Крылы Пегаса Лёшкі Глебушкі

№ 19 (1197) 09.05.2015 - 15.05.2015 г

У 1938 годзе Глебаву споўнілася трыццаць. Роўна столькі ж яму заставалася жыць. Аднак хто гэта ведаў? Можна сказаць, менавіта да гэтага юбілею Аляксей Канстанцінавіч прыйшоў ужо сталым майстрам, у многім апярэдзіўшы сваіх “дыпламаваных” калег. “З Лёшавых работ, — прыгадваў Керзін тагачасны перыяд, — мне асабліва запомніліся тры. Гэта конная група кавалерыстаў — камандзіраў Першай Коннай арміі — памерам у палову або трэць натуры; праект помніка вызвалення Заходняй Беларусі, што атрымаў першую прэмію; нарэшце, мы рабілі разам праект помніка Міхаілу Фрунзэ для Масквы. Мы ляпілі мадэль памерам адзін метр вышыні, а можа, і болей. Кампазіцыю ўсталёўвалі разам. Праект не ўдалося завяршыць…” Дадам, што ў гэты час з-пад разца Глебава выйшлі серыя барэльефаў для мінскага Акруговага Дома афіцэраў і скульптурныя групы “Лявоніха” і “Крыжачок” для павільёна БССР на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы.

/i/content/pi/cult/532/11553/15-1.jpg

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 15, 17.)

Вайна… Дзень 22 чэрвеня 1941 года заспеў Глебава ў керзінаўскай майстэрні. Праз два дні разам з сям’ёй (ён быў ужо жанаты) паспеў эвакуіравацца ў Саратаўскую вобласць. Керзін застаўся ў акупаваным Мінску. Немцы яго не краналі, майстэрню таксама, і гэта дало 65-гадоваму скульптару, дзякуючы зручна размешчанай у горадзе майстэрні (цяпер вуліца Някрасава, 7), магчымасць у якасці сувязнога дапамагаць падпольшчыкам і партызанам. За гэта пасля вайны майстар атрымаў партызанскую медаль.

А што ж яго любімы вучань? Прызваны Балтайскім РВК Саратаўскай вобласці, Аляксей Канстанцінавіч адразу ж пайшоў на перадавую. І ў складзе асобнага кулямётнага батальёна (Заходні фронт) удзельнічаў у цяжкіх баях пад Вязьмай, Малаяраслаўцам і Тулай. У канцы студзеня 1942-га ў баі пад Сухінічамі быў цяжка паранены і надоўга аказаўся ў 49-м палявым перасоўным шпіталі, які амаль год курсіраваў па Мажайскім раёне Маскоўскай вобласці. Ачуняўшы, пасябраваў з начальнікам шпіталя, які любіў мастацтва. І той зрабіў усё, каб хворы чырвонаармеец Глебаў мог хаця б трошкі, непасрэдна ў палаце, каб не страціць “форму”, займацца лепкай у пластыліне. Тым больш, “мадэлі” былі побач: салдаты і афіцэры, медсёстры, урачы, няні, донары. Праз нейкі час Глебаў — да мая 1943-га — апынуўся ў 137-м шпіталі, у раёне горада Адзінцова. Будынак размяшчаўся на тэрыторыі жывапіснага ляснога масіва. Для параненых байцоў тут было адносна камфортна, але, галоўнае, палепшыўся агульны настрой пасля нашай перамогі пад Сталінградам. Чым не лекі? Аляксей Глебаў нават змог непасрэдна на паляне абсталяваць сваеасаблівыя подыумы і арганізаваць невялічкую выстаўку твораў самадзейных мастакоў — параненых байцоў, ды і сам прыняў у ёй удзел, паказаўшы серыю натурных эцюдаў.

Пасля выздараўлення Глебаў адкліканы ў Маскву — у распараджэнне Цэнтральнага штаба партызанскага руху. Тут ён сустрэўся са сваімі таварышамі Андрэем Бембелем, Заірам Азгурам, Іванам Ахрэмчыкам, Яўгенам Зайцавым, якія натхнённа працавалі над мастацкім летапісам Вялікай Айчыннай вайны. У жыцці Глебава пачыналася новая старонка. Менавіта тут, пры штабе, у майстэрні на Сходні, дзе, дарэчы, Бембель выляпіў свайго Гастэлу, ён прыступіў да работы над коннай статуяй выдатнаму беларусу, камандзіру кавалерыйскага корпуса, генерал-маёру Льву Даватару, які па-геройску загінуў у снежні 1941-га пад Масквой. Складаны момант руху: конь толькі завяршае скачок, і пярэднія ногі, здаецца, ледзь крануліся зямлі. Таму і генерал адкінуўся ў сядле з шабляю нагала… Значна пазней з’явіцца больш выразная па задуме манументальная кампазіцыя, прысвечаная Даватару. Тая самая, якая павінна стаць мадэллю велізарнага помніка для Віцебска.

Паралельна робяцца эскізы яшчэ дзвюх конных статуй — князёў Васількі Мінскага і Уладзіміра Полацкага. Аўтар пакажа іх у Траццякоўскай галерэі на выстаўцы ў гонар 25-годдзя БССР. Сівая гісторыя, грамадзянская вайна і Вялікая Айчынная ў думках Глебава зліліся ў адно непарыўнае духоўнае цэлае. А як аддзяліць адзін ад другога вобразы моцных і мужных князёў, Даватара, чырвоных коннікаў “у запыленых шлемах” ад партызан, або Скарыну ад Янкі Купалы? Ніяк. Усе яны — у адной прасторы. Прасторы далёкай і блізкай гісторыі, а таксама той сучаснасці, якую Глебаў бачыў толькі ў святле любові, маладосці і хараства. Можа, таму ён з такім захапленнем і асалодай ляпіў і рэзаў у дрэве аголеныя фігуры дзяўчат?

“Два самыя дзівосныя стварэнні на зямлі — гэта жанчына і конь”, — любіў паўтараць Аляксей Канстанцінавіч. І, сапраўды, чароўнаму полу, як і каням, ён прысвяціў шмат натхнёных твораў, лепшыя з якіх — кампазіцыі “Юнацтва”, “Плаўчыха”, “З абручом”, “Вечар на цаліне”, “Новыя далягляды”… Пра “Юнацтва” Андрэй Бембель аднойчы так сказаў: “Гэта работа Глебава — вяршыня. Яна сведчыць, колькі яшчэ мог бы зрабіць Алёша. Класічнае, непераўзыдзенае ў глебаўскай творчасці рашэнне. Лаканічная мова. Збліжэнне жыццёвага пачатку з высокім майстэрствам. “Юнацтва” вельмі сучаснае. Вельмі скульптурнае. Вобраз уражвае. Знойдзена дакладна ўсё — памер, матэрыял дрэва. Поўная гармонія! Дакладны змест, дакладная форма!” Гэта ацэнка створанаму сябрам — па найвышэйшых крытэрыях.

Па такіх жа крытэрыях можна ацэньваць і лепшыя партрэты разца Глебава. Я маю на ўвазе, напрыклад, партрэты народнага паэта Янкі Купалы, мастакоў Уладзіміра Кудрэвіча і Аскара Марыкса, артыста-купалаўца Уладзіміра Уладамірскага, а таксама старога калгасніка. Дарэчы, пра Купалу. Яшчэ ў Маскве Глебаў упершыню спрычыніўся да вобраза Песняра, вылепіўшы фігуру паэта, які спакойна ідзе ў доўгім паліто з кавенькай у руце. Яшчэ не зусім ідэальна выбудаваная кампазіцыя, з’явілася, аднак, для скульптара зыходным пунктам для наступных, да канца яго жыцця, пошукаў рашэння іншых кампазіцыйных варыянтаў. І гэтым купалаўскім вобразам, ужо адточаным майстэрскім разцом, разам з цудоўна выразанай у дрэве статуяй Францыска Скарыны і рамантычнымі вершнікамі, наканавана будзе заняць галоўнае месца ва ўсёй творчасці Глебава…

Можна было б паслядоўна называць шматлікія пасляваенныя работы скульптара, прасочваць звілістыя сцяжынкі развіцця задум. Для гэтага, хочацца верыць, прыйдзе час, і хтосьці зробіць фундаментальную кнігу-альбом. А пакуль — пра асноўнае. У 1953 годзе Глебаў стварыў рэльеф, прысвечаны беларускім партызанам, на цокалі манумента на плошчы Перамогі ў Мінску. Ён вельмі добра ўспрымаецца і ў ансамблі з трыма іншымі рэльефамі помніка, і асобна. Потым скульптар стварыў шматфігурную кампазіцыю “Сустрэча Леніна на Фінляндскім вакзале ў красавіку 1917 года”, якая ў свой час лічылася адным з лепшых твораў беларускай Ленініяны. Трэба сказаць, што ўжо ў другой палове 1950-х гадоў акрэсліўся якасна новы падыход скульптара да традыцыі рэалізму XIX cтагоддзя, на аснове якой ён па-свойму, па-глебаўску, пазбаўляецца старонняга ў творчасці. Таго, у чым вінаваты быў не столькі сам, колькі перыяд у грамадстве, калі давалі сябе адчуць пампезнасць, ілюстрацыйнасць, просталінейнасць. Мне здаецца, што ў гэтым творы знайшлі адмысловае вырашэнне некаторыя праблемы псіхалогіі персанажа-тыпа ў скульптуры, таму вобразы людзей атрымаліся не камерныя, “жанравыя”, а глядзяцца разам яны як магутная эмацыйная сімфонія дынамічнага ревалюцыйнага парыву.

Наогул, парыў рашучасці, смеласці, адвагі — улюбёная рыса пластыкі Глебава, якая знайшла найбольш яркае ўвасабленне ў глебаўскіх конных кампазіцыях “Будзёнаўцы”, “Атака”, “У бой са сцягам”, “Чырвоная конніца”. Нават у самай “спакойнай” рабоце гэтага цыкла “Элегія” ёсць той самы парыў — парыў каня, які стаіць над целам забітага вершніка-юнака і сваім трывожным іржаннем гукае падмогу… Гэта мой улюбёны твор, і я яго заўсёды згадваю, калі гляджу у сябе дома на маленькі эцюд гіпсавай галавы каня, які калісьці падарыў мне Аляксей Канстанцінавіч…

Ён быў чалавекам усёабдымнай дабрыні. А яшчэ — вялікай мужнасці. Нягледзячы на хваробу легкіх пасля ранення, шматгадовую пякельную астму, ён стойка вытрымліваў неймаверныя фізічныя і псіхалагічныя нагрузкі ў скульптурнай майстэрні. Ратавала паляванне, якое ён вельмі любіў. Хаця ад курэння так і не змог адмовіцца. Можна толькі ўявіць, якіх намаганняў каштавала яму перацягванне мяшкоў гліны і гіпса, каркаснай арматуры і станкоў. Добра, што яму дапамагалі бліжэйшыя сябры і вучні — пляменнік Ігар Глебаў, Ігар Краўчанка, Андрэй Заспіцкі. Канешне, наведваліся ў майстэрню і яго студэнты з кафедры скульптуры Тэатральна-мастацкага інстытута, якому педагог аддаў 13 гадоў. Гэта Анатоль Анікейчык, Леў Гумілеўскі, Іван Міско, Анатоль Арцімовіч, Аляксандр Веліксонаў, Мікалай Бакуменка, Эдуард Астаф’еў, Юрый Палякоў… Толькі мне да гэтай пары не зразумець, чаму Глебаў так і не атрымаў звання прафесара ці хаця б дацэнта, а заставаўся да канца жыцця проста старшым выкладчыкам? Пры тым, нягледзячы на беспартыйнасць, меў ордэны Леніна, два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалі, Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР…

Абедаць ён дамоў амаль не прыходзіў: ежу прыносіла Марыя Захараўна, другая жонка Глебава — першая памерла ў гады вайны. Ён заўсёды тварыў, спяшаўся, баяўся, што не паспее зрабіць галоўнае… Выдатны майстра, франтавік, бліскучы педагог і сонечны чалавек сышоў у росквіце творчых імкненняў. Яму было толькі шэсцьдзясят…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"