Чым “чапляць”?

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

Варыянт ад вулічнага тэатра
Першы год існавання вандроўнага тэатра “Вір” быў адзначаны выступленнем артыстаў на сёлетнім ІІІ Мінскім форуме вулічных тэатраў з пастаноўкай “Карабель дурняў”. Няхай век трупы — невялікі, але ж калектыў камфортна пачуваецца ў айчыннай культурнай прасторы, бо ў кожнага з яго ўдзельнікаў за плячыма значны досвед выступленняў на айчынных і замежных пляцоўках. На пытанні “К” пра тэндэнцыі руху вулічных тэатраў адказала Ганна НЕСЦЕРАВА — мастацкі кіраўнік і заснавальніца “Віра”.

/i/content/pi/cult/534/11603/13-1.jpg

— Усе ўдзельнікі калектыву калісьці пачыналі з рыцарскага клуба, таму цікавасць да сярэднявечнай вулічнай культуры для нас прыярытэтная: паказываем фарсы ў духу той эпохі, акрабатычныя нумары. Апрача таго, цікавімся беларускай народнай культурай, увялі ў рэпертуар і больш сучасныя праграмы накшталт фаер-шоу і неонавага шоу. Але цікавасць да Сярэднявечча ў гледачоў, зразумела, праяўляецца: не так шмат вулічных (і не толькі) тэатраў робяць перфомансы ў гэтай тэматыцы.

— Як, на вашу думку, можна зацікавіць выпадковага гледача пад час вулічнага прадстаўлення?

— Спалучэннем яскравых строяў, добрай музыкі і незвычайных нумароў. Пагадзіцеся, не кожны з мінакоў здольны стаяць на галаве, жангляваць пяццю-сямю прадметамі ці хадзіць у масцы на хадулях! Такія дзівосы ды штукарствы “чапляюць” чалавека.

— Чым кіруецеся пры выбары матэрыялу для пастановак?

— Як правіла, за аснову бярэм літаратурны або выяўленчы твор часоў Сярэднявечча. Да прыкладу, пад час рэпетыцыіі “Карабля дурняў” хтосьці згадаў знакамітую аднайменную карціну Ераніма Босха. І мы сталі яе “ажыўляць”. Калі рыхтуем народную праграму, звяртаемся да беларускіх народных паданняў і легенд. Самая любімая пастаноўка — “Паданне пра Юр’ю і Цмока”, гумарная і караценькая, якую любяць глядзець дзеці.

— Давайце пагаворым пра матэрыяльны бок. Наколькі выгадна ў нашай краіне быць вулічным артыстам? І з чаго пачынаецца вулічны тэатр?

— Спачатку патрэбна ідэя аднаго чалавека, затым — пошук аднадумцаў, а пасля спатрэбіцца месца для рэпетыцый. Да ўсяго, трэба зрабіць рэквізіт, пашыць строі — усё гэта патрабуе матэрыяльных выдаткаў. А што да выступленняў... Калі проста выступаць на вуліцах горада, гэта нявыгадна.

— Пляцоўка для вашых выступленняў — вуліца пад час свят, фестываляў і форумаў вулічнай культуры. А ці ёсць магчымасць паказаць сябе па-за рамкамі гарадской падзеі?

— Гэта не вельмі лёгка. Каб самастойна выступіць, трэба прайсці некалькі камісій і атрымаць дазвол. У Еўропе, дарэчы, усё куды больш проста: вулічны артыст выходзіць, кладзе шапку і паказвае свае здольнасці.

— Што трэба рабіць, каб вулічны тэатр быў цікавы дзяржаўным інстытуцыям?

— Дзяржаўным інстытуцыям цікавыя тэатры і калектывы, якія робяць пастаноўкі пэўнай тэматыкі. Да прыкладу, сёлета шукалі артыстаў, якія маглі б зрабіць пастаноўкі ў гонар Дня Перамогі. Нас запрасілі паўдзельнічаць у парадзе, прайсці ў касцюміраваным шэсці. Нашы калегі, танцавальны гурт “Фламея”, падрыхтавалі танцы ў стылістыцы 1940-х і ладзілі майстар-класы ля сталічнай Ратушы. Дарэчы, поруч з ёй днямі распачала 
новы сезон канцэртная пляцоўка ў мінскім Верхнім горадзе. Прадстаўнікі адміністрацый раёнаў сталіцы шукаюць і запрашаюць вулічных акцёраў, танцораў і музыкантаў з мэтай зрабіць Мінск больш прывабным для турыстаў. Нарэшце з’явілася добрая магчымасць выйсці да публікі і паказаць сваю творчасць!

— Вулічны тэатр “Вір” заявіў пра сябе толькі сёлета, але вас і артыстаў трупы нельга назваць пачаткоўцамі. Ці можаце параўнаць з гэтай нагоды, арганізацыю фестываляў вулічнага мастацтва ў свеце з, да прыкладу, Мінскім форумам вулічных тэатраў?

— Так, мы бывалі шмат дзе. У складзе колішняга театра “ДыГрыза” ўдзельнічалі бадай ва ўсіх буйных фестывалях вулічнай культуры Польшчы, Украіны, Расіі, Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Даніі, Германіі, Венгрыі... У Беларусі ж, па сутнасці, толькі пачынаецца рух вулічнай культуры. Нашы падзеі такой скіраванасці часцей за ўсё маюць наступную формулу: прыязджаюць калектывы і некалькі дзён выступаюць на невялікай пляцоўцы ля мінскай Ратушы. Што да еўрапейскіх гарадоў, дык там фестывалі вулічнага мастацтва больш маштабныя і грандыёзныя. Перфомансы ладзяцца паўсюль: палова горада можа быць занята фестывалем! Да ўсяго, артысты прыязджаюць з розных краін і імкнуцца не толькі выступіць, але правесці майстар-класы, падзяліцца вопытам з калегамі.

— Ці падглядаеце вы штосьці ў іншых калектываў?

— Так, падглядаем, і ў нас — таксама! Часам бывае, што ўдзельнікі жывуць разам і артысты колькі дзён маюць пастаянныя зносіны. Таму ўзнікаюць стыхійныя майстар-класы, калі хтосьці нешта незвычайнае паказвае. Гэта заўсёды цікава.

— Чым адрозніваецца беларускі глядач ад еўрапейскага?

— У нас людзі рэагуюць так, што сапраўды адчуваецца іх “голад” ад нястачы вулічных перфомансаў. Артысты і музыканты з’яўляюцца на вуліцах акурат тады, калі горад прачынаецца пасля працяглага зімовага перыяду. Скажам, на сёлетнім форуме вулічных тэатраў была неверагодная колькасць гледачоў. Мяркую, тым жа мінчанам не хапае яскравых і пры гэтым нестандартных гарадскіх падзей. Мы тое бачым, калі людзі імкнуцца на кожным выступленні заняць месца ў першых шэрагах, калі яны стаяць шчыльным колам, калі шчыра ўсміхаюцца і доўга апладзіруюць артыстам. Нават у дождж стаялі пад парасонамі і падтрымлівалі нас! Еўрапейскі глядач таксама добры, але ён больш спакойна ставіцца да з’яўлення на вуліцах артыстаў.

— Які прафесійны досвед лічыце найбольш карысным?

— Аднойчы нам давялося выступаць з фаер-шоу на плывучай сцэне: даволі складана адначасова трымаць раўнавагу і інструменты з жывым агнём у руках. Яшчэ адно даволі цікавае выступленне адбылося ўзімку, калі мы паказвалі фаер-шоу на хадулях пры такой мінусовай тэмпературы, што, здавалася, нават дыханне становіцца ледзяным. У свой час даводзілася выступаць на вуліцах нямецкага горада Гамельн (гэта адтуль казка пра гамельнскага пацукалова, які сабраў усіх пацукоў пад сваю дудачку). Мы ехалі з аднаго фестываля на іншы, спыніліся ў гэтым прыгожым горадзе, вырашылі пакласці шапку і павыступаць на плошчы. Калі мы пачалі імпрэзу, да нас падышоў чалавек у касцюме таго самага казачнага пацукалова і сказаў: “Якія цудоўныя артысты! Я, напэўна, магу з’ехаць на выходныя, спакойна пакінуць горад у вашых руках і не баяцца, што пацукі зноў наступяць”. Вядома, гэта быў жарт (а мо і тонкі намёк на канкурэнцыю!), але пачуць камплімент аказалася вельмі прыемна.

Алена МАЧУЛЬСКАЯ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ

 

Хэдлайн рэгіёна

Сельскі тэатр — міф?

Вулічныя тэатры ў буйных гарадах Беларусі, як і ў вялікіх гарадах Еўропы — ужо рэальнасць. А вось ці будуць запатрабаваны такія тэатральныя вулічныя імпрэзы ў малых гарадах ці нават у буйных вёсках ці аграгарадках? Пытанне, як падаецца, з даволі няпэўным адказам.

І справа не ў тым, што на такіх прадстаўленнях акажацца мала гледачоў. Якраз наадворот: падобных імпрэз якраз у раёнах і не стае. Як не хапае там цікавых фестываляў, арыгінальных спектакляў, вулічных музыкантаў ды прыватных мастацкіх галерэй.

Справа тут — у грошах. Калі ў буйных гарадах вулічны тэатр можа збольшага “адбіць” сваё выступленне, пускаючы шапку па крузе ці дамовіўшыся з арганізатарамі таго ці іншага фэсту пра фінансавую падтрымку, у малых гарадах ці на сяле такой магчымасці можа і не быць. Прычына — банальная: у большасці раённых цэнтраў заробкі, як і ў сельскай мясцовасці, на парадак меншыя за сталічныя ці тыя, што маюцца ў абласных цэнтрах…

Вось і атрымліваецца замкнёнае кола: цікавасць да вулічных тэатраў ёсць, але задаволіць гэты попыт могуць не ўсе і не ўсюды… Магчымае выйсце: падтрымка такіх тэатраў як з дапамогай дзяржавы — праз рэкламу ў СМІ, вырашэнне арганізацыйных пытанняў, — так і дзякуючы патэнцыйным спонсарам ды мецэнатам, якія ёсць у любым горадзе. Праўда, спярша трэба паклапаціцца пра тое, каб такі мецэнат быў сам зацікаўлены ў фінансавай падтрымцы падобных прыватных ініцыятыў — зноў такі праз рэкламу той або іншай фірмы, таго ці іншага ўдзячнага прадпрымальніка...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Кажа эксперт

Ала СТАРЫКЕВІЧ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага гарвыканкама:

— У Брэсце фестываль вулічных тэатраў распачаў ладзіцца яшчэ ў рамках Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая Вежа”. І мы ўжо тады зразумелі, што гэта цікава для жыхароў абласнога цэнтра. З гэтай прычыны летась зладзілі выступленні некалькіх вулічных тэатраў пад час святкавання Дня горада. Сёлета ж, таксама на Дзень горада, мяркуем правесці ў Брэсце фестываль вулічных тэатраў. На мой погляд, гэта тое, што запатрабавана, актуальна і карыстаецца попытам у гараджан.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ


Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"