Кожны другі з 24 тысяч…

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

У блакадным Ленінградзе загінула 12 тысяч беларускіх падлеткаў-рамеснікаў
У Санкт-Пецярбургу на Піскароўскіх мемарыяльных могілках у 1996 годзе была ўстаноўлена стэла скульптара Наталлі Нікіцінай памяці беларускіх рамеснікаў, што загінулі ў блакадным Ленінградзе. На граніце надпіс: “Суайчыннікам, загінулым у блакаду, вучням рамесных вучылішч Ленінграда ад беларускага народа”. У цэнтры — рэльефная бронзавая выява падлетка-рамесніка. А злева і за спіной — цень героя, які сышоў у неўміручасць.

З кастрычніка 1940-га па чэрвень 1941-га з Мінска ў Ленінград прыехалі ў рамесныя вучылішчы і школы фабрычна-заводкага навучання каля 24 тысяч падлеткаў 14 — 16 гадоў, з іх каля 12 тысяч загінула ў блакаду. Пра падзеі тых гадоў, датычныя падлеткаў, апавёў фільм “Дарога жыцця” Анатоля Алая, зняты ў 1984 годзе “Беларусьфільмам”. У ім падзяліліся ўспамінамі і некаторыя з удзельнікаў падзей тых гадоў. Пра той час ён напісаў і ў сваім артыкуле “Некалькі кадраў аб незабыўным”. Знайсці копію гэтага артыкула дапамаглі ў Музеі прафтэхадукацыі на пецярбургскай вуліцы Марата. 60 гадоў жывучы ў горадзе на Няве, я нічога не ведала пра гэту трагедыю...

На заклік камсамола

...Каб атрымаць кваліфікаваныя рабочыя кадры ў 1940-м у буйных гарадах былі створаны рамесныя вучылішчы і школы ФЗН. Работнікі мабілізацыйных пунктаў прыходзілі ў школы, запрашалі вучыцца. На заклік камсамола таксама адгукнулася вялікая колькасць падлеткаў. Толькі ў Мінск прыбыло іх з беларускіх вёсак каля 50 тысяч. Але тутэйшыя вучылішчы аказаліся не ў стане прыняць ўсіх, і тады распараджэннем з Масквы каля 24 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак былі накіраваны ў Ленінград на найбуйнейшыя прадпрыемствы горада: завод імя Кірава, Охцінскі хімкамбінат, “Арсенал”, Політэхнічны інстытут...

Усіх размясцілі ў інтэрнатах, выдалі форменную вопратку, якая падабалася навучэнцам. “Вельмі прыгожая форма ў нас была. Строгая, чорная. Падобная на марскую. Мы гэтай формай ганарыліся. Кожнаму з нас выдалі шырокі рэмень са спражкай...” — прыгадвае адзін з выхаванцаў таго часу Арсеній Люцко.

“Калі на завод прыйшлі [Кіраўскі], уражанне было такое, што мы трапілі на іншую планету. Вялізныя цэхі... Усюды станкі, шум... Нам усё хацелася памацаць. Але нам сказалі: “Пачакайце, аглядайце, абвыкайцеся: на гэтых станках вы будзеце працаваць!” — гэта згадкі яшчэ аднаго з тых 24 тысяч Сцяпана Скамароха.

“Дзеці моцна перажывалі…”

І сапраўды, усю зіму 1940 — 1941 гадоў яны працавалі і вучыліся ў настаўнікаў-майстроў. Але пачалася вайна. Кадравыя рабочыя сыходзілі на фронт, а да станкоў сталі падлеткі і жанчыны, выконваючы ваенныя замовы па 12 — 14 гадзін на суткі.

Супрацоўнік інтэрната П.Петухоў прыгадваў: “Дзеці вельмі моцна перажывалі, калі даведаліся, што немцы акупавалі Беларусь. Бывала, дзяжурыш ноччу ў інтэрнаце, чуеш — плача. Падсядзеш на ложак, супакойваеш — нібыта заснуў. Гэта ў пачатку вайны. А потым яны ўжо і не плакалі...”.

Але ж у горадзе на Няве панавалі голад, хваробы, знясіленне. Сцяпан Скамарох прыгадваў: “Да вайны даўбешку памерам 1 метр 25 сантыметраў я ставіў на станок адзін, а праз год, у час блакады, восем чалавек ледзь-ледзь адужвалі...” Уладзімір Паўлюкевіч, яшчэ адзін з тых рамеснікаў-падлеткаў, прыгадвае, як яны жылі ў пакоях па 20 чалавек: “Кожную раніцу прасынаешся і глядзіш: Міша жывы — добра, Пеця жывы — добра... Таго ж, хто памёр, разам з ложкам перацягвалі ў халодны пакой”. Днём па вуліцах Ленінграда хадзілі машыны і збіралі памерлых, вывозячы іх на Піскароўскія ды іншыя могілкі.

“А мы і галавы падняць не можам…”

П.Петухоў таксама згадаў тыя дні: “Наступіў самы цяжкі перыяд для жыхароў блакаднага Ленінграда, асабліва для дзяцей. Гэта зіма 1941 — 1942 гадоў, калі голад дасягнуў апагею. Тыя, хто быў больш моцны фізічна, хадзіў на разбураныя Бадаеўскія склады па цукар або, калі сказаць правільна, па тое, што засталося ад іх пасля пажару. Паміж руінамі канструкцый хадзілі, поўзалі на каленях самотныя постаці. У кожнага праз плячо — торба ад процівагаза. Гэта рамеснікі. Невялікім ломікам яны адколвалі камечкі зямлі, змочаныя цукрам, набівалі ёю сумкі і цягнулі ў інтэрнат. Затым кідалі тыя кавалкі зямлі ў кацялок, залівалі вадой, падагравалі. Калі жыжка асядала на дно, асцярожна злівалі салодка-горкую субстанцыю ў каструлю і па палове міскі дзялілі паміж хворымі таварышамі”. Арсеній Люцко дадае: “Калі зусім не было чаго есці — сілкаваліся рамянямі. Рэзалі іх на кавалачкі, варылі, прычым строга вялі ўлік, колькі кавалачкаў пакласці ў кацялок...”

Вывозілі рамеснікаў з Ленінграда ў цяжкім стане. “Дарога жыцця” часта абстрэльвалася, вяліся і нямецкія бамбардзіроўкі з паветра. Вывозілі падлеткаў пад прыкрыццём ночы, накрывалі шынялямі, паклаўшы на дно кузава “палутаркі”, паколькі сядзець яны не маглі. “Я памятаю, — дадае Арсеній Люцко, — як, праехаўшы 15 кіламетраў па лёдзе Ладажскага возера, мы трапілі пад налёт варожай авіяцыі. На нашых вачах дзве машыны наперадзе пайшлі пад лёд. Шафёр выбраўся з кабіны і просіць: “Хлопцы, дапамажыце! Патонем!” А мы ляжым і галавы падняць не можам...”.

Пасля трохмесячнага шпітальнага лячэння яны вярнуліся да жыцця. Усе трое. Валодзю Паўлюкевіча лёс закінуў на Урал, Арсенія Люцко — у Сібір, Сцёпу Скамароха ў Грузію. Іх далейшы лёс склаўся паспяхова, яны дасягнулі поспехаў у выбраных прафесіях.

Памяць у граніце

Памятная стэла на тэрыторыі Піскароўскага мемарыяла ўстаноўлена ў 1996 годзе па рашэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Ідэю падтрымала кіраўніцтва Санкт-Пецярбурга. Гэтую задачу курыраваў заслужаны работнік культуры Расіі, сам колішні блакаднік, былы рамеснік Сямён Цымрынг. Беларусь выдаткавала грошы на граніт для стэлы. А праз прыязнае стаўленне да памяці падлеткаў-рамеснікаў такія працы, як апрацоўка граніта, адліўка бронзы, устаноўка стэлы кранам былі выкананы бясплатна. З цягам часу беларусы Санкт-Пецярбурга сталі самі даглядаць мемарыял.

І яшчэ пра беларусаў

Праз музей Політэхнічнага ўніверсітэта ў кастрычніку 2008 года я пазнаёмілася з Соф’яй Сіроткінай, дацэнтам гэтай ВНУ, членам Савета ветэранаў і блакаднікаў установы. З “Кнігі памяці” ўніверсітэта яна даведалася, што пры ім існавала ФЗН-2 на 600 чалавек, трэць з якіх прыбыла ў чэрвені 1941 года з Беларусі, у асноўным — з Віцебска. У дамавых кнігах інтэрната на вуліцы Хлопіна, дзе яны жылі, запісана, што 38 чалавек з дзвюх соцень памерлі. Соф’я Андрэеўна адшукала родных гэтых хлопцаў, ездзіла ў 2004 годзе ў Віцебск, дзе яе сустракалі музейшчыкі і родныя загінулых. У памяць і аб гэтых 38 асобах у ліку іншых загінулых у блакаду навучэнцаў і супрацоўнікаў тагачаснага Ленінградскага палітэха на Піскароўскіх могілках ўстаноўлена стэла № 176.

Звесткі пра колькасць беларускіх рамеснікаў, якія прыбылі ў Ленінград у 1940 — 1941 гадах і аб колькасці загінулых атрыманы Сямёнам Цымрынгам з “Архіва народнай адукацыі”, складзенага з дакументаў і пратаколаў Ленінградскай пракуратуры блакаднага часу.

Зараз стэла памяці беларускім рамеснікам мае патрэбу ў рэстаўрацыі, якую могуць выканаць толькі спецыялісты мемарыяла. Таму мы, беларусы Пецярбурга, вельмі спадзяемся, што дырэкцыя Піскароўскага мемарыяла прыме яе на свой баланс і выканае гэту працу.

Раіса БАРАДЗІНА, географ

Санкт-Пецярбург (Расія)