Праз дваццаць гадоў

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

Днямі ў Спораўскім сельскім Цэнтры культуры і вольнага часу віталі ўсіх, хто любіць усё незвычайнае і прыгожае, а галоўнае зробленае сваімі рукамі. Народная студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Вясёлкавая плынь”, дзе дзеці займаюцца дэкаратаўна-прыкладной творчасцю, адзначала сваё 20-годдзе.

Дату святкавалі ў коле сяброў, прыгадваючы, як усё пачыналася. Падзяліліся ўдзельнікі сустрэчы і тым, што было зроблена добрага, вядома ж, памарылі пра будучыню і проста парадаваліся таму, што ёсць.

У 1995 годзе пры Спораўскім СДК была створана школа народнай творчасці, дзе па 2002 год працавалі народныя мясцовыя майстрыхі Р.Трусевіч, Л.Пашкевіч, Г.Шэшка, якія навучалі дзяцей самаму папулярнаму і запатрабаванаму ў нашай вёсцы віду мастацтва — вышыванцы. Далей на пасадзе кіраўніка працавала М.Пракурат, асоба таленавітая і творчая, што дадала новыя тэхнікі ў вышыванку, а таксама ўвяла ва ўстанове навучанне новым відам творчасці: аплікацыі, фларыстыцы.

Рамёствы — такія розныя і такія знаёмыя — душу грэюць, сэрца радуюць, шмат старання і разумення патрабуюць. Маючы такія якасці, а яшчэ талент і навыкі, прыйшла ў 2002 годзе у студыю Ганна Чайчыц, якая і зараз здзіўляе сваімі здольнасцямі, перадае навыкі дзецям, разам з імі вучыцца новаму.

Ганна Чайчыц таксама аб’яднала ў клуб майстроў народнай творчасці “Скарбонка” майстрых, работы якіх не аднойчы былі прадстаўлены на розных выстаўках. З 2006 года школа народнай творчасці была перайменавана ў студыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а рашэннем калегіі Міністэрства культуры краіны ў 2008 годзе студыя атрымала ганаровае званне “народная”.

Вышыўка крыжыкам, гладдзю, процягам, сцябельчыкам, аплікацыя і арыгамі, выцінанка, вырабы з атласных стужак, пляценне паясоў у розных тэхніках і нават ткацтва — усяму гэтаму навучыла сваіх выхаванцаў апантанная рукадзельніца Ганна Чайчыц. І дзе толькі работы навучэнцаў і кіраўніка не былі прадстаўлены: у раёне, вобласці, рэспубліцы і за яе межамі! Нашы “студыйцы” — удзельнікі і дыпламанты шматлікіх конкурсаў і фестываляў: раённае свята “Святло праваслаўя”, раённы фестываль дзіцячай творчасці “Сонейка ў далоньках”, абласное свята-конкурс фальклорнага мастацтва “Таночак”, абласное свята гумару “Спораўскія жарты”…

Раздзяліць радасць урачыстасці прыйшлі аднавяскоўцы і госці, работнікі культуры і нашы партнёры з сельскага выканкама і ААТ “Спорава”, а таксама — выпускніцы студыі. Свае нумары дарылі юбілярам і гасцям народны фальклорна-этнаграфічны ансамль “Жураўка” і клуб аматараў фальклору “Жаўручкі”. У сваю чаргу і “студыйцы” не пакінулі гасцей без сувеніраў.

Навукова-тэхнічны прагрэс не знішчыў у чалавеку імкненне да творчасці, у яго застаецца жаданне зрабіць для дома, сям’і і для самога сябе што-небудзь уласнымі рукамі на падставе традыцый. І задачай, якую ставіць перад сабой “Вясёлкавая плынь” — выхаванне дзяцей на мясцовых традыцыях, азнаямленне са здабыткамі нацыянальнай спадчыны з мэтай іх адраджэння і захавання.

Ніна ПАШКЕВІЧ, дырэктар Спораўскага сельскага  цэнтра культуры і вольнага часу