На пытанне адказваюць начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці В.ЧЭРНІК і начальнік эканамічнага ўпраўлення В.КАНАНЮК.
Апошняе дзесяцігоддзе характарызуецца бурным ростам тэхналогій захавання і перапрацоўкі інфармацыі. Асвойтаўшыся ў нішы дакладных навук, гэтыя тэхналогіі прыйшлі туды, дзе грамадства сканцэнтравала свае арэчаўленыя веды і культуру — у бібліятэкі.
Па-першае, стала неабходным асваенне новых інфармацыйных тэхналогій, а па-другое — распрацоўка новых падыходаў да інфармацыйнага абслугоўвання карыстальнікаў. Развіццё ўласных інфармацыйных рэсурсаў і забеспячэнне доступу да сусветных інфармацыйных рэсурсаў патрабуе перагляду структуры і кадравага забеспячэння нашых бібліятэк.
На сённяшні дзень Міністэрства культуры рыхтуе праект “Тыпавых штатаў цэнтральных раённых і гарадскіх бібліятэк”, дзе ў структуры цэнтральнай бібліятэкі незалежна ад групы па аплаце працы плануецца аддзел аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў, які будзе курыраваць працэс укаранення інфармацыйных тэхналогій у бібліятэках, аператыўна і якасна падтрымліваць праграмнае і інфармацыйнае забеспячэнне АБІС, аўтаматызаванай сістэмы кіравання базамі даных, падтрымліваць і абнаўляць праграмнае забеспячэнне аўтаматызаваных рабочых месцаў супрацоўнікаў і карыстальнікаў бібліятэк, ажыццяўляць тэхнічнае абслугоўванне камп’ютэрнага парку бібліятэк, укараняць у практыку работы BelМАRC-фармат, які рэкамендаваны ў якасці камунікатыўнага для бібліятэк рэспублікі.
У структуры аддзела, акрамя пасады загадчыка, плануюцца пасады інжынера-праграміста, інжынера-электроніка і бібліятэкара.
У сувязі з тым, што бібліятэкі да цяперашняга часу карысталіся “Тыпавымі штатамі цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь”, зацверджанымі Загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 08.01.1996 № 5, якія патрабуюць тэрміновай карэкціроўкі, Планам распрацоўкі нарматыўнай прававой базы галіны на 2008 год, зацверджаным міністрам культуры, у другой палове бягучага года плануецца перагледзець Тыпавыя штаты культурна-асветніцкіх устаноў, у тым ліку і Тыпавыя штаты цэнтральных раённых і гарадскіх бібліятэк.
Што ж тычыцца ўмоў аплаты працы інжынерна-тэхнічнага персаналу, дык пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 22.07.2003 № 20 зацверджана Інструкцыя аб асаблівасцях вылічэння стажу работы па спецыяльнасці асноўных катэгорый спецыялістаў культуры і мастацтва і стажу працы ў галіне работнікаў арганізацый Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, якія фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі. У адпаведнасці з Інструкцыяй, дыферэнцыраванае павышэнне акладаў (тарыфных ставак) за стаж работы па спецыяльнасці робіцца спецыялістам, займаючым пасады, прадугледжаныя Пералікам пасад асноўных катэгорый спецыялістаў культуры і мастацтва.
Пасады інжынерна-тэхнічнага персаналу не адносяцца да пасад асноўных катэгорый спецыялістаў культуры і мастацтва, у сувязі з чым дадзеным катэгорыям работнікаў робіцца вылічэнне стажу работы ў галіне культуры.