Воля. Вікторыі. Аляксандра

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

Чэмпіёнка пра культуру і пра тое, як дбаць пра станоўчы імідж Беларусі за мяжой
Аляксандра ГЕРАСІМЕНЯ, двухразовая ўладальніца сярэбраных медалёў Алімпіяды ў Лондане, чэмпіёнка свету і Еўропы па плаванні, працягвае здзіўляць не толькі ў спорце. Яна таксама актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю, дапамагае юным спартсменам. Ды не толькі. Яе цікавяць культура, гісторыя, мова, літаратура, мастацтва Беларусі. І Аляксандра імкнецца зрабіць уласны ўнёсак у развіццё айчыннай культуры, прысвячаючы гэтай ідэі новыя праекты. Апошняя на сёння рэалізаваная задума — фэст “Мова Cup”.

/i/content/pi/cult/536/11654/6-1.jpg— У спорце існуе свая культура, — адразу заўважае на пачатку гутаркі Аляксандра. — Так і на дарозе маюцца правілы руху, у іншых сферах ёсць непарушныя пастулаты. І калі кожны чалавек будзе прытрымлівацца пэўных правілаў, — то бок культуры ўласнай прафесіі, можна пазбегнуць памылак.

— Але апроч спорту высокіх дасягненняў вы займаецеся яшчэ дзіцячымі, культурнымі праектамі...

— Гаворка, напэўна, пра нацыянальны плавальны праект “Залатая рыбка” і дабрачынны — “Мары здзяйсняюцца”, а таксама аб апошнім фэсце “Мова Cup”. Я сапраўды вельмі хачу, каб у свеце ведалі і любілі Беларусь ды мой народ. Гэта трэба напрацоўваць, я сказала б — заваёўваць. Прыгожымі дзеямі, прэзентацыямі з адкрытай душой для замежнікаў.

Што да першых двух праектаў, то яны пачаліся, калі да мяне звярнуліся энтузіясты з прапановай наладзіць разам правядзенне дзіцячых спаборніцтваў. Я падтрымала ідэю, паколькі лічу яе важнай. Не ўсе дзеці, якія бяруць удзел у спаборніцтвах, стануць алімпійскімі чэмпіёнамі. Але праз падобныя нашым праекты малеча атрымлівае магчымасць паказаць сябе, у юным узросце выявіць волю да перамогі. Магчыма, у будучыні тое дапаможа ім дамагчыся чагосьці вялікага ў сваёй сферы дзейнасці.

Фэст “Мова Cup” стартаваў у мінулым верасні ў Цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы ў Мінску. Тыя, хто зацікавіўся праектам, мелі магчымасць паспрабаваць сябе ў турнірах па шасці відах спорту. Прычым у гэты дзень усе размаўлялі на роднай мове! І сёлетні фэст “Мова Cup” мяркуецца правесці таксама ўвосень.

— Не ўсе спартсмены настолькі актыўныя ў сферы культуры…

— У праекце культурнай скіраванасці я і мае аднадумцы імкнёмся спалучыць спорт і любоў да роднай мовы, культурных каштоўнасцей. Спартсмены, у першую чаргу, — носьбіты актыўных дзей. І нам хочацца, каб гэты і духоўны складнікі супалі. У такім яднанні бачу праяву грамадзянскасці асобы. Калі ты маеш стасункі з вялікай колькасцю людзей, не толькі са спартыўным колам, дык больш маштабна разумееш тыя праблемы, што хвалююць грамаду. І ты немінуча судакранаешся з гісторыяй, культурай, мовай, традыцыямі. Дарэчы, мэта спартыўна-культурнага праекта — стварыць фармат, які дапаможа вырвацца з палону стэрэатыпных уяўленняў, разбурыць старыя сцены, вобразна кажучы.

— На што, у такім разе, насамрэч здольная культура?

— Культура ўплывае на чалавека не фізічна, а маральна. Калі ж ты грамадскі чалавек — пакажы добры прыклад. Ты павінен быць культурным, маральным, бо на цябе глядзіць, арыентуецца пэўная колькасць людзей. Спартсмен, да ўсяго, яшчэ і дыпламат: мы часцяком маем зносіны з прадстаўнікамі іншых дзяржаў, і па нас мяркуюць пра краіну. Таму ты павінен прадстаўляць радзіму годна і адпаведна выглядаць. Не толькі, скажам, на воднай дарожцы ці на футбольным полі, але і ўсюды, дзе бываеш: на прыёмах, на прэс-канферэнцыях і гэтак далей. Як правіла, пры такіх стасунках пытаюцца пра мову, просяць штосьці сказаць па-беларуску, цікавяцца нашай гісторыяй, традыцыямі, кухняй. Я адказваю на такія пытанні з веданнем таго, пра што ідзе гаворка, бо ўсведамляю, што маю адказнасць годна прадстаўляць сваю Беларусь.

— Аляксандра, а як вы лічыце, у чым вытокі вашай цікавасці да беларускага?

— Напэўна пасля дзіцячых вандровак усёй сям’ёй да дзядулі і бабулі ў вёску з прыгожай назвай Любча (Ганцавіччына) і выявіўся інтарэс да сваіх каранёў, да народных традыцый. Карацей, тое з маленства вызначылася. Мяне, дарэчы, ужо тады цікавіла, адкуль пайшло маё прозвішча, хто мае продкі. Як я высветліла, Герасіменя — прозвішча беларускае. А тады пачала вывучаць гісторыю, культуру сваёй краіны. Разам з тым, з дзяцінства любіла ваду — азёры, рэчкі. У той жа вёсцы дзецям хацелася купацца, а дзядуля казаў: “Купацца нельга! Усё! Кропка!”. Я запыталася: “А ножкі памачыць можна?”. “Ножкі можна”, — пагадзіўся дзядуля. Я пабегла на рэчку, мачу ногі, як дамаўляліся, раптам спатыкаюся — і па пояс у вадзе... Дзядуля, пагледзеўшы на мой піруэт, прамовіў: “Ай, ідзіце ўжо плавайце ўсе!”.

— Дарэчы, а як вы сталі спартсменкай?

— Відаць, наканаванне. У дзяцінстве мяне не пускалі на водную горку (хаця старэйшай сястры дазвалялі), бо я праходзіла праз надзіманы круг, не затрымліваючыся ў ім: такая “тонкая” была. І бацькі з гэтай нагоды асцерагаліся: дзіця ж не ўмее трымацца на вадзе. Ужо значна пазней мне патэлефанаваў школьны сябар і прапанаваў пайсці ў басейн. А там набіралі дзяцей у секцыю. Я вырашыла запісацца. Гэтак, з другога класа, я і далучылася да плавання, да спорту наогул: у нас быў такі прадмет у школе. Не магу сказаць, што плаваць на той момант магла надта добра — хутчэй, трымалася на вадзе.

Паколькі ў мяне спартыўная сям’я (як кажуць, “тата, мама, я”), то калі мне было паўтара года, тата спрабаваў вызначыць мае здольнасці: рабіў замеры па скачках у даўжыню, бегу, мы ў ванне затрымкі дыхання практыкавалі. Відаць, каб не пачала займацца плаваннем, мяне прыцягнулі б да заняткаў лёгкай атлетыкай. Ну а з фізкультурай, са спортам я знаёмая з самага ранняга дзяцінства.

— А каб не сталі яркай асобай у спорце, чым маглі б займацца? Падаецца, у культуры дакладна знайшлі б сябе…

— Я, дарэчы, наведвала шмат розных гурткоў: маляванне, выпальванне, танцы... Але наўрад ці стала б мастачкай: у мяне атрымліваецца нядрэнна змалёўваць нешта, але самой прыдумляць — складана. Цягам пяці гадоў заняткаў бальнымі танцамі я задавальняла прагу рабіць нешта энергічнае, мне патрэбен быў рух, перамяшчэнне, стасункі. І, дарэчы, калі скончыла клас танца, нават засумавала: яшчэ нейкі час танчыла пад музыку дома перад люстэркам. Таксама захаплялася і мантажом фільмаў на камп’ютары, рабіла міні-замалёўкі, фатаграфавала. Але і гэта мінула. Увогуле, я хутка "астываю", пачынаю нешта новае рабіць.

— Але ж плаванне не надакучыла...

— Я адносна позна прыйшла ў спорт — у дзесяць з паловай, а равеснікі ў секцыі ўжо год займаліся. Першы час даводзілася, шчыра кажучы, няпроста, хаця ў мяне нібыта ўсё атрымлівалася. Але ўменне паступова прыходзіла, няхай і не так хутка, як хацелася б. Самым крыўдным было тое, што на спаборніцтвы мяне не бралі, таму што была слабейшай за астатніх. Сяброўка, з’язджаючы на чарговы турнір, мяне тады, па плячы пляскаючы, падбадзёрвала: “Нічога, Саша, не хвалюйся, ты таксама калі-небудзь паедзеш!”. Я сабе пасля казала: “Я таксама хачу! Я паеду на спаборніцтвы!”. І натуральным чынам вынік дасягаўся. Мне падабалася тое, чым займаюся. Калі пасля трэніровак моцна стамлялася, сама сабе прамаўляла: “Сёння ты зрабіла ўсё, што магла!”. І стомленасць станавілася пасля больш прыемная: усведамляла, што выклалася “на ўсе сто”.

— У плаванні спартсмены пераадольваюць вялікія нагрузкі…

— І яны ўзрасталі па меры таго, як мы сталелі. Плаванне вельмі рознабаковы від спорту, дзе задзейнічаны ўсе групы цягліц — ад макаўкі да кончыкаў пальцаў ног. Адпаведна, ён гарманічна развівае чалавека. Усім рэкамендую займацца плаваннем нават не як спортам, а як самай аптымальнай фізкультурай, загартоўкай, добрай ранішняй зарадкай або вячэрняй разгрузкай: вада забірае негатыў, дапамагае памедытаваць. А таксама плаванне — занятак для тых, хто мае нейкія амбіцыі, жаданні.

— А калі ўдзельнічаеце ў спаборніцтвах, што адчуваеце?

— Для мяне ўсе спаборніцтвы — гэта барацьба. Я на кожным імкнуся паказаць свой максімальна лепшы вынік. Калі няма моцных супернікаў, гэта рабіць больш цяжка, таму што змагаешся сам з сабой. Выступаючы на міжнародным турніры, на чэмпіянаце свету, калі я разумею, што за мной сочаць суайчыннікі, хварэюць за мяне і, адпаведна, за краіну, усведамляю вялікую адказнасць. Мяне грэе гэта пачуццё. І не хочацца "падкачаць". У гэты момант ты гатовы паказаць максімальны вынік. Я ўсведамляю, як шмат людзей за спінай — адчуваю тое, — і гэта надае мне сіл.

Наталія БАДЗІЛОЎСКАЯ

Фота ont.by