Шчырасць, самавітасць, пошук?

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

У залах сталічнай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” працуе сёмая па ліку Рэспубліканская выстаўка студэнцкай творчасці “Арт-акадэмія”. Паводле задумы арганізатараў, кожная з экспазіцый мусіла мець свой эмацыйны код, прадстаўлены адным з элементаў колеравага спектра, якому надаецца сімвалічны сэнс. Дэвіз гэтай выстаўкі — “Фіялетавы. Спакуса незвычайнасцю”.

/i/content/pi/cult/536/11653/8-3.jpgУрэшце, я не сказаў бы, што фіялетавы з адценнямі на выстаўцы відавочна пануе, таксама не знайшоў я сярод прадстаўленых работ чагосьці надзвычайнага. Гледач бачыць больш-менш адпаведныя адукацыйнаму працэсу практыкаванні. У некаторых, праўда, адчуваецца памкненне выйсці за межы ўласна навучальнай задачы, жаданне творчай самарэалізацыі — нават цікава, што з гэтых студэнтаў атрымаецца ў перспектыве.

Агульны ўзровень сведчыць пра тое, што спецыяльныя дысцыпліны ў навучальных установах, задзейнічаных у выставачным праекце, выкладаюцца добра. Калі студэнты адпаведных факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Інстытута сучасных ведаў імя Аляксандра Шырокава, мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава — гэта, у ідэальных варунках, будучыя адмыслоўцы візуальных мастацтваў, дык для астатніх дызайн, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва — дадатак да профільных прадметаў. Ці нават факультатыў. І тое, што яны будучыя інжынеры, канструктары ці выкладчыкі працоўнага навучання някепска будуць валодаць алоўкам і пэндзлем, іншымі творчымі спецыялізацыямі — зусім не лішняе. (Пра гэта, дарэчы, у мінулым нумары “К” слушна разважаў народны мастак Беларусі Май Данцыг.)

Варта адзначыць, што на студэнцкіх выстаўках, падобных да гэтай, усё часцей з’яўляюцца работы маладых грамадзян Кітайскай Народнай Рэспублікі, што вучацца ў Беларусі. Ёсць яны і тут. Асабіста мяне ўражвае тое, як хутка кітайцы адаптуюцца да нашай культурнай рэчаіснасці, засвойваючы мастацкую школу. Іх работы, за выключэннем тых выпадкаў, калі прасочваецца свядомы зварот да родных ім матываў (гэта звычайна робіцца ў дыпломнай рабоце), стылёва не адрозніваюцца ад таго, што робяць іх аднакурснікі-беларусы.

Як тэндэнцыя ў экспазіцыі звяртае на сябе ўвагу малая колькасць сюжэтнага і партрэтнага жывапісу. Дамінуе краявід і нацюрморт. З палотнаў знікае псіхалагізм і сацыяльнасць. А сам жывапіс становіцца ўсё больш дэкаратыўным. Гэта не выпадкова. Такая трансфармацыя абумоўлена многімі чыннікамі і не ў апошнюю чаргу — запытамі мастацкага рынку.

Бадай найбольш эфектна глядзіцца той раздзел, дзе прадстаўлена дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і дызайн. Ён вабіць пэўнай гарманічнасцю, адпаведнасцю пастаўленых задач і сродкаў рэалізацыі. Хаця, беручы да ўвагі выразны патэнцыял дызайну і дэкаратыўнага мастацтва, а таксама спажывецкую зацікаўленасць у прыгожых рэчах самага рознага кшталту, можна было б і пашырыць выяўленчы шэраг, не абмяжоўвацца звыклымі абстрактнымі і расліннымі матывамі.

Тыя веды і навыкі, якія прыдбаеш у час навучання, як правіла, застаюцца на ўсё жыццё падмуркам творчасці. Калі пасля атрымання дыплома пачынаецца проза жыцця з клопатамі пра хлеб надзённы, дык будзе ўжо не да эксперыментаў і пошукаў... Так што тым, хто абраў прафесію мастака ці працу “ля мастацтва”, трэба, пакуль гэтаму спрыяюць абставіны, браць у прафесійным сэнсе ад студэнцкіх гадоў як мага больш. Даю гэтую параду, зыходзячы з уласнага жыццёвага досведу…

Яшчэ мне на выстаўцы падумалася, што на ВНУ і сярэднія спецыяльныя ўстановы, дзе прысутнічае, але не дамінуе мастацкае навучанне, можна перанесці некаторыя функцыі, якія сёння лічацца нібыта замацаванымі за нашай мастацкай акадэміяй і іншымі ВНУ творчага профілю. Усё ж такі даволі складана сумяшчаць класічную мастацкую адукацыю і авангардысцкі досвед, традыцыю і эксперымент, між тым як жыццё прымушае ВНУ да прышчэпак авангарду на класіку. Дык вось, хай бы Акадэмія і вучыла ў асноўным “па старынцы”, даючы студэнту правераныя часам і заўжды актуальныя веды (зрэшты, трапіць у Акадэмію імкнуцца менавіта тыя, хто псіхалагічна скіраваны на грунтоўнасць і акрэсленасць), а навучальныя ўстановы ў рэгіёнах не былі б жорстка прывязанымі да канону і традыцыі. Нездарма ў свой час рэвалюцыю ў мастацтве здзейснілі УНОВИС і BAUHAUS, што месціліся ў правінцыйных Віцебску і Дэсаў, адпаведна, удалечыні ад славутых культурных цэнтраў. Хай і змагаюцца рэгіянальныя культурныя асяродкі за сваё месца пад сонцам, а не капіруюць сталіцу!

Мая думка, канешне ж, спрэчная, але да яе мяне падштурхнула ўбачанае на выстаўцы. Можа, зрэшты, нашы рэгіёны здольныя зрабіць брэндам не толькі захаваныя альбо адроджаныя рамесніцкія традыцыі, але і перспектыўныя мастацкія напрамкі? Да прыкладу: адзін з самых знаных творцаў сучаснага мастацтва Польшчы, беларус Лёнік Тарасевіч жыве не ў Варшаве, а ў правінцыйным мястэчку Валілы. Тут яго карані і, адпаведна, вытокі мастацтва.

Я не буду вылучаць лепшыя работы выстаўкі, бо лепш за мяне тое зрабіла журы 5 чэрвеня. Акрэслена сем намінацый: “Захаванне беларускіх народных традыцый”, “Арыгінальнае раскрыццё тэмы”, “Канцэптуальнасць і творчае рашэнне”, “Дызайн і крэатыўная ідэя”, “Цэласнасць і змястоўнасць вобраза”, “Інавацыйная тэхніка”, “Творчая індывідуальнасць”. Як па мне, дык гэта замнога і занадта мудрагеліста, хоць я і разумею, што арганізатары конкурсу хочуць, каб на іхняй імпрэзе ўсё было “па-даросламу”. Па мне, дык хапіла б трох намінацый, цалкам для наяўнай сітуацыі натуральных: “Шчырасць”, “Самавітасць”, “Пошук”. Бо гэта якраз тое, што ўласціва моладзі паводле вызначэння, і што людзі (у тым ліку і творчыя) часта, на жаль, губляюць ў жыццёвых варунках.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"