Аўдыя & Відэа-14

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

Красавіцкія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць прадзюсар і паэт-песеннік Уладзімір КУБЫШКІН (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура” Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/534/11613/8-3.jpgАўдыя

Гурт “Мора-Акіян”, міні-альбом “Прычал”

А.: Сімпатычныя хлопцы. Асэнсаваны вакал, непустыя тэксты. Але такой вызначальнай песні, “хіта”, якая вылучае калектыў з агульнай масы эксперыментатараў, няма. Ці варта было без гэтага выпускаць EP?.. Мне заўжды імпанавала прысутнасць духавых інструментаў, але некалькі ў іншых жанрах — рытм-энд-блюз, джаз… А вось такі лакальны паўфанк апошнім часам ператварыўся ў нейкі беларускі музычны трэнд, які, праўда, згубіўся ў часе. Гэта ўжо нецікава і бесперспектыўна, як мне здаецца. Карацей, усё падабаецца, усё якасна, аднак чагосьці не хапае. Чагосьці галоўнага і свайго.

В.: Вось калі гэты магілёўскі ансамбль дае фанк, тады пачуццё безнадзейнасці ад пачутага крыху прытупляецца, але ўсё адно перспектыў асаблівых у каманды я не бачу. Нават клубных. Каб музыка была невыносна сумнай, тэксты ніякія, але ў тым ужо меўся нейкі фірмовы почырк… Тут такога бракуе. З аднаго боку, пахваліць няма за што, з іншага — прычапіцца да чаго-небудзь немагчыма. У прэс-рэлізе, які прыкладаецца да міні-альбома, сцвярджаецца, што мэта калектыву — абудзіць у слухачоў імкненне да добрага і вялікага. А яшчэ гаворыцца пра тое, што гурт ставіць перад сабой самыя неверагодныя мэты. Музыкантам з гэтай нагоды хачу падкінуць такую задачку: добра падумаць на тэму “А яно нам, сапраўды, патрэбна?”. Прынамсі, у цяперашнім выглядзе.

Гурт “Нейра дзюбель”, альбом “На Марс!”

A.: Відавочна: гэтага рэлізу ўсе даўно чакалі. І чаканні прыхільнікаў гурта апраўдаліся напоўніцу. Кулінковіч і кампанія выдалі выдатную працу, якая абавязкова ўвойдзе ў які-небудзь топ-10 за пэўны перыяд. Толькі сам лідар калектыву ведае, добрай ці не вельмі атрымалася яго пласцінка, толькі аднаму яму вядома, ці ўдалося ўвасобіць у ёй усё задуманае. Я ж з радасцю канстатую: альбом не сумна слухаць (для мяне гэта адна з найважкіх добрых якасцей апошнім часам) у параўнанні з асноўнай масай беларускага музычнага кантэнту. Удалае спалучэнне класічных панк-песень, дэкламавання вершаў, інструментальных кампазіцый. І нават кавер на гурт “Акварыум” (што само па сабе —рызыкоўная ідэя) вельмі арганічна ўпісаўся. Магчыма, камусьці не хапае хітоў. Пагаджуся: альбом — роўны, але і відавочна слабых песень тут няма. Не пакідае такое адчуванне ад праслуханага: кампакт не перадае і паловы закладзенага ў яго стваральнікамі. Час, калі я слухаў музыку, седзячы на канапе, прайшоў. Хочацца стаяць пад сцэнай і “ўсмоктваць” усім целам гэтыя гітарныя рыфы і мілую лірыку Сашы Кулінковіча з першых вуснаў!

B.: Дык чаму так склалася, што ў некаторым асяроддзі меламанаў і нават у часткі крытыкаў гэты калектыў лічыцца панк-саставам? Мабыць, “дзюбелям” надакучыла ляніва адбрэхвацца і яны насамрэч запісалі свой самы панкаўскі альбом. Рэліз парадуе сапраўдных прыхільнікаў гурта, бо ў ім ён не адступіўся нi ад адной з заваяваных пазіцый: тут ёсць прыпеўка з абсцэннай лексікай, полька-матылёк на верш Уладзіміра Караткевіча “Папараць-кветка”, удалы кавер на “Рок-н-рол мёртвы” гурта “Акварыум”, танцавальная дарожка “Дыска” з алюзіяй на гурт “Грамадзянская абарона” і гэтак далей. Мяне парадавала, што ансамбль канчаткова пазбавіўся ад гукавога ўплыву нямецкай трэш-банды “Rammstein”.

У тэкстах Аляксандр Кулінковіч усё гэтак жа ў меру абывацельска-фiласафiчны, але непрыхаванай лютасці ў адносінах да чагосьці ці кагосьці ў “На Марсе!” няма. Напэўна, нарэшце ў франтмена працэнт мудрасці стаў пераважваць... гм, юнацкі максімалізм. Зрэшты, упэўнены, калі адпаведны вецер падзьме ў яго ветразі з новай сілай, то чарговага выплеску адрэналіну чакаць доўга не давядзецца.

Гурт “Sumarok”, альбом “Мiнор”

A.: Цяжка даваць ацэнку такім гуртам, паколькі, на мой погляд, яны наогул не арыентуюцца на чые-небудзь ацэнкі або меркаванні. У чым, у рэшце рэшт, і маюць рацыю. Для мяне дадзены матэрыял — гэта ў першую чаргу тэкст, думка, настрой. І назва альбома — “Мiнор” — вельмі пасуе такому настрою. Усе тэксты — і руска-, і беларускамоўныя — мне спадабаліся. Гэтыя дэпрэсіўныя развагі паэтаў не прыцягнутыя за вушы, не “прагнутыя пад…” зададзены рытмічны малюнак. Такое могуць дазволіць сабе толькі таленавітыя людзі, якіх не цікавіць кан’юнктура. Музыка, калі яе можна так назваць, у дадзенай кампіляцыі выконвае другарадную функцыю, не нясе эстэтычнай каштоўнасці і проста дапамагае данесці тэкст, падкрэсліваючы, а не ствараючы, і без таго мінорны кантэкст.

B.: Назва работы, у якую ўвайшлі песні на беларускай і рускай мовах, абсалютна дакладна перадае і яе змест, і адчуванне пад час праслухоўвання трэкаў, і “паслясмак”. Амаль усё настолькі роўненька-тужлiўненька, што кампазіцыя “Попел” на вершы Іосіфа Бродскага можа прэтэндаваць тут на паўнавартасны рок-шлягер. Але катэгорыю “тужліва” я распаўсюджваю толькі на музыку: у адносінах да тэкстаў, нягледзячы на ўвесь смур у іх, я не настолькі катэгарычны. Так, дэкадэнцтва чыстай вады, але — прыцягальнае, не пустое і беспрасветнае ныццё і шкадаванне пра нешта, а тое, што прымушае слухача ўважыць і ацэніць сам калектыў. З дарожак яшчэ вылучыў бы “Я пытаўся ў неба”, якая цалкам пасуе гурту “Начныя снайперы”. Наогул, уплыў пецярбуржцаў на палачан адчуваецца са страшнай сілай, як той казаў.

Відэа

Алёна Ланская, кліп на песню “Я жывая”

А.: Калі паспрабаваць у двух словах ахарактарызаваць праект, магу сказаць, што гэта — прыгожае відэа. Сам відэашэраг не нясе ніякай сэнсавай нагрузкі, ды і ці ёсць у тым патрэба? Плаўная камера, пастэльныя тоны, буйныя планы і вельмі ўдалыя ракурсы артысткі. Кліп пакідае добрае ўражанне, усё досыць стыльна, нічога лішняга. Чаго не скажаш пра большасць айчынных кліпаў. Адзначу выдатную працу візажыста: Алёна ў гэтым вобразе выглядае проста шыкоўна. Моцная песня ў стылі ранняй Ані Лорак — з турэцкімі фарбамі — арганічна ўпісалася ў звыклы лад творчасці Ланской. Думаю, гэта правільнае рашэнне яе крэатараў, усё тут “зраслося”. Эксперыменты са стылістыкай і эпатаж у нашай краіне маюць, хутчэй, зваротны эфект.

В.: Алёна ў напаўпразрыстым, потым Алёна ў напаўпразрыстым у будуары, ля акна, на белым століку сярод свечак, у напаўпразрыстых фіранках і покрыве… Ступае чароўнымі ножкамі, у меру пакутуе і спадзяецца на лепшае, даючы налюбавацца на сябе сваім фэнам. Потым яе накрывае дажджом з пялёсткаў чырвоных руж — вось ён, апафеоз роліка. Пяшчотна, хвалююча, па-ранішняму, “красацень” неапісальная. У музыцы-аранжыроўцы ёсць нешта ад паўхiтоў Ані Лорак, ну а поп-тэкстамі я як заўжды проста захапляюся (“хочешь, я возьму чужую роль, хочешь, разгадаю твой пароль, вместе достучимся до небес и сбросим занавес”). Урэшце, хоць зноў на “Еўрабачанне” адпраўляй!..

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"