Нашто нам Ноч музеяў?

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

Міжнародная акцыя як паказальнік жыццяздольнасці і крэатыву
Нямое кіно, “жывыя” карціны, дэгустацыя беларускіх нацыянальных страў, танцы амаль да ранку… Усё гэта ды многае іншае можна будзе ўбачыць сёння ў сталічных музейных установах, якія чарговы раз прымуць удзел у традыцыйнай міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”. Але ці запатрабавана гэтая ініцыятыва ў жыхароў беларускай сталіцы ды раённых цэнтраў? Гэтае пытанне, як высветліла “К”, мае не такі ўжо адназначны адказ…

/i/content/pi/cult/533/11560/4-22.jpgСталіца ў трэндзе

Сёння ў сталічных музеях будзе, што называецца, не прайсці і не праехаць… Кажу гэта з упэўненасцю, бо сам бачыў на ранейшых акцыях “Ночы музеяў” не раўнуючы — натоўпы людзей... І зразумела, чаму гэтак адбываецца: музейшчыкі імкнуцца ў гэты дзень здзівіць сваіх наведвальнікаў нечым незвычайным і арыгінальным…

Таму, напрыклад, дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Алега Рыжкова маё пытанне наконт неабходнасці і запатрабаванасці “Ночы музеяў” у жыхароў сталіцы нават здзівіла. Па ягоным меркаванні, удзел у падобнай акцыі — не толькі вельмі патрэбны для ўсіх музеяў Беларусі, але і вельмі прэстыжны. Акрамя таго, “Ноч музеяў” — самая сапраўдная рэклама як музейнай установы, так і яе патэнцыялу, выдатная магчымасць здзівіць самых розных наведвальнікаў не толькі экспазіцыяй, а і сваім крэатыўным мысленнем.

А для таго, каб убачыць такі крэатыў на свае вочы, Алег Рыжкоў параіў мне і ўсім чытачам “К” наведаць сёння Музей гісторыі беларускага кіно, які на адзін вечар фактычна ператворыцца ў беларускую карчму. Тут можна будзе пакаштаваць розныя стравы нацыянальнай кухні, прыгатаваныя па старадаўніх рэцэптах. Дэгустацыю, дарэчы, арганізуе комплекс “Дудуткі”, і гэта, па словах Алега Рыжкова, выдатны прыклад супрацоўніцтва дзяржаўнага і прыватнага музеяў. Ну а пасля дэгустацыі можна будзе акунуцца ў атмасферу старадаўніх нораваў і звычаяў: у праграме “Ночы музеяў” запланаваны гульні, песні і разнастайныя забаўкі ажно да гадзіны ночы.

Параіў Алег Рыжкоў завітаць і ў Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, будынак якога ў сталіцы ведаюць і як Дом масонаў. Тут пройдзе інтэрактыўнае шоу “Містэрыя майскай ночы”: ва ўнутраным дворыку зайграюць джаз і зладзяць танцы, а ў самім музеі можна будзе ўбачыць сучасную інтэрпрэтацыю вядомай пастаноўкі “Прывід оперы” у выкананні артыстаў Тэатра оперы і балета. Да слова, у Нацыянальным гістарычным таксама будзе цікава: тут ва ўнутраным дворыку з 16 гадзін разгорнецца кірмаш майстроў, будуць ладзіцца майстар-класы па танцах і гульні на барабанах, пройдзе спектакль ды адбудзецца яшчэ шмат чаго цікавага…

Пра запатрабаванасць акцыі “Ноч музеяў” казала мне і дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч. Па яе словах, гэтая імпрэза ў Мінску цалкам сябе апраўдвае: на яе прыходзяць сотні і нават тысячы людзей... Да таго ж, акцыя дазваляе адчуць сябе ў сусветным міжнародным трэндзе, падтрымлівае своеасаблівую моду на музейныя ўстановы, якая сёння пашыраецца па ўсім свеце. Акрамя таго, “Ноч музеяў” — значнае рэкламнае мерапрыемства і дазваляе далучыць да музейных устаноў самыя розныя катэгорыі наведвальнікаў, якія, магчыма, без падобных імпрэзаў і не здагадаліся б ніколі завітаць у той ці іншы музей Беларусі…

Дарэчы, схадзіць у Музей Янкі Купалы пад час “Ночы музеяў” у гэты вечар будзе танней за ўсё: уваход каштуе ўсяго тысячу рублёў. Грошы, пагадзіцеся, па сённяшніх мерках, цалкам намінальныя. Святочная музейная праграма, па словах Алены Ляшковіч, называецца ”Вакол свету за адну ноч” і прысвечаная яна ўшанаванню памяці Песняра. Пра ўсе музейныя цікавосткі распавядаць не буду, але адзначу, што ўвесь вечар і нават злёгку за поўнач у самім музеі і ў парку будуць спяваць песні і танцаваць нацыянальныя танцы 15-ці краін свету, з якімі так ці інакш звязана імя Янкі Купалы: ад Беларусі і Літвы да ЗША і Бразіліі…

Фота з вінтоўкай Мосіна

Але гэта, як кажуць, толькі сталічныя “штукарствы”… У рэгіёнах гэты дзень адзначаць, вядома ж, не з такім размахам. Напрыклад, як распавёў у гаворцы са мной дырэктар Мсціслаўскага гісторыка-археалагічнага музея Магілёўскай вобласці Уладзімір Шылянкоў, ягоная ўстанова, натуральна, прыме ўдзел у “Ночы музеяў”, але вялікіх дывідэндаў з гэтага кіраўнік не чакае. І гэта адбудзецца нягледзячы на тое, што для ўсіх ахвотных музейшчыкі прапануюць экскурсію, а маленькія наведвальнікі ў гэты дзень змогуць паўдзельнічаць у інтэрактыўных занятках і адчуць сябе на іх друкарамі, папрацаваўшы на сапраўдным друкарскім станку, звязаным, як не цяжка здагадацца, з брэндавым імем горада — Пятром Мсціслаўцам.

— Людзей у нас, як і звычайна, прыйдзе не так ужо і шмат, — адзначыў Уладзімір Шылянкоў. — Звязана гэта, на маю думку, з нястачай грошай: нам няма на што зладзіць буйны праект, якім можна было б зацікавіць гараджан…

Да таго ж, як лічыць кіраўнік музея, падобныя акцыі варта ладзіць у буйных гарадах, дзе шмат моладзі, шмат турыстаў ці проста цікаўных людзей. Ды ў сталіцы ці абласных і вялікіх раённых цэнтрах у музейных устаноў ёсць больш магчымасцей для рэкламы сваёй дзейнасці...

У нечым падтрымлівае свайго калегу і дырэктар “Музея бітвы за Днепр” з гарадскога пасёлка Лоеў Гомельскай вобласці Рыма Стаднікава. На яе думку, у буйных музейных установах — як у сталіцы, так і ў абласных цэнтрах, — больш магчымасці прывабіць да сябе наведвальнікаў пад час “начной” акцыі. Аднак, на думку кіраўніка ўстановы культуры, і раённыя музеі, у тым ліку і ў Лоеве, ад падобных акцый выйграюць даволі шмат: па яе словах, многія мясцовыя жыхары ўжо за тыдзень ці за месяц да пачатку імпрэзы цікавіліся, калі ж яна пройдзе… Адбываецца гэта таму, што, па словах Рымы Стаднікавай, “Музей бітвы за Днепр” прапаноўвае сваім наведвальнікам пад час акцыі не толькі экскурсію па залах установы культуры, але і розныя дадатковыя цікавыя паслугі. Напрыклад, тут за намінальную плату можна сфатаграфавацца ў вайсковай форме часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама патрымаць у руках сапраўдны аўтамат ППШ ці вінтоўку Мосіна — тую зброю, з якой чырвонаармейцы ды партызаны часцяком хадзілі ў атаку на ворага… Таксама ў гэты ж дзень у музеі запланавана сустрэча з мясцовымі пагранічнікамі, а навучэнцы мясцовай школы мастацтваў дадуць канцэрт…

Усе гэтыя мерапрыемствы, як лічыць Рыма Стаднікава, абавязкова прыцягнуць увагу жыхароў мястэчка да музейнай установы, падвысяць яе прэстыж і статус. Да таго ж, удзел у “Ночы музеяў” дасць магчымасць музейшчыкам прадэманстраваць усім багацце сваіх калекцый і далучыцца да міжнароднай музейнай супольнасці… А ў тым, што на гэтую акцыю прыходзяць не так шмат людзей, як хацелася, на думку дырэктара, значнай праблемы няма: усе вялікія справы, як вядома, калісьці пачыналіся з малых. І з гэтай заўвагай кіраўніка ўстановы цяжка не пагадзіцца…

Такім меркаваннем кіруюцца і ў Пастаўскім краязнаўчым музеі Віцебшчыны, дзе ноч музеяў вырашылі ператварыць… у дзень. Як распавяла “К” выконваючая абавязкі дырэктара музея Дзіна Вялічка, у суботу днём музейныя супрацоўнікі запросяць усіх ахвотных на экскурсію па старажытнім цэнтры Пастаў, а тым, каго шпацыр па гарадскіх вулках не зацікавіць, яны прапануюць завітаць на выстаўку “Таямніцы палаца Тызенгаўзаў”. Да таго ж, вечарам у музеі адбудзецца сустрэча з мясцовымі калекцыянерамі, якія ў свой час паспрыялі адкрыццю ва ўстанове пастаяннай экспазіцыі, звязанай з Першай сусветнай вайной… На больш буйныя акцыі музейшчыкі сёлета не адважыліся: па словах Дзіяны Вялічкі, у музеі вельмі мала супрацоўнікаў, і адпаведна, — магчымасцей зрабіць што-небудзь значнае…

Але, як лічыць візаві, акцыя “Ноч музеяў” патрэбна, асабліва для школьнікаў, а таксама для больш сталых жыхароў мястэчка — у тым ліку, і для пенсіянераў, — якія ў звычайныя дні абмінаюць музейную ўстанову, лічачы, што там няма нічога цікавага ці не жадаючы аддаць за агляд экспазіцыі грошы на квіток… Вось таму і вырашылі музейшчыкі перанесці мерапрыемствы на дзённыя гадзіны, каб у гэтую суботу ў іх паўдзельнічала як мага больш людзей…

Акцыю — раз у квартал?

Што ж, усе гэтыя меркаванні і думкі — слушныя і вартыя ўвагі. Іншая справа, каб за гэтымі скаргамі пра недахоп грошай ці штату, якія мне давялося чуць пад час гутарак з прадстаўнікамі рэгіянальных устаноў, не стаяла банальнае нежаданне музейных супрацоўнікаў рабіць нешта цікавае ці прыдумаць новае… Бо, што ні кажы, а для “Ночы музеяў” варта менавіта прыдумляць, зацікаўліваць, уражваць… Пры іншым раскладзе на поспех гэтай акцыі ў межах раёна і разлічваць не варта…

Менавіта пра гэта казала мне ў размове і дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара Джумантаева. Па яе словах, падобныя акцыі прымушаюць музейшчыкаў варушыцца, ствараць цікавыя мерапрыемствы і нават запрашаць ці наймаць для гэтага рэжысёраў ды пастаноўшчыкаў... Натуральна, буйныя музеі ў гэтым плане знаходзяцца ў больш выйгрышнай сітуацыі, але і ў раёнах музейшчыкі могуць і здольны здзіўляць мясцовых жыхароў сваім крэатывам…

У гэтай думцы, дарэчы, перакананы і Алег Рыжкоў. Ён, як вядома, калісьці ўзначальваў абласное ўпраўленне культуры Гомельскага аблвыканкама і не з чужых вуснаў ведае, наколькі важна раённым музейным установам пазіцыянаваць ды рэкламаваць сябе. А акцыя “Ноч музеяў” для гэткай рэкламы падыходзіць проста ідэальна.

— Тое, што ў гэтай міжнароднай акцыі абавязкова трэба ўдзельнічаць кожнай музейнай установе Беларусі, для мяне не выклікае сумнення, — адзначыў Алег Рыжкоў. — На Гомельшчыне, калі я ўзначальваў абласное ўпраўленне культуры, мы так і рабілі: прымусілі кожны музей прыняць удзел у “Ночы музеяў”. Памятаю, што на гэтыя акцыі ў некаторых раёнах завітвала вельмі шмат людзей — бывала, што і большасць насельніцтва таго ці іншага горада! І гэта ўжо тады яскрава паказала, што людзям такія імпрэзы цікавыя, яны хочуць бачыць у музеях нешта незвычайнае ды нязвыклае, жадаюць на падобныя мерапрыемствы хадзіць… Таму, на мой погляд, сёння варта гаварыць аб тым, каб акцыі, падобныя да “Ночы музеяў”, ладзіліся ў музеях Беларусі не раз на год, а значна часцей. Дзеля таго, каб музеі нагадвалі пра сябе пастаянна, каб яны пастаянна былі на слыху… Бо гэта і рэклама, і прыток новых наведвальнікаў, і, натуральна, грошы…

Што ж, з думкай прафесіянала нельга не пагадзіцца… Бо што ні кажы, а “Ноч музеяў” — акцыя паказальная, і выдатна дэманструе жыццяздольнасць таго ці іншага музея, а таксама адразу сведчыць, наколькі творчыя у ім супрацоўнікі, наколькі яны зацікаўлены ў развіцці сваіх ідэй і крэатыўных задумак… Бо калі музейшчыкі не могуць арганізаваць цікавае мерапрыемства хаця б раз на год, калі яны не могуць прыцягнуць увагу да сваёй акцыі праз інтэрнэт, газеты, радыё і тэлебачанне, дык ці варта пасля наракаць ім на недахоп фінансавання ці рэкламы, а таксама скардзіцца на няўвагу з боку раённых улад? Бо грошы, зразумела, заўсёды пойдуць толькі туды, дзе з іх ёсць ці плануецца аддача. Іншай умовы для фінансавання быць проста не можа. І не так ужо і важна, дзяржаўныя гэтыя грошы ці з прыватных фондаў: безаблічны музей, нецікавы і “нежывы”, іх ніколі не атрымае…

У Берліне — і два разы!

Напрыканцы варта сказаць пра тое, што сёлетняя “Ноч музеяў” будзе ладзіцца з 13 па 16 мая ажно ў 42 краінах свету. Нагадаю, што ўпершыню “музейная ноч” была зладжана ў Берліне ў 1997 годзе, а сваю сучасную назву яна атрымала ў 2005 годзе, калі Францыя прапанавала зрабіць музейна-выставачную акцыю “Ноч музеяў” міжнароднай.

Дарэчы, “Доўгая Ноч музеяў” ладзіцца ў Берліне двойчы на год: у канцы студзеня і жніўня. Так што ў нямецкай сталіцы ўжо даўно ажыццявілі тое, пра што мараць некаторыя айчынныя музейшчыкі, і адкрываюць дзверы для сваіх наведвальнікаў не адзін раз на год… Каля сотні галерэй, выставачных залаў і культурных цэнтраў сталіцы Германіі працуюць у гэтыя дні да другой гадзіны ночы, арганізоўваюць дадатковыя выстаўкі, майстар-класы, канцэрты класічнай і джазавай музыкі, а оперныя тэатры транслююць спектаклі на велізарных экранах проста на вуліцы…Напрыканцы свята на Музейным востраве ладзяць светлавое шоў і маляўнічы феерверк. Вопыт, на мой погляд, варты пераймання як у Мінску, так і ў абласных цэнтрах Беларусі…

І ўсё ж нават пасля абмеркавання тэмы ў мяне засталося пытанне да супрацоўнікаў музейных устаноў: а ці спрыяе акцыя "Ноч музеяў" папулярнасці нашых скарбніц у астатнія 364 дні года і ці ўплывае на імідж музеяў як грамадска-значнай прасторы наогул? Падзяліцеся меркаваннямі!

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"