У сталічным Палацы мастацтва задумаліся над тым, што распавядуць нашчадкам абліччы нашых сучаснікаў, якую адметнасць знойдуць будучыя пакаленні ў памежжы тысячагоддзяў. Адказам паслужыў вернісаж Рэспубліканскай мастацкай выстаўкі “Партрэт у жывапісе, графіцы, скульптуры”.
Дзеля шырыні поглядаў пад адным дахам сабралі як знакамітых майстроў, так і мастакоў-пачаткоўцаў. Скульптары ў асноўным выставілі выявы асоб, што сваім мастацтвам змянілі светаўспрыманне чалавецтва. Застыў у задуменнай позе нічым не адметны з выгляду цудоўны мастак Тулуз Латрэк (А.Варвашэня), побач размясціліся класічныя выявы Леанарда да Вінчы (В.Дубовік) і Альберта Эйнштэйна (К.Селіханаў), у канцэптуальнай выяве Іосіфа Бродскага (А.Козел) адчувалася непахісная моц духу.А.Скіцеў. “Паліна і цень”. |
Тэму адметных постацей беларускага народа прадоўжылі графікі. Напрыклад, М.Басалыга прадставіў валявога воіна Андрэя Тадэвуша Банавентуру Касцюшку. А.Скіцеў натхніўся сучаснымі рэаліямі: на яго “Плошчы” прагульваецца дзяўчына з дрэдамі, дзяўчынка ў стылі эма безнадзейна шукае “Каханне”, а гераіня літаграфіі “Паліна і цень” накшталт персанажа Ф.Салагуба гуляе-ваюе с ценем. Неверагоднай пяшчотай вее ад афорта “Мелодыя” (Пастушэнка). На манахромнай карціне ў стылі арт-нуво валасы прыгажуні пераплятаюцца з неверагоднымі кветкамі, што, у сваю чаргу, разлятаюцца чароўнымі птушкамі па свеце. Таямнічыя легенды Усходу смарагдава-залатой імглой ахуталі “Мастацвазнаўца Платона Паўлава” на партрэце пэндзля Зоі Літвінавай.
Я б магла яшчэ доўга гаварыць пра ўбачаныя палотны, аднак даводзіцца завяршацьЗ.Літвінава. “Партрэт мастацтвазнаўцы Платона Паўлава”. |
Аднак ці заўсёды просты наведвальнік ці нават студэнт-жывапісец можа суаднесці аўтограф мастака з асобай? Ды па ініцыялах не зразумець назвы работы, над якой, верагодна, аўтар разважаў не адзін дзень.
Можа быць, подпісы, аформленыя па ўсіх правілах, з’явіліся ў наступныя дні. Але для той вялікай часткі наведвальнікаў, хто падчас адкрыцця не змог атрымаць элементарных звестак пра экспанаты, уражанне беззваротна сапсавана. Замест разваг аб вечным у жывапісе мы міжволі думалі аб імгненнасці чалавечых адносін да мастацтва.
Настасся ПАНКРАТАВА