не прынята…