(Працяг. Пачатак у рубрыцы "Прыватная гісторыя".)
“Хрушчоў заходзіць у краму:
— Таварыш прадавец, ці ёсць у вас лязо для галення?
— Няма.
Хрушчоў сыходзіць. Калега пытаецца ў прадаўца:
— Чаму ты сказаў, што ляза няма? Іх жа цэлы кораб!
— А таму, што ён назваў мяне таварышам. Дык няхай голіцца сярпом!”
Краіна кацілася ў галодную прорву. Крамлёўскія “небажыхары” ўрэшце адсунулі Хрушчова ад дзяржаўных спраў. Смяшлівы савецкі народ рэагаваў імгненна — у традыцыях Ларывона-мухі...
Той, хто заняў месца Хрушчова, адразу ж стаў, аб’ектам анекдотаў. Тым больш, што нагоду для насмешак давалі некаторыя рысы новага лідара.
Перыяду “царавання” кожнага кіраўніка СССР яго паслядоўнік даваў азначэнне. Так, дзесяцігоддзе праўлення Хрушчова назвалі “валюнтарызмам”, а брэжнеўскі перыяд — “стагнацыяй”, “застоем”. Хаця ідэолагі — паплечнікі Ільіча — называлі той час “развітым сацыялізмам”: туманна, але — ідэйна. А вось Ларывоны-мухі мелі сваё азначэнне:
“Ад Ільіча да Ільіча:
Ад крызіса да параліча”.
Ледзь з’явіўся пры Брэжневе “навуковы” тэрмін “развіты сацыялізм”, як ананімныя жартаўнікі далі яму сваё, таксама “навуковае” ж, тлумачэнне.
“Развіты сацыялізм — гэта калі цяжкасці росту змяняюцца ростам цяжкасцей”.
Краіна па-ранейшаму “пераадольвала” харчовыя “часовыя цяжкасці”.
“Брэжнеў ідзе па Маскве з сакратаром Тульскага абкама, і з апошнім вітаюцца ўсе сустрэчныя.
— Адкуль вас у Маскве ведаюць? — зацікавіўся Генсек.
А той у адказ:
— Гэта ж усё мае землякі-тульчакі: прыехалі ў Маскву па каўбасу”.
Сапраўды, на маскоўскіх вакзалах з’явіліся “каўбасныя электрычкі”, якія штораніцу звозілі ў сталіцу жыхароў Падмаскоўя з пустымі кошыкамі — па харч.
“Замежны карэспандэнт бярэ ў Брэжнева інтэрв’ю:
— СССР — такая вялікая краіна! Як вы наладжваеце забеспячэнне харчам?
Леанід Ільіч у адказ:
— Цэнтралізавана: калгасы звозяць у Маскву харчаванне, а адсюль людзі самі ўсё развозяць па краіне”.
Вастрасловы-“мухі” сфармулявалі шэсць асаблівасцей сацыялізму:
“У СССР няма беспрацоўя, але ніхто не працуе. Ніхто не працуе, але план выконваецца. План выконваецца, але нічога няма. Нічога няма, але ў кожнага ўсё ёсць. У кожнага ўсё ёсць, але ўсе незадаволены. Усе незадаволены, але галасуюць “за”.
Усё больш прыкметнымі станавіліся ўзроставыя змены ў Генсеку.
“Дыктар тэлебачання:
— Учора ў Крамлі Генеральны Сакратар ЦК КПСС Леанід Ільіч Брэжнеў прыняў нігерыйскага пасла за англійскага і меў з ім гутарку”.
Анекдоты часта не трэба было прыдумваць: іх нараджала само жыццё. Гледачы спектакля “Так пераможам” у МХАТе сведчаць: “Калі на сцэне з’явіўся Калягін у грыме Леніна, Брэжнеў ва ўвесь голас запытаў: “Гэта Ленін — ужо трэба апладзіраваць?”
Па розных крыніцах у Брэжнева было 114, 120 і нават 140 узнагарод. Падлічана, што перад труной неслі падушачкі, а на кожнай не па адной, а па чатыры ўзнагароды.
“Тэлевядучы: “Леанід Ільіч адмовіўся ад вышэйшага ордэна Маўрытаніі — залатога колца ў носе”.
Ці вось яшчэ:
“Мастаку, які пісаў парадны партрэт “дарагога Леаніда Ільіча”, загадалі дарабіць партрэт: пашырыць левае плячо, каб змясціць яшчэ адну Залатую Зорку”.
(Працяг артыкула — у наступных нумарах "К".)