Вачыма Ларывона-мухі

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

Амаль сур’ёзна пра смешнае
Калі лідарам Краіны Саветаў стаў Мікіта Хрушчоў, анекдоты пасыпаліся, бы з рога: народ адчуў подых “адлігі”. Развязаліся языкі, з’явілася азначэнне “ўцэнены анекдот”: “Пры Сталіне за яго давалі дзесяць гадоў, цяпер сталі даваць толькі сем”.

/i/content/pi/cult/533/11557/14-6.jpg(Працяг. Пачатак у №№ 13, 16, 18.)

Галоўная тэма — харчовы крызіс. Перастаў выходзіць статыстычны штогадовік “Народная гаспадарка СССР”, бо лічбы аказаліся бязрадаснымі. Народ адрэагаваў жартам: “Статыстыка, як жанчына: цікава, што яна паказвае, але яшчэ больш цікава, што яна прыхоўвае”.

СМІ штовосень суцяшалі народ, што ў ніколі нікім не бачаныя міфічныя “закрома родины” сёлета засыпана зерня на 9,3% больш, чым летась. Хто-ніхто здагадваўся гэтыя штогадовыя працэнты прыросту скласці…

Больш за ўсё анекдотаў існавала ў форме дыялогаў. Напрыклад такі:

“Пакупнік і прадавец.

— Скажыце, у вас няма мяса?

— У нас няма рыбы, мяса няма ў краме насупраць”.

Тэма харчовага недахопу была ў анекдотах пра ўсіх народаў СССР.

“Ідзе адэсіт па Маскве, аглядае шыльды крам, зайздросціць:

— Як у Маскве добра гучыць: “Мосхліб”, “Мосмьяса”, “Мосріба”! А то ў нас, у Адэсе: “Одэхліб”? “Одэмьяса”? “Одэріба”?.. То я вжэ нэ кажу пра Хэрсон!”

Партапарат, што са сталінскіх часоў не пярэчыў вярхам, знайшоў выйсце: прыпіскі! Аднымі і тымі ж тонамі, скажам, масла рабіла справаздачу адна вобласць, затым тыя ж меры “перакупала” суседняя — і таксама справаздача выглядала паспяхова! Анекдоты ў форме дыялога нагадвалі ці то творы слуцкіх вострасловаў, ці то незарыфмаваныя жарты Ларывона-мухі.

“— Колькі ваш калгас надойвае малака?

— Пяць з паловай тон.

— А колькі здаяцё дзяржаве?

— Восем і тры дзясятыя тоны”.

Ва ўстановах стэнды ўпрыгожвалі графікі ды дыяграмы росту надояў і ўраджайнасці, але з паліц крам зніклі паступова нават заляжалыя плаўленыя сыркі.

“— Скажыце, што было раней: яйка ці кура?

— Раней было ўсё”.

Увосень 63-га хлебазаводы скасоўвалі выпечку батонаў і булак, зачыняліся кандытарскія цэхі. Белы хлеб выдавалі хворым і дашкалятам па даведках, заверанных пячаткамі. ЖЭСы вылучалі квіткі-талоны — я іх захоўваю для гісторыі! — на бялізну, мыла, крупы, масла… Ды літаральна на ўсё! Улады гэта ўвёртліва назвалі “часовымі цяжкасцямі”. Народ імгненна адрэагаваў афарызмам: “У СССР няма нічога больш вечнага, чым часовыя цяжкасці”.

Над вялікай краінай навісла пагроза татальнай картачнай сістэмы.

Пасля візіта ў ЗША Хрушчоў рашыў: выратаванне — гэта кукуруза!

І зарыпелі пёркамі пісьменнікі! Нават беларускі класік на схіле дзён выдаў: “Кукуруза — гэта сала, кукуруза — малако! Кукуруза-кукурузка, усім жывёлам ты закуска!”

Кінематаграфісты тэрмінова выдалі таленавітую мультыплікацыйную агітку “Чудесница”. Газеты, кіначасопісы поўніліся матэрыяламі пра цуд-культуру, якая… тады ў нас чамусьці не жадала выспяваць. Віцебшчына — не штат Аёва!

Каб задобрыць Хрушчова, падхалімы выстройвалі ўздоўж яго маршрута сценку з рослай кукурузы, якую вырасцілі ў гаршках. А па-за ёю: “Кукуруза — па шыю… калі ўстаць уніз галавой”.

Народу заставалася адно: жартаваць:

“— Дагонім Амерыку па вытворчасці малака і мяса!

— А калі дагонім, можна будзе там застацца?”

Можа, людзі цярпелі б і надалей, але крыўдзілі весткі, што СССР дапамагае харчаваннем, прамысловымі вырабамі і валютай краінам, якія і на мапе не адразу знойдзеш: варта было іх кіраўнікам заявіць, што там маюць намер будаваць камунізм. Тая краіна адразу ж станавілася “брацкай”, а Савецкі Саюз — яе валютным донарам. Скажам, СССР “задарма” пабудаваў на Ніле Асуанскую плаціну, а лідара Егіпта Насэра, які быццам збіраўся ўсталяваць нейкае падабенства камунізму, уганараваў высокай узнагародай. Каштоўны падарунак у выглядзе плаціны, узнагарода не перашкодзілі Насэру з часам перастраляць у сябе камуністаў.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр