Маэстра і яго сад у квецені

№ 23 (1201) 06.06.2015 - 12.06.2015 г

Ігар і Вольга Паліводы: дыялог праз 19 гадоў. Частка ІІІ
З 21 мая ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі працуе выстаўка архіва кампазітара, музыканта Ігара Паліводы. У ёй прадстаўлены яго рукапісы, як нотныя, так і празаічныя творы, фрагменты фантастычнага рамана, дзённіка, фотаздымкі, асабістыя рэчы творцы… Мы ж працягваем друкаваць вытрымкі з віртуальнага дыялогу Ігара Паліводы (праз яго дзённікі, якія ён вёў у 1980-я — 1990-я) і ўдавы кампазітара Вольгі Палівода (праз яе развагі, якімі яна падзялілася з “К”). Гэтым разам фрагмент “дыялогу праз 19 гадоў” будзе прысвечаны бачанню працы аранжыроўшчыка — адной з іпастасей Ігара Паліводы ў музыцы — на прыкладзе перыяду працы музыканта ў ансамблі “Песняры”. І пачнём з агульнай ацэнкі з дзённіка маэстра вартасці работы аранжыроўшчыка для калектыву. Таксама ў гэтай частцы закранаецца тэма ацэнкі Ігарам Ігаравічам вядомага калектыву.

/i/content/pi/cult/536/11649/15-1.jpgШчодрай рукой аранжыроўшчыка

І.П.:Пт.17.6.1983 г.

г. Ленінград

Дурацкі горад з дурацкім кліматам. Ад пастаянных перападаў атмасфернага ціску, тэмпературы башка дурэе, штосьці цісне на яе ці то звонку, ці то знутры. Ноч — не ноч, дзень — не дзень. І настрой, і самаадчуванне змяняюцца як надвор’е — па сто разоў на дзень. Гэта і выліваецца ў запісы, падобныя ўчорашнім…

Але — “што напісана тапаром…”

Суб.18.6.1983 г.

г. Ленінград

Стваральнік сам узяўся за справу — ратаваць “Песню-83”. Сёння будзе рэпетыцыя, будзе высокі тэнар і накіданы буйным штрыхом акампанемент. […]

Чаму можна павучыцца ў Галавы — гэта ўменню ўбачыць у рэчах самую сэрцавіну [...].

Але ў іншых — напрыклад, у Ткачэнкі — процілеглы падыход. Ён пачынае з дробязей, з якіх вырастае часта непрадказальнае. Ніхто ў нас не зрабіў столькі пустой, але па-д’ябальску скрупулёзнай, павучынай працы, колькі ён. Яго тытанічныя работы-павуціны выкідваюцца прэч пасля першых жа рэпетыцый ці некалькіх канцэртных выкананняў для здзіўленай залы. Прыйшла, нарэшце, чарга і Кампазіцыі па Лучанку, якой у дадзеных запісках надзелена столькі месца. Галава, нарэшце, прыйшла да высновы, што “над гэтым трэба яшчэ папрацаваць”. Азначае гэта толькі адно — выкінуць прэч.

А тут яшчэ адзін промах з “Песняй”. Хлопец перажывае, злуецца, а зразумець не можа, чаму ўсе пулі ідуць у “малако”. [...]

Цудоўна ўсё гэта бачачы, Галава спрабуе згладзіць вуглы [...]. Але творы штосьці не лезуць у праграму ні праз якія дзіркі і ні пад якім соўсам. [...] На шчасце, знайшліся прыхільнікі, ёсць з кім памаўчаць за вячэрняй гарбатай.

— Не бывае дрэнных песень, — прамовіў неяк Стваральнік ці то жартам, ці то ўсур’ёз, — бываюць дрэнныя аранжыроўкі”.

В.П.: — Аранжыроўшчыкам Ігар быў першакласным. Валодаў інструментарыем найвышэйшага пілатажу. І тое адчувалася ўжо з ягоных “песняроўскіх” работ. Наколькі знакамітую песню Уладзіміра Мулявіна “Вяртанне” з цыкла “Праз усю вайну” ўпрыгожыў фрагмент вальса, што пры аранжыроўцы ўставіў туды Ігар! А духавы аркестр у пройгрышы гучыць з такой шчымлівай нотай, што песню слухаць без слёз немагчыма. Па гэтай аранжыроўцы, мяркую, можна вучыць моладзь, як з добрай песні зрабіць песню-шэдэўр. А колькі разоў перапрацоўваліся “Калядачкі”, “Касіў Ясь канюшыну”, “Крык птушкі”… Пра ўсё гэта нямала напісана ў дзённіках Ігара.

І.П.:Пан. 20.6.1983 г.

г. Ленінград

Нідзе яшчэ не адчуваў сябе гэтак агідна, як у гэтым мярзотным горадзе. Хочацца альбо як найхутчэй адсюль зматацца, альбо ўтварыць штосьці нядобрае. У галаве носяцца нейкія хуліганскія, бунтарскія думкі. Нават гадзіннік мой, які з самага першага дня служыў узорам дакладнасці і меў пагрэшнасць у 5-6 секунд за месяц, раптам адстаў на цэлых дзесяць хвілін.

Не дзіва, што на досвітку стагоддзя ўсё пачалося менавіта тут!

Тут жа, як ужо было сказана, Стваральнік зноў узяў пяро і развярэдзіў нашы душы, перакраіўшы песню Лучанка “Закасі мае вёсны” на вершы А.Вялюгіна. Працу ён рабіў у звыклай сваёй манеры — буйнымі мазкамі па белым 
палатне.

У суботу была рэпетыцыя з кантрольным рабочым запісам, пасля якога давялося і мне пасядзець ноч над размашыста спісанымі [...] нотнымі лісткамі. [...]

Запіс адбыўся ўчора ранкам у ленінградскім Доме радыё.

Да гэтага дня я меркаваў, што толькі ў нашай рэспубліцы так беражліва ставяцца да вынаходніцтваў дагістарычных інжынераў. Аказалася, што іх падзелкі захаваліся яшчэ і тут, у горадзе на Няве, у выглядзе двух спараных аднадарожачных магнітафонаў у камплекце са здзіўленым гукарэжысёрам.

Інструментал запісалі сяк-так, аднак, усё ж атрымалася нешта, што “прысаліўшы, можна з’есці”.

Але калі за сваю справу прыняліся вакалісты, я кідаўся па апаратнай з такім адчуваннем, якое, верагодна, спазнае чалавек на беразе, што не ўмее плаваць, але бачыць у вадзе адразу чатырох таварышаў, якія тонуць. [...]

Запіс не атрымаўся, і спроба выратаваць “Песню-83” пакуль не ўдалася. [...]”

В.П.: — Палівода шмат рабіў аранжыровак для розных аўтараў, у тым ліку шанаваных і тытулаваных. Аднойчы досыць вядомы кампазітар прынёс з дзясятак песень, дзе мелодыі — падобныя літаральна адна ў адну. Ігару патрабавалася расфарбаваць гэтыя чорна-белыя палотны настолькі, каб з іх атрымаўся сад у квецені. І ён тое зрабіў бліскуча. Па шчырасці, тут можна нават казаць пра сааўтарства, а не толькі пра аранжыроўку. Я не магу нават сказаць, што шматлікія аранжыраванні працавалі на стыль Ігара ў будучым. У яго ставала ідэй, каб дзяліцца імі, а пасля генераваць новыя, непадобныя на папярэднія. Ён нават сам казаў, што нічога не шкадуе. І раздаваў ён са сваёй меры таленту шчодра.

“Песняры” балансуюць…”

В.П.: — Відаць, не стану даваць каментарыі адносна заўважна рэзкіх ацэнак, якія пакінуў у сваіх дзённіках Ігар дзейнасці ансамбля “Песняры”, а таксама некаторым яго ўдзельнікам. Лепш за ўсё пра яго стаўленне сведчаць старонкі запісаў. Дадам толькі, што Палівода заўжды казаў аб сваім стаўленні ў вочы, і пра тое, што ягоныя ацэнкі могуць аказацца вельмі строгімі, літаральна разноснымі, у “Песнярах” ведалі вельмі добра…

І.П.:Чц. 24.1.1980 г.

г. Кіеў

Для сапраўднага артыста ярка асветленая сцэна — родны дом. Кожны канцэрт для яго — ўрачыстае і радаснае свята. І паколькі артыст усё жыццё прысвячае сцэне, — усё яго жыццё — гэта вялікі святочны баль. (*У нас зараз праходзіць па два вялікія святочныя балі ў дзень, і на сцэне — гэта значыць у сябе дома — мы праводзім па 6 гадзін у суткі, гэта значыць 1/4 жыцця.)

Пан. 28.1.1980 г.

г. Кіеў

Ёсць, аднак, іншы тып артыста. Сустракаецца ён у нашы дні вельмі рэдка, але абысці яго маўчаннем нельга.

Гэта — артыст-рамеснік. Ён люта ненавідзіць гледача, хоць заўжды міла ўсміхаецца яму, і больш за ўсё на свеце любіць атрымліваць узнагароды, хоць, пералічваючы грошы, заўсёды хмурны. На сцэну ён заўсёды выходзіць з цяжкім уздыхам, нібы на эшафот, а пад час прадстаўлення думкі яго заняты чым заўгодна: складаннем вершаў, планамі на адпачынак, успамінамі пра мінулую ноч з відамі на наступную, рашэннем арыфметычных задач на множанне і адніманне, нават разгадваннем шахматных галаваломак. Тое, што трэба рабіць у ходзе канцэрта, ён робіць механічна, у сваім падабенстве зводзячы сябе да станка з праграмным кіраваннем, якое аўтаматычна выключаецца і спыняецца, як толькі вычэрпваецца аб’ём закладзенай у яго інфармацыі (праграмы). З асаблівым натхненнем пражывае ён апошнія хвіліны канцэрта, з асалодай кланяецца, не бачачы аўдыторыі, што апладзіруе: яго думкі ўжо далёкія ад сцэны.

Які бедны, які варты жалю ён, гэты няшчасны маленькі саматужнік, мізэрны раб хлапка!

Падобных артыстаў, зразумела, няма і не можа быць у такім калектыве, як наш. Кожны член, кожная пора гэтага адчувальнага і зладжанага арганізма жыве свежым дыханнем творчага ветрыку, сілкуецца гаючай травой вечнага, нястомнага пошуку. У гэтым закладзены ўвесь сэнс, уся мэта яго паўнакроўнага жыцця, і ў гэтым яе абавязковая ўмова”. (Дадзены фрагмент быў апублікаваны раней у кнізе "Уладзімір Мулявін. Нота лёсу". — С.Т.)

Нагадаем, запушчаны працэс стварэння і ўсталявання мемарыяльнай шыльды кампазітару на дом, дзе ён жыў. Мэтазгоднасць праекта падтрымаў Інстытут гісторыі Нацынальнай акадэміі навук Беларусі, Мінгарвыканкам. Аднак паколькі фінансаванне пад дадзены праект не закладзена, быў адкрыты дабрачынны рахунак (9004-Р/Дабрачынны рахунак BYR, аддзяленне 175 філіяла 529 “Белсувязь” 000033).

Публікацыя і падрыхтоўка дзённікавых запісаў Вольгі ПАЛІВОДА

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах