Дуда: можна і без аўтэнтыкі?

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

Выдатнае свята падарылі беларускія дудары пад канец вясны. 30 мая прайшоў Фестываль сярэднявечнай і фальклорнай музыкі “Дударскі фэст-2015”, што ладзіцца з 1992 года (з 2006-га — штогод). Арганізатарам яго, як зрэшты і многіх папярэдніх фестываляў, з’яўляецца дудар Зміцер Сасноўскі. Мэта ж падзеі — раскрыць невядомыя старонкі беларускай культуры і паказаць дуду ва ўсім ейным харастве (дарэчы, акрамя дудаў, нашы майстры вырабляюць таксама шведскія “sakspipa” і нямецкія “dudelzak”).

/i/content/pi/cult/536/11666/10-3.jpgУ лік пяці нацыянальных старадаўніх інструментаў — лютня, колавая ліра, гуслі, сурма — дуда якраз і ўваходзіць. У Беларусі вядомая яшчэ адна яе назва — муцянка (або мацянка). Асноўнай рысай, якая адрознівае дуду ад іншых інструментаў, — мех (бурбалка), які вырабляецца са скуры жывёл: казы, цяляці, барсука.

Праграма “Дударскага фэсту-2015” пачалася з канферэнцыі “Захаванне дударскай традыцыі Прыбалтыйскага рэгіёна”. Прадстаўнікі гуртоў, творчасць якіх звязана з ужываннем дуды, навукоўцы, даследчыкі, музычныя майстры абмяняліся тэарэтычным і практычным вопытам. Так, гарачыя дыскусіі разгарнуліся з нагоды таго, захаваць інструмент у яго гістарычным выглядзе з аўтэнтычным гучаннем або надаць яму навізну. Бо цяпер дуда актыўна выкарыстоўваецца і ў рок-ансамблях, спалучаючыся з магутнымі электраінструментамі.

Скажам, канцэрт фэсту завяршыўся выступам гурта “Pawa”. У арсенале яго — сярэднявечная музыка, але артысты выконваюць яе незвычайным чынам. Дуда, жалейка, цыстра, скрыпка і іншыя. Інструменты яны аб’ядноўваюць у кампазіцыях з сінтэзатарамі і электрагітарай. Уласны стыль музыкі называюць “FolkTronika”. І сапраўды, выкананыя і творча перапрацаваныя імі народныя і сярэднявечныя песні набываюць сучаснае гучанне.

Вядома, людзі, апантаныя гэтай творчасцю, з хваляваннем чакаюць цікавых зносін. І пад час фестывалю яны, што называецца, адводзяць душу. Пра гэта казаў мне малады беларускі навуковец Аляксандр Сурба, для якога выступ у канферэнцыі з дакладам з’явіўся своеасаблівай апрабацыяй ужо падрыхтаванай да абароны дысертацыі. Сурба, пераймаючы вопыт вырабу дудаў у Алеся Лася, сам стаў выдатным майстрам.

У канцэрце “Дударскага фэсту-2015” прынялі ўдзел беларускія ансамблі, у склад якіх уваходзіць дуда. Гэта — “Lity Taler”, “Стары Ольса”, “Pawa”. Спецыяльныя госці фестывалю — Аксана і Андрэй Мароз, адзіныя беларусы, якія граюць на шатландскіх дудах. Сваім выступам яны адкрылі канцэртную частку. “Адкуль жа ў вас цікавасць да гэтага інструмента?” — такое пытанне я задала Андрэю. Ён распавёў, што некаторы час, калі яшчэ не быў жанаты, жыў і працаваў у Новай Зеландыі. Там існуе вялікая шатландская дыяспара. Вось тады мой суразмоўца пачаў асвойваць ігру на тамтэйшай дудзе, а калі вярнуўся на Радзіму і ажаніўся, стаў навучаць і сваю жонку.

Разам з ансамблем “Lity Taler” выступіў танцавальны калектыў “Фламея”, які спачатку даў майстар-клас, паказаўшы гледачам розныя рухі, а затым сапраўды завёў іх для танцаў без перапынку. І гэтыя танцы працягваліся ўвесь канцэрт. Пад музыку “Lity Taler” выступаў таксама тэатр “Вір”. Артысты, што танчылі на хадулях, прадэманстравалі спрыт і выдатнае валоданне магчымасцямі цела.

Упрыгожаннем канцэрта стала выступленне “Капэлы дудароў велікапольскіх”: артысты ўпершыню прыехалі ў Беларусь з Сценшава, што ля Познані. Ансамбль існуе з 1945 года і склад яго за гэтыя гады неаднойчы змяняўся. Цяпер гэта трыа, у якім граюць маладыя Пётр Гарэцкі (дуда) і Павел Завадскі (скрыпка), а з імі і іх настаўнік Рамуальд Ендрашак (таксама дуда). Гэты масціты музыкант навучае ігры на інструменце ў пяці польскіх цэнтрах, прычым усе яго вучні граюць без нот: непасрэдна пад час ігры ідзе жывая перадача вопыту і выканальніцкіх традыцый. Урэшце, як распавялі польскія музыканты, у музычных школах іх краіны ігры на дудзе навучаюць і па нотах.

На фэсце беларускія дудары паказалі, што дуда не толькі не загінула, але і актыўна развіваецца. Выдатна, што сярод дудароў шмат маладых выканаўцаў. Значыць, традыцыя ігры на гэтым музычным інструменце працягваецца. Дарэчы, гэтым днём у школах прагучаў апошні званок, і некаторыя выпускнікі зрабілі сабе незабыўны падарунак, пабываўшы на фестывалі і ўзяўшы ўдзел у запальных скоках.

Элеанора СКУРАТАВА, музыказнаўца