Зазірнулі ў “Port Mone”

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

Трое пра трох: пра канцэртную версію "Альбома года"
Май музычны прайшоў пад знакам і гэтага незвычайнага канцэрта. Гаворка пра выступленне беларускага інструментальнага трыа "Port Mone" ў сталічнай Канцэртнай зале "Верхні горад". Паколькі ў культурнай прасторы названы ансамбль стаў аб'ектам павышанай увагі, мы вырашылі прысвяціць сённяшні выхад рубрыкі "Дэтальны разгляд" названай падзеі. Да ўсяго, музыканты прыцягнулі ўвагу цягам апошняга паўгоддзя неаднойчы. Пра гэта — у рэцэнзіях нашых аўтараў.

/i/content/pi/cult/536/11656/7-1.jpg

Запіс альбома "Thou" трыа зрабіла ў лесе. / Фота прадастаўлена гутром

Паветраная музыка

/i/content/pi/cult/536/11656/7-3.jpgПарадаксальная рэч: пры ўсім тым, што ў краіне хапае адораных, годна падрыхтаваных музыкантаў, амаль абсалютная большасць калектываў папулярнай музыкі ўяўляе з сябе больш-менш удалыя копіі сваіх заходніх калег. У такой сітуацыі прыходзіш да несуцяшальнай высновы адносна таго, чаму айчынныя групы не ў стане скласці канкурэнцыю на хоць бы еўрапейскім музычным рынку. Бо найбольш істотнае, што адсутнічае ў іх творчасці, — гэта арыгінальная, дакладна вызначаная і дасканала ўвасобленая аўтарская ідэя. Тое, што безумоўна прысутнічае ў творчасці трыа “Port Mone”.

Група гэта ўтварылася 10 гадоў таму як квартэт, у якім лідзіруючымі інструментамі выступалі акардэон і флейта. Аднак хутка флейтыст пакінуў калектыў, і “Port Mone” пачалі намацваць уласную музычную стылістыку. На цяперашні час іх музыку немагчыма паставіць на нейкую адну палічку, прымацаваць да яе нейкі адназначны цэтлік. Ужо хоць бы таму, што ў выніку спалучэння многіх складнікаў удзельнікі калектыву вынайшлі ўласную музычную мову, з дапамогай якой яны вядуць шчырую, пранікнёную гаворку са сваімі слухачамі. У музыцы “Port Mone” можна пачуць і элементы этнікі, і безумоўныя ўплывы world-м’юзік, і элементы імправізацыі, характэрныя для інструментальнага джаза. Дарэчы, дзякуючы прысутнасці апошняга “Port Mone” выступілі ўжо на шэрагу менавіта джазавых фестываляў, хоць, канешне ж, да прадстаўнікоў джазавага цэху адназначна іх аднесці немагчыма. Бясспрэчна адно: выканальніцкі ўзровень музыкантаў і індывідуальнасць творчага выказвання калектыву як аднаго цэлага плюс, я б сказаў, універсальнасць іх музыкі дазваляюць “Port Mone” пераканаўча прысутнічаць на сцэнах самых розных фестываляў, галоўная мэта якіх паказаць творчасць ансамбляў вельмі высокага мастацкага ўзроўню.

Я асабіста не распытваў музыкантаў адносна таго, што яны імкнуцца закладаць ва ўласную творчасць і якім чынам прыйшлі менавіта да такой стылістыкі. Яно, магчыма, і не надта патрэбна. Куды больш істотна тое, што музыка “Port Mone” безумоўна надзвычай актыўна і паспяхова ўплывае на свядомасць і эмоцыі слухачоў. Бо яна вельмі маляўнічая, вобразная і цалкам паспяхова можа быць выкарыстана, скажам, для патрэб кінематографа. І не толькі: “Port Mone” ўжо суправаджалі спектаклі айчыннай трупы “Skvo’s Dance Company”. Музыканты адкрытыя і для іншых эксперыментаў. Дастаткова згадаць сумесны запіс праграмы і гастрольныя туры з украінскім фольк-гуртом “ДахаБраха”. Лідар трыа акардэаніст Аляксей Варсоба паўдзельнічаў у студыйным праекце “New Image Orkestra” разам з Андрэем Жукавым (запіс, электронныя эфекты) і Ірэнай Катвіцкай (вакал). Неўзабаве ён жа прадставіць новую праграму з Ірэнай...

Вось назваў Аляксея лідарам трыо і раптам задумаўся: а ці дакладна гэта? Бадай што не. Бо ў калектывах падобнай інтэграцыі і арганізацыі відавочных лідараў, відаць, не бывае. Хоць бы таму, што тут няма такой завядзёнкі, калі ўвесь калектыў працуе на нейкага аднаго выканаўцу. “Port Mone” дэманструе менавіта такое ўзаемадзеянне, якое ўласцівае найперш для джазавай музыкі, дзе ўсе ўдзельнікі калектыву працуюць адзін на аднаго. Пры гэтым кожны з трох можа альбо падтрымліваць рытмічную арганізаванасць той ці іншай п’есы, альбо саліраваць у ёй, не зважаючы, ці здольны на тое інструмент. Вось і атрымліваецца, што бас-гітара Аляксея Ванчука пры некаторым ужыванні апрацоўкі гуку часам проста вядзе рэй на фоне сціплай падтрымкі акардэона, а філасофская перкусія Сяргея Краўчанкі можа смела саліраваць у той момант, калі ягоныя калегі проста слухаюць тое, што яму неабходна выказаць. Музыканты ўмела аперыруюць тэмпамі, тэмбрамі, здольныя ствараць як ледзь не рокавай энергетыкі п’есы, так і празрыстыя, акварэльныя эцюды, якія бязважка плывуць недзе пад столлю канцэртных залаў.

Падпісаная нядаўна дамова “Port Mone” з аўтарытэтным канцэртным агенцтвам “Charmenko” выводзіць нашых музыкантаў на прынцыпова новы ўзровень іх творчасці. Раней яны самі шукалі магчымасць паказацца на сцэнах розных краін. Цяпер іх справамі прафесійна будуць займацца адмыслоўцы ў гэтай галіне, а музыкантам “Port Mone” застаецца адно і самае неабходнае: ствараць надалей тую сваю музыку, якая безумоўна ўражвае і запамінаецца.

Дзмітрый ПАДБЯРЭЗСКІ

 

Проста музыка

/i/content/pi/cult/536/11656/4-11.jpgГурт “Port Mone” амаль не падуладны класіфікацыі. Нават на фоне іншых праектаў “абоймы Папы Бо”, якія арганічна ды вынаходліва спалучаюць усё, што заўгодна (рок, джаз, кабарэ, дыска…), стварыўшы тым самым на постсавецкай прасторы ўстойлівы вобраз сучаснай беларускай музыкі, гэта трыа выглядае неяк адасоблена.

Падобна на тое, што гурт наўмысна адмаўляецца ад усіх вербальных канцэптаў і прывязак да тых ці іншых сэнсавых кантэкстаў. Назвы кампазіцый — падкрэслена лаканічныя, і ніякіх тлумачэнняў музыканты не даюць. Шоу? Адсутнічае як такое. Імідж? Які імідж? Цягам мінскага канцэрту лідар “Port Mone” Аляксей Варсоба прамовіў хіба некалькі слоў, і было гэта нешта кшталту “Дзякуй вялікі!”. Гурт грае музыку ні пра што — проста музыка як цалкам самадастатковая стыхія. І сваім талентам ён даводзіць, што “проста музыка” не толькі мае права на існаванне — яна здольная ўзрушваць да глыбіні душы.

Феномен “Port Mone” патлумачыць няпроста — асабліва ў наш час, калі “безыдэйная” інструментальная музыка падаецца нечым анахранічным. Тым больш, удзельнікаў гурта наўрад ці можна назваць віртуозамі: яны “бяруць” зусім не выкшталцонай тэхнікай. Урэшце, і творчасць “Port Mone” не вызначаецца асаблівай складанасцю. Атмасферная, аструктурная, прасякнутая непадуладнымі вытлумачэнню эмоцыямі, яна патрабуе таго, ад чаго публіку паспяхова адвучваюць вытворцы фонавых гукаў — услухоўвання.

Пазбаўлены і намёку на шоу канцэрт стаў чарадзейным досведам паўстання гэтай музыкі ў рэальным часе. Літаральна кожны з удзельнікаў гурта навучыўся сапраўды “прамаўляць” сваім інструментам — хай гэта будуць бас-гітара альбо перкусія. Творы з апошняга альбому “Thou”, які спарадзіў дзясяткі станоўчых рэцэнзій па ўсім свеце, кажуць, запісваліся непасрэдна ў лесе. Але цяпер яны гучалі пад гатычнымі скляпеннямі “свецкага храма”.

Папярэдні, леташні сольнік трыа ў Мінску адбыўся на трыбунах стадыёна “Трактар”, дзе абсталявана імправізаваная тэраса “ды-джэй-бару”. Музыкі прагучалі нават у такім даволі “прыстасаваным” месцы але… яны ўжо тады марылі сыграць у культавым будынку. Выбіраць асабліва не даводзілася — выступы “Port Mone” здаваліся справай, з камерцыйнага пункту гледжання сумнеўнай, нягледзячы нават на стабільны поспех гурта за мяжой. Колькасць слухачоў на тэрасе вымяралася дзясяткамі.

І вось, праз год гэтая мара ўвасобілася. Канцэртная зала “Верхні горад”, якая з’яўляецца архітэктурнай рэплікай знакамітай Свята-Духавай царквы — пэўна, найлепшае месца для правядзення такіх імпрэз. Квіткі каштавалі нятанна, але вольных месцаў не было — нават пыталіся ля ўваходу лішні.

І тут варта прыгадаць кароткую гісторыю канцэрта. Паколькі адмоўны ўплыў мас-медыя на фармаванне музычных густаў публікі наўрад ці хто будзе адмаўляць, кожны адваротны прыклад вымагае асаблівай увагі. І аншлагавы канцэрт зусім “нефарматнага” калектыву — акурат той выпадак.

Нечакана для ўсіх, “Port Mone” стаў абсалютным фаварытам бадай самай кваліфікаванай і выразнай музычнай прэміі Беларусі, якую ўручае партал “Experty.by” па меркаванні тых самых экспертаў — крытыкаў і журналістаў (зразумела ж, зусім не ананімных, як гэта часам здараецца ў Сеціве). І вось, аўтарытэтнае журы адсунула ў бок ключавыя фігуры айчыннага рок- і поп-майнстрыму, якія збіраюць ледзьве не стадыёны, аддаўшы перавагу тым, пра існаванне каго “паспаліты люд” нават і не здагадваўся: маладому гурту “TonqiXod”, які адрадзіў зусім, здавалася б, атавістычны арт-рок, і нашым героям.

Сам факт ужо варты ўвагі — без сумневу, экспертная і медыйная супольнасць павінна быць свайго кшталту амартызатарам паміж мастацтвам і бязлітасным рынкам. Але адным узнагароджваннем справа не скончылася. Матэрыяльны складнік прэміі роўны нулю, аднак пераможцу абяцаюць інфармацыйную падтрымку канцэрта. Слова было стрымана: хвалю ўдалося ўзняць… І як вынік — поўная зала. Вельмі прыемна, калі добрыя канцэрты яшчэ і запатрабаваныя — што, на жаль, здараецца ў нас далёка не заўсёды.

Ілья СВІРЫН

Музыка “з лесу”

/i/content/pi/cult/536/11656/7-2.jpgКанцэрт “Port Mone” ў зале “Верхні горад” стаўся знакавай падзеяй культурнага жыцця сталіцы. Бо колькі ні выпускалася б запісаў (а новы кампакт “Thou” гэтага гурта, на думку некаторых крытыкаў, стаўся альбомам года), жывое выкананне заўсёды надае ўспрыманню адценне творчага адкрыцця.

Раптам заззяла новымі гранямі сама назва гурта. Сапраўды, у словазлучэнні “Port Mone” так і хочацца пачуць не толькі згадкі пра грошы, пакладзеныя ў кішэню ці, з інтэлігентнай вытанчанасцю, у “партманэ”, але і прозвішчы двух знакамітых мастакоў-імпрэсіяністаў — Клода Манэ і Эдуарда Манэ. Ну і хай у французскім арыгінале яны пішуцца зусім іначай! У рускамоўнай версіі гульня слоў скіроўвае нас да Клода. Але па-беларуску, калі абодва пішуцца праз “а”, мастакі быццам “ўраўнаважваюцца”, бо на першы план выступаюць не адрозныя рысы іх творчасці, а тое, што іх злучае — імпрэсіянізм. Першая ж частка назвы — Port — так і вядзе да караблёў, рамантычных ветразяў і, галоўнае, да разумення гэтага слова як прыстанішча, дзе можна адпачыць пасля бураў-ураганаў. Так што назву гэтага інструментальнага трыа мы і раней падсвядома “перакладалі” як гэткі “адпачынак з імпрэсіянізмам” (на што, пэўна, разлічвалі і самі музыканты). Але на гэты раз шляхі ў бок выяўленчага мастацтва вялі, як ні дзіўна, акурат да Казіміра Малевіча з яго супрэматызмам.

Паралелі ўзнікалі невыпадкова, бо ў музыцы “Port Mone” дасягнута штосьці аналагічнае! У аснове — усё тыя ж найпростыя “цаглінкі”, толькі замест колераў — музычныя тэмбры. А замест геаметрычных фігур — самыя простыя, ледзь не збітыя інтанацыі: ходы на секунду, тэрцыю, па гуках трохгучча. І іх пастаянныя паўторы з мінімальнымі зменамі, якія і забяспечваюць развіццё. Потым — змена “карцінкі”. І такі ж прынцып далейшага разгорту.

Мінімалізм? Так. Але са сваімі асаблівасцямі. Выкарыстанне гэтай тэхнікі не надакучвае — за кошт удалай змены рытмічных фігур і цікавай тэмбравай драматургіі. Кожны інструмент выступае ў некалькіх функцыях, быццам замяняючы яшчэ некалькі. Акардэон (Аляксей Варсоба) можа замяняць і арган і духавыя. Бас-гітара (Аляксей Ванчук) — быць і ўласна струнным, і ўдарным інструментам. Адзін і той жа бонг (Сяргей Краўчанка) з безліччу рытмаформул і “напаўінтанавання” — “трансфармавацца” ў самыя розныя ўдарныя, ад эстрадных да акадэмічных і народных.

Замест віртуознасці, адкрыта скіраванай на гледача (маўляў, глядзіце, як я ўмею!), якая звычайна спалучаецца з элементамі спаборніцтва, канцэртавання, прыёмамі інструментальнага тэатра, “Port Mone” выводзіць на першы план пачуццё ансамбля — больш дакладна, дзівосную гармонію паміж інструментамі і выканаўцамі. Акардэон, да прыкладу, можа цягнуць ды цягнуць адзін гук, а корпус гітары — быць своеасаблівым рэзанатарам, выклікаючы нечаканыя, не ўласцівыя самому акардэону абертоны.

Творчасць гурта, як і яго “назва-шыльдачка”, пабудавана на разнастайных асацыятыўных шэрагах. Але пры ўсіх гэтых “адгалінаваннях”, што вядуць у розныя бакі, новы альбом “Port Mone”, як і яго творчасць увогуле, застаюцца вельмі цэласным. І скіраваным на разбурэнне межаў між сцэнай і залай (невыпадкова “Thou” можа перакладацца як “твае”…).

Струмень музіцыравання не прыпыняўся каментарыямі, аб’яўкамі ды іншымі “знакамі” непасрэднага звароту да публікі. Гурт граў быццам папраўдзе “ў лесе” (дзе і запісваўся, паводле анонсаў, альбом “Thou”) — на фоне шырмы, якая была і тэатральным “заднікам” з выявай лесу, і сродкам паляпшэння акустыкі, вымушаючы гук наўпрост ісці ў залу, а не “распыляючы” яго ў глыбіні сцэны. Такая “дэкарацыя” паслужыла нават сапраўднай шырмай лялечнага тэатра — незапланаванага. У фінале адзін з карэспандэнтаў вырашыў зрабіць здымак зверху, і над шырмай з’явіліся рукі з фотаапаратам — бы “зайчык” ці нейкі іншы персанаж лялечнага тэатра. Чым не ідэя? Можа, і падхопіць яе хтосьці з кампазітараў?..

Надзея БУНЦЭВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"