Сямейныя колеры

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

Адна з бясспрэчна добрых якасцей вясны — дзівоснае жаданне радавацца кожнаму моманту абуджэння прыроды: першай лістоце з далікатным зялёным колерам, водару і прыгажосці квецені вішні і алычы, яркім цёплым сонечным дням. Падобнае пачуццё выклікала і выстаўка дзвюх мінскіх мастачак Таццяны Грыневіч і Ірыны Ясюкайць-Дударавай у гродзенскай галерэі “Тызенгаўз”. “Каляровыя гісторыі” падарылі гледачу магчымасць акунуцца ў цёплы ўтульны свет хатніх каштоўнасцей: сямейнай гармоніі, дзіцячых усмешак і лёгкай казачнай атмасферы.

/i/content/pi/cult/534/11614/9-1.jpg

Ірына Ясюкайць-Дударава. "Нацюрморт з гранатамі".

Для дзвюх мастачак, якія ў свой час атрымалі адукацыю ў Глебаўскім вучылішчы і Акадэміі мастацтваў, менавіта гэтае лірычнае прачытанне тэмы сямейнага агменю стала асновай для сумеснай выстаўкі. Выбар вобразаў не выпадковы: карціна, апрыёры, мусіць несці ў сабе светлы пачатак. Глядач жа павінен атрымаць запал пазітыўнай энергіі, прачуць чароўны дар — жыццё, і, па магчымасці, паспрабаваць захаваць і нават павялічыць адчуванне прыгажосці і дабра. Асабліва тое тычыцца твораў, якія пазней набываюцца для прыватных калекцый. Думка пра тое, што, магчыма, карціна стане часткай дома пэўнай сям’і, яе будуць бачыць і раніцай, і ўвечары цягам многіх гадоў, ставіць перад аўтарамі шэраг задач, якія нельга ігнараваць. Погляд, кінуты мімалётна або, наадварот, доўгае сузіранне павінны дарыць пачуццё прыгажосці і надзеі.

Кожная з мастачак да вырашэння гэтых задач ідзе сваім шляхам. Ірына Ясюкайць-Дударава — праз зварот да творчай манеры малых галандцаў, з іх любоўна выпісаным кожным элементам кампазіцыі — ці то пышны букет яна піша, ці то сакавіты фрукт. У сваіх партрэтных кампазіцыях, дзе галоўнымі героямі становяцца дзеці, спалучэнне цалкам рэалістычнай асобы, лёгкага, ледзь вызначанага фону і пышных яркіх бутонаў ствараюць атмасферу тэатра, дзе вось-вось пачнуць граць добрую п’есу пра вялікія таямніцы, пра дзівосныя адкрыцці і цудоўныя выратаванні — усё тое, што калісьці зачароўвала нас ва ўласным доме ў часы далёкага дзяцінства. Асаблівую ролю ў творах Ірыны адыгрывае колер — насычаны, яркі, сакавіты — менавіта ён стварае атмасферу свята. Для большай выразнасці мастачка звяртаецца да некалькіх слаёў лаку — і тады колер ператвараецца ў россып каштоўных камянёў з глыбокім пералівам і зачаравальным ззяннем.

/i/content/pi/cult/534/11614/9-2.jpg

Таццяна Грыневіч. "Дочкі-маці".

Іншая манера ў Таццяны Грыневіч. Яе каляровыя гісторыі падаюцца праз вобразы-міражы, якія нечакана выяўляюцца на плоскасці палатна і непрыкметна ўплятаюцца ў новыя пласты кампазіцыі. Ілюзорная прастора, зменлівасць і дваістасць успрымання ствараюць свой свет намёкаў і загадак, ператвараюць карціну ў музычную кампазіцыю з асаблівым рытмам, дзе складана вызначыць, што з’яўляецца галоўным, а што — лёгкім дадаткам. Асаблівая роля адводзіцца колеру, які ў большасці твораў выступае базісам для гульні з няўлоўнымі вобразамі — у каляровай пляме яны зараджаюцца і там жа знікаюць.

Па пытанні актуальнасці мастацтва, своечасовасці творчага паведамлення мастака, Ірына і Таццяна выказаліся фактычна адзінадушна — у гэтым свеце так шмат надзённых праблем, што праблема сям’і, дома, які дае надзейную абарону і апору, які дазваляе расці і развівацца творчаму патэнцыялу не толькі дзяцей, але і любога чалавека, незалежна ад узросту і полу, праз бязмежнае пачуццё любові і прыгажосці з’яўляецца не менш сучасным, больш за тое, фактычна пераходзіць на ўзровень вечнага мастацтва. Карціна павінна абуджаць лепшае, памнажаць ідэі прыгажосці і дабра, даваць магчымасць марам расправіць крылы і ўвасобіцца ў жыццё. І менавіта такое ўражанне пакідае выстаўка “Каляровыя гісторыі” ў гродзенскай галерэі.

Наталля ПАЎЛЕНКА, мастацтвазнаўца

Гродна