Мой Сыс

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

Хуткасць жыцця. Прайшло дзесяць гадоў, як ад нас пайшоў Паэт. Калі не стала Анатоля Сыса, мне патэлефанавалі і Аляксей Марачкін, і Ларыса Раманава, і… Але я не паехаў ні на пахаванне, ні на дзевяць, ні на сорак дзён. Замкнуўся ў майстэрні і пачаў сваю размову з Паэтам сродкамі выяўленчага мастацтва. І было з чаго нават не пачынаць, а працягваць.

/i/content/pi/cult/533/11555/14-1.jpg

Алесь Квяткоўскі. "Пчалінае ўзнясенне".

У 1999 годзе на саракагоддзе я падарыў Анатолю свой твор “Час”, які яшчэ называўся “Толікава канюшня: 1999”. Потым карціна вярнулася да мяне і экспанавалася на колькіх выстаўках. А як вярнулася? Ды Сыс у “непрыглядным” стане збіраўся выкінуць мой падарунак у акно. Таму і забраў… За гады нашага знаёмства і сяброўства (тэрмін, калі мая майстэрня знаходзілася побач са сталічнай філармоніяй) я ніяк не мог зрабіць нармальны накід, не кажучы пра партрэт Сыса. Гісторыя пакінула шмат анекдатычных аповедаў на тэму: “Сыс як натуршчык”. Напрыклад, пачынаю яго маляваць, як прыходзяць у студыю чаканыя, але раней за вызначаны тэрмін, немцы, і Анатоль адразу да іх: “Сярожа (перакладчык — А.К.), запытай у іх, чаму яны маю хату спалілі?”. Меўся на ўвазе ваенны час.

Анатоля не стала. Да дня ягонай смерці мы не бачыліся амаль чатыры месяцы. Ягоны страшэнны выгляд (як кажуць), нежаданне жыць (асабліва пасля смерці маці: пра тое яго апошні верш “Начаваў я ў вуллі…”), плёткі, абразы, брыдота вакол ягонай асобы для мяне засталіся ў баку. Першымі я зрабіў некалькі твораў вадзянымі фарбамі: акварэль, акрыл, акварэльныя алоўкі — як працяг нізкі твораў, натхнёных вершам Анатоля “Пан Лес”. Гэта і партрэт Сыса (2006 год), і трыптых “Толікава канюшня”: “Час”, “Вершы”, “Памяць” і “Ля парога роднага дома”, падказаны вершам “Мая хата без сяброў не хата”. Разам з імі з’явіўся і жывапісны “Пан Лес”. Я рабіў папярэднія эскізы, нават кардон да карціны. Для мяне Анатоль у вобразе язычніцкага Пана павінен быць падобным на класічны, амаль кананічны прыклад такой выявы. І як словамі растлумачыць, адкуль прыляцела белая птушка, прышкандыбалі гарэзлівыя лесавічкі?

Толькі за год пасля смерці паэта мора бруду вылілася на ягонае імя. Бог ім усім суддзя — добразычліўцам ды зайздроснікам. У мяне з ім таксама не вельмі карэктныя спрэчкі былі, не вельмі далікатныя словы гучалі паміж намі. Але факт, што ён мяне цікавіў як Асоба, як Творца, як чалавек, які гаварыў праўду. Ох, якую некаторым непрыемную… Нават зараз уяўляю рэакцыю на Толікавы праўдзівыя словы, ці то на адрас народнага мастака, ці то палкоўніка, ці то бізнесмена. А праўда з вуснаў, як шмат хто лічыў, блазна, аказвалася часта найпраўдзівай! Зразумела, шмат каму непрыемная, нават лепшым сябрам. Ды ці былі яны ў яго насамрэч? Думаю, што сёння ён са многімі так званымі сябрамі нават і не паздароўкаўся б…

Анатоль шмат мне даў. “Ведаеш, Квят! — гэта ён мне. — Табе не хапае эпатажу! Каб я ўмеў маляваць — я б у золаце хадзіў…” Сыс парушыў маю эфектную і трохі эфектыўную ў матэрыяльным плане “Гульню з вадзянымі фарбамі”. У мяне з’явіўся новы падыход не толькі да мастацкага матэрыялу, але і новая эстэтыка.

Дзякуючы Анатолю мы з жонкай, Вікторыяй Ільінскай, пазнаёміліся з цікавымі людзьмі (усім ад майго імя Сыс дарыў мае ж карціны): гэта пісьменнікі Вітаўт Чаропка і Андрэй Федарэнка, музыканты Слава Корань і Кася Камоцкая… Ды каго толькі не пабывала ў маёй майстэрні напрыканцы ХХ — у пачатку ХХІ стагоддзяў! Фінансісты і міліцыянеры, гандляры і дыпламаты, пачынаючыя бамжы і філосафы.

/i/content/pi/cult/533/11555/14-2.jpg

Алесь Квяткоўскі. "Начаваў я ў вуллі..." Анатоль Сыс".

Паэт пайшоў, але сяброўства з паэзіяй працягваецца. Зараз ладзім свае супольныя творчыя задумы з Віктарам Шніпам, суседам, земляком, аднадумцам, у каго адносіны з Анатолем Сысам былі выключнымі… Пасля ўзрушанасці “Панам Лесам” мною былі створаны яшчэ карціны, на якіх і не павінен быў апынуцца вобраз Сыса. Гэта “На Беларусі Бог жыве” паводле верша Уладзіміра Караткевіча. У 2008 годдзе быў створаны “Бажавоўк”. Прынцыпова класічны, моцны выгляд героя, сур’ёзны звер, у нагах — улюбёны футбольны мяч.

Яшчэ праз год мы з Вікторыяй самі наведалі Гарошкаў. Сястра Анатоля Тамара пакінула нам ключ і мы тыдзень адпачывалі на радзіме Паэта. Тут нарадзілася карціна “Пчалінае ўзнясенне”. На ёй — канкрэтны кавалак вёскі са знакамітай ліпай ля дома, край шашы Рэчыца-Лоеў, Толікаў падворак, і мы, якім прысвечаны верш “Дух”.

Ад Анатолевага твора “Пчаліная матка” пачалася мая “пчаліная” тэма ў творчасці: “Дзікі мёд”, “Вулей-І”, “Соты”, “Рамка”, “Мядовы Спас”. — твораў яскрава-кадміевых, якія на вернісажах перабіваліся халоднымі, зялёна-сінімі кампазіцыямі, натхнённымі бярозавым гаем, пад якім спачыў Паэт. Нідзе яшчэ не бачыў такіх могілак сярод дрэў-бяроз высока над шашой Брэст — Бранск. Можна ўявіць такую сітуацыю: тыя могілкі, быццам карабель, што імкнецца да Дняпра, а над усім гэтым — фантастычнае паветра. Вось і мрояцца мне казачныя аблокі над вёскай Паэта, і ён сам, які сочыць за намі…

Паэта не стала. Прайшло дзесяць гадоў. Асабіста я ганаруся тым, што сябраваў з ім; лічу, што зрабіў як чалавек, як мастак свой учынак, калі стварыў галерэю з трыццаці пяці твораў, прысвечаную Анатолю Сысу, якую называюць “У крыж Паэта” ці “У вянок Анатоля Сыса”. Мне за іх не саромна ні перад Богам, ні перад Беларуссю.

Аўтар: Алесь КВЯТКОЎСКІ
мастак, педагог