Сустрэцца з казой і адшукаць "...дзевачак"

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

У Ельскім раёне адбыўся семінар клубных работнікаў “Этнатурызм як рэсурс культурнай ідэнтыфікацыі рэгіёна”. Гаворка ішла пра развіццё і прасоўванне культурных праграм на турмаршрутах Ельшчыны.

У Ельскім раёне адбыўся семінар клубных работнікаў “Этнатурызм як рэсурс культурнай ідэнтыфікацыі рэгіёна”. Гаворка ішла пра развіццё і прасоўванне культурных праграм на турмаршрутах Ельшчыны.

Работа ў гэтым напрамку пачалася яшчэ некалькі гадоў таму. Спачатку перад цэнтрам была пастаўлена задача дапамагчы культработнікам распрацаваць індывідуальныя культурныя этнатурыстычныя праграмы для тых клубных устаноў, якія маюць магчымасць укаранення і выкарыстання іх на практыцы. З гэтай мэтай быў праведзены навучальны семінар-практыкум “Складанне культурных анімацыйных праграм на лакальным узроўні”.

Падрыхтавалі мультымедыйную прэзентацыю “Анімацыя ў турызме” на прыкладзе вядучых аніматараў турыстычных агенцтваў, вывучылі і прааналізавалі іх вопыт у дадзеным накірунку, арганізавалі дыскусію па абмену думкамі, прапанавалі дзелавую гульню. У час апошняй клубным работнікам трэба было размеркавацца па групах, якім рэкамендавалі па пэўнай схеме распрацаваць прымальную для іх праграму, у выніку раённай метадычнай службай былі створаны праграмы некалькім клубным установам.

Пасля праехалі па кожным маршруце, заснаваным на мясцовым матэрыяле. Удалымі аказаліся распрацоўкі Старавысокаўскага і Качышчанскага цэнтраў культуры і вольнага часу, якія ўключаны ў Ельскі турыстычны маршрут “Палескія таленты”.

У аграгарадку “Старавысокае” сумесна з гаспадарамі гасцей сустрэла... жывая каза, якая сімвалізуе ўрадлівасць і дабрабыт. У праграме “Старасёлскія забабоны” можна пазнаёміцца з побытам продкаў, з выстаўкай вырабаў народных майстроў аграгарадка, паслухаць мясцовыя легенды і паданні, ды паўдзельнічаць у майстар-класах па народных рамёствах і народных побытавых танцах “Старавысакоўскія выдрыганцы”, сустрэцца з носьбітамі аўтэнтычнага песеннага і танцавальнага фальклору. Тут можна таксама набыць сувенірную прадукцыю, мёд, лекавыя зёлкі.

Вялікай папулярнасцю ў Гомельскай вобласці карыстаецца рэгіянальны фестываль гарманістаў палескага краю “Грай, гармонік”. У Ельскім раёне амаль ва ўсіх клубных установах ёсць пакоі або куткі сялянскага быту, у цэнтральнай бібліятэцы дзейнічае кампазіцыя “Ельскі фартушок”, якая была сабрана з выселеных вёсак.

Інфармацыйна-метадычны матэрыял аб паслугах па турыстычным і экскурсійным абслугоўванні размешчаны на сайце Ельскага райвыканкама, ідзе сумесная праца клубных устаноў, раённай метадычнай службы з аграсядзібамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі, а таксама з пашпартным сталом Ельскага РАУС.

А ў Жыткавіцкім гарадскім цэнтры культуры адбыўся семінар культработнікаў вобласці, які арганізавалі і правялі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і Абласны цэнтр народнай творчасці.

Удзельнікі семінара разгледзелі стан элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія знаходзяцца на тэрыторыі Гомельскай вобласці і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Сярод такіх элементаў — “Ваджэнне і пахаванне стралы” вёскі Казацкія Балсуны Веткаўскага, “Юраўскі карагод” вёскі Пагост Жыткавіцкага, мясцовыя песенныя стылі выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых твораў аўтэнтычнымі фальклорнымі калектывамі вёсак Казлы Ельскага і “Палескія напевы” з Новага Палесся Лельчыцкага раёнаў. Ёсць і элементы, якія прэтэндуюць на такі статус: спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці-Сцвігі аграгадка “Рычоў” Жыткавіцкага, абрад “Провады русалкі” вёскі Вялікі Бор Хойніцкага і традыцыя пакланення каменным крыжам “Каменныя дзевачкі” вёсак Данілевічы і Баравое Лельчыцкага 
раёнаў.

Усе выступоўцы звярнулі ўвагу на захаванне і папулярызацыю элементаў, падтрымку носьбітаў. Навучэнцы старэйшых класаў Вялікаборскай сярэдняй школы Хойніцкага раёна развучваюць русальныя песні і самі прымаюць удзел у старажытным абрадзе “Провады русалкі” як транслятары фальклорна-абрадавай традыцыі. Пры Свяцілавіцкім цэнтры культуры і вольнага часу Веткаўскага раёна дзейнічае ўзорны фальклорны калектыў “Задорынка”, удзельніцы якога вывучаюць і пераймаюць манеру спеваў у носьбітаў песенных традыцый вёскі Казацкія Балсуны і на працягу апошніх пяці гадоў з’яўляюцца ўдзельнікамі правядзення абраду “Ваджэнне і пахаванне стралы”, на які з’язджаюцца жыхары суседніх пасёлкаў і вёсак, аграгарадкоў "Вялікія Нямкі" і "Свяцілавічы".

Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці