“Я дайшоў да Берліна…”: свая вайна

№ 19 (1197) 09.05.2015 - 15.05.2015 г

Пранікнённая споведзь мастака-франтавіка
Трыццаць гадоў таму, у сувязі з набліжэннем знамянальнай даты — 40-годдзя Перамогі — я звярнуўся да ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, кавалера 13 ордэнаў і медалёў, мастака-жывапісца, заслужанага настаўніка БССР, заслужанага дзеяча культуры Польшчы і майга сябра Віктара Вярсоцкага з просьбай распавесці пра сваю ваенную “адысею”. Успаміны кожнага былога воіна могуць стаць неацэнным чалавечым дакументам, з’явіцца працягам летапісу векапомных дзён. Тады я падрабязна запісаў пранікнёную споведзь Віктара Іванавіча, але матэрыял чамусьці так і не быў надрукаваны ў адной газеце. І вось нядаўна я гэтыя запісы знайшоў у хатнім архіве. Прачытаў і падумаў: трэба надрукаваць, бо “культура”ўскі летапіс подзвіга будзе цікавым і карысным для сённяшніх маладых людзей, для каго памяць салдат, якія змагаліся за Радзіму, — гэта памяць самой гісторыі… Віктар Вярсоцкі (1923 — 2004) у свой час быў вельмі папулярнай асобай і як мастак-пейзажыст, і як настаўнік, што выхаваў у сталічнай сярэдняй школе №75 з мастацкім ухілам і Мінскім мастацкім вучылішчы не адно пакаленне творчай моладзі, і як грамадскі дзеяч, які шмат гадоў працаваў адказным сакратаром, а таксама намеснікам старшыні Саюза мастакоў БССР, і проста як добры, інтэлігентны і камунікабельны чалавек.

/i/content/pi/cult/532/11551/13-1.jpg

“Калі заўтра вайна”

— Мая вайна — гэта вайна пераможцаў. Ваенны лёс склаўся так, што мне не давялося адступаць ад Брэста да Масквы, не давялося зведаць горыч цяжкіх няўдач сорак другога — я трапіў на фронт у сорак чацвёртым, калі ворага ўжо гналі з нашай беларускай зямлі. І ўсё ж вайна прыгадваецца ад самага яе пачатку. А яшчэ больш дакладна — усё, што звязана ў мяне з вайной, бярэ пачатак у перадваенных гадах. Разумееш, для майго пакалення ўсё гэта цесна знітавана — мы раслі і выхоўваліся ў пераднавальнічнай атмасферы, у прадчуванні таго, што менавіта нам наканаваны гісторыяй цяжкія выпрабаванні. І хоць у трыццаць дзевятым быў заключаны савецка-германскі пакт аб ненападзе, мы ведалі, што фашызм не сёння, дык заўтра кінецца на нашу Радзіму. І рыхтаваліся да гэтага. Побыт тых дзён вельмі дакладна перададзены ў п’есе Канстанціна Сіманава “Хлопец з нашага горада”. Мне кожны раз здаецца, што горад, пра які апавядае пісьменнік, — гэта наш даваенны Гомель, а героі п’есы — мы, вучні 10-га класа гомельскай сярэдняй школы імя Камінтэрна.

Што распавесці пра школу? Акрамя асноўных заняткаў, усе наведвалі розныя гурткі (я, напрыклад, хадзіў у выяўленчую студыю Палаца піянераў, дзе заняткі вёў вядомы пейзажыст Барыс Фёдаравіч Звінагродскі), літаральна ўсе захапляліся спортам; былі варашылаўскімі стралкамі, мелі разрады, здавалі нормы на значок ГПА, займаліся лыжамі, плаваннем — я нават быў чэмпіёнам па плаванні. Ну, чэмпіёнам у маштабах спартыўнага таварыства “Спартак”, але ўсё ж!.. Разам з тым, мы штудзіравалі “Дыялектыку прыроды” Энгельса, уважліва чыталі газеты, сачылі за падзеямі ў Іспаніі, дзе ішла тады грамадзянская вайна, наогул сачылі за падзеямі ў свеце, успрымаючы іх як падзеі ўласнага лёсу, уласнага жыцця.

Добра памятаю, як з’явіўся на экранах фільм Яфіма Дзігана “Калі заўтра вайна”. Сёння добра відаць яго наіўнасць, ён паказваў будучую вайну з фашыстамі спрошчана, абсалютна не такой, якой яна стала насамрэч. Аднак пасля прагляду гэтай карціны ледзь не ўсе нашы хлопцы марылі аб паступленні ў ваенныя вучылішчы, таму фільм усё ж зрабіў і карысную справу. Гэтак жа, як “Знішчальнікі”, кінастужка, якая “завербавала” у лётныя вучылішчы нямала юнакоў і дзяўчат, у прыватнасці, вучаніцу нашай школы, будучую гераіню Вялікай Айчыннай Галю Дакутовіч, старэйшую за мяне на два гады. У школе яна была лепшай гімнасткай, займалася авіяспортам. У 1938-м яна паступіла ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут, а ў пачатку вайны скончыла авіяшколу і лятала штурманам на цяжкім транспартным самалёце ТБ-3, ваявала ў складзе 46-га гвардзейскага начнога бамбардыровачнага авіяпалка. У ноч на 1 жніўня 1943 года загінула ў паветраным баі над Таманскім паўвостравам.

“Вайна загрукатала і над Гомелем…”

— І вось 21 чэрвеня 1941 года. Мы толькі што скончылі школу і ўсю ноч танцавалі пад “Рыярыту” і “Пырскі шампанскага” — выпускны баль адбываўся ў спартыўнай зале школы. Раніцай 22 чэрвеня прыводзілі ў парадак спортзалу, прыбіралі ў класе. Яшчэ не ведалі, што на досвітку першыя нямецкія бомбы былі скінуты на Кіеў, што ў Брэсце, над Бугам, ужо грукоча бой… 23 чэрвеня мы ўсім класам прыйшлі ў ваенкамат і запатрабавалі, каб нас неадкладна паслалі на фронт. На фронт нас, вядома, ніхто адразу не паслаў, а першае баявое заданне нам далі — разносіць позвы…

Праз дзень-другі вайна загрукатала і над Гомелем. Страшэнна равуць сірэнамі маторы “лапцёжнікаў” — бамбардзіроўшчыкаў “Юнкерс-87” пры крутым пікіраванні, лупяць зеніткі, дыміцца ў пажарах горад, узнікае людская паніка. І ва ўсіх на вуснах з’явілася трывожнае слова: эвакуацыя! Мае бацькі разам з заводам “Гомсельмаш” выпраўляліся на Урал, а я вырашыў застацца ў Гомелі і ўступіць у народнае апалчэнне. Бацькі не адгаворвалі, хоць і горка, страшна было развітвацца: хто ведае, можа, назаўсёды? Аднак бяда, што навісла над краінай, над усімі намі, засланяла асабістае. Малады хлопец-камсамолец павінен ваяваць з ворагам — гэта разумелі і бацькі.

У апалчэнні я прабыў месяц, удзельнічаў у пошуках варожых дэсантнікаў і ў абарончых работах. Потым выйшаў загад: усіх юнакоў, якія маюць сярэднюю адукацыю, накіраваць пад Курск, у ваенныя лагеры, дзе фарміраваліся маршавыя роты. Але неўзабаве трапіў у Першае Чырванасцяжнае ваенна-пяхотнае вучылішча. Хутка быў прызначаны памочнікам камандзіра ўзвода. Вучыцца было цяжка. Мы займаліся па 12 гадзін у суткі — тактыка, стралковыя заняткі, ваенная хімія, марш-кідкі, баявыя трывогі. Дастаткова сказаць, што пяцігадовы курс навучання трэба было прайсці за шэсць месяцаў: фронту неадкладна патрабаваліся страявыя камандзіры ўзамен тых, што гінулі кожны дзень альбо аказваліся ў палоне. З-пад Курска вучылішча эвакуіравалі ў Сяміпалацінск, дзе трашчалі саракаградусныя маразы. А мы — у летніх пілотачках, у падбітых ветрам шынельках…

Лейтэнант Вярсоцкі

— Праз пяць месяцаў я выйшаў з вучылішча ў званні лейтэнанта. І… зноў не трапіў на фронт. Накіравалі ў Ташкенцкае мінамётнае вучылішча, прызначылі камандзірам узвода: вучыць навабранцаў. Адтуль трапіў на вышэйшыя стралкова-тактычныя курсы Чырвонай Арміі, якія скончыў на пасадзе камандзіра батальёна. Трапляючы з вучылішча ў вучылішча, я злаваўся, не разумеў, чаму мяне не пасылаюць на фронт. Не хацеў разумець! Мае равеснікі даўно ваююць, а я… Толькі пазней стала ясна, што такой была стратэгічная задума Вярхоўнага Камандавання: прафесійна падрыхтаваць кадры камандзіраў для стратэгічных аперацый. Я якраз і падпадаў пад такі вырашальны момант вайны.

Ішоў 1944 год — год масіраванага савецкага наступлення амаль на ўсіх франтах. На тэрыторыі Беларусі адгрымела аперацыя “Баграціён”, завяршалася выгнанне фашыстаў з Украіны. Там, на Украіне, я і прыняў сваё першае баявое хрышчэнне ў якасці камандзіра мінамётнай роты. Той, хто быў на вайне, ведае, хто такія мінамётчыкі. Гэта тыя, хто падтрымлівае пяхоту агнём у час атакі, хто павінен “гасіць” агнявыя кропкі праціўніка на пярэднім краі, біць па яго пяхоце. Адным словам, мінамётчыкі ў гушчыні бою…

Праз тры месяцы я стаў начальнікам штаба асобнага пяхотнага батальёна, потым камандзірам асобнага пяхотнага батальёна і ў складзе 6-й дывізіі Першага Беларускага фронта прыняў удзел у прарыве на берагі Віслы. А споўніўся мне тады ўсяго 21 год. На сённяшнюю мерку — хлапчук, смаркач. Сёння глядзіш на сябе тагачаснага і часам не верыш, што гэта — ты. Але так было. Цяжка сабе ўявіць, але ў гэтым узросце я быў на правах камандзіра палка — самастойнай воінскай часці, адказваў за лёс, за жыццё соцень людзей. Вядома, тое аказалася нялёгка. Нялёгка было прывыкнуць да сваёй адказнасці, а яшчэ цяжэй да таго, што твае людзі — гінуць. Памятаю, у першым баі я страціў аднаго салдата. Усхваляваўся, для мяне гэты адзіны салдат быў сапраўднай трагедыяй. Дакладваю начальству пра свае страты: “Адзін забіты”. А мне ў адказ: “Ну, гэта не страты...” Не страты, але ж і сёння памятаю таго салдата.

“На кавалку мыла — тры літары…”

— Вось яшчэ адзін успамін. Было гэта 17 студзеня 1945-га. Нашы войскі вызвалялі Варшаву. Мне з маім батальёнам было загадана фарсіраваць Віслу ў раёне моста імя Юзафа Панятоўскага. Непасрэдна да моста батальён павінен быў вывесці мой намеснік. А я сам меўся прыбыць туды разам з капітанам Баранкевічам. І вось, памятаю, досвітак, шэрань, ідзе снег, на тым беразе маўклівая, бязлюдная Варшава, дакладней, тое, што ад яе засталося, — суцэльныя руіны. А ля моста — нікога, акрамя мяне і Баранкевіча, няма. Мы вырашалі, што батальён, не дачакаўшыся нас, дзейнічаючы па абстаноўцы, пайшоў наперад, і… удвух увайшлі ў Варшаву. Ідзем — нікога! Ні варшавян, ні немцаў, хоць бой недзе грукоча. Так мы дайшлі да таго месца, дзе цяпер знаходзіцца варшаўскі Палац культуры і навукі. Там, сярод друзу, бітай цэглы, варонак, паваленых бэлек і слупоў, мы ўбачылі двух падлеткаў. Яны загаварылі з намі, пачалі нешта расказваць, а пасля паказалі нам кавалак мыла, на якім выціснуты былі тры літары, якія расшыфроўваліся жудасна: зварана з чалавечага тлушчу. І калі пазней, на Нюрнбергскім працэсе над галоўнымі ваеннымі злачынцамі, было прадэманстравана такое мыла, я прыгадаў сустрэчу з тымі хлапчукамі, прыгадаў Варшаву таго досвітку…

І яшчэ адна Варшава таго дня запомнілася мне — Варшава, якая радавалася вызваленню і плакала над сваімі мёртвымі. Гэту Варшаву я і напісаў на адным са сваіх палотнаў. Пасля Варшавы многа яшчэ было баёў, жорсткіх, бязлітасных, крывавых. Адзін з такіх запомніўся асабліва — бой за прарыў Паморскага вала, дзе немцы пабудавалі магутныя ўмацаванні, нешта накшталт лініі Манэргейма. Штурмаваць вал даводзілася пад суцэльным агнём, літаральна пад дажджом з куль, якія так і вішчэлі ля скроняў. Але я ўжо даўно ведаў, што тая куля, віскат якой ты чуеш, — не твая. Твая жаліць моўчкі…

“Самае цяжкае было наперадзе…”

— Жудасны ўспамін тых дзён — лагер савецкіх ваеннапалонных, які мы пабачылі, ідучы з баямі на Калабжэг. У лагеры не было ніводнага жывога чалавека — адны трупы. Рукі ва ўсіх былі скручаны калючым дротам, раны на галовах і на грудзях сведчылі аб тым, што палонных расстралялі ва ўпор з кулямётаў і аўтаматаў. З яшчэ большай ярасцю і зацятасцю ішоў батальён у новыя баі, не было страху, толькі пачуццё помсты. Напрыклад, на ўскраінах горада Вірхаў баец батальёна сібірак Гаўрылін ва ўвесь рост пайшоў на нямецкі кулямёт, прыкаваў да сябе ўвагу кулямётнага разліку, што дазволіла іншым байцам уварвацца ў варожую траншэю. Там, пад Вірхаў, нам давялося з адной толькі стралковай зброяй у руках прыняць бой з варожымі танкамі, і ніхто не адступіў. Праўда, хутка нам дапамаглі нашы самаходкі.

Аднак самае цяжкае было яшчэ наперадзе — вулічныя баі за Калабжэг (тады ён насіў нямецкую назву Кольберг). Гэты горад знаходзіцца на рацэ Парсента, паблізу ад яе ўпадзення ў Балтыйскае мора. Мой батальён атрымаў загад уварвацца ў горад і авалодаць таварнай станцыяй Кольберга, але спачатку мы занялі зыходныя пазіцыі, акапаліся, а глеба там такая, што траншэі адразу напоўніліся вадой. Так трое сутак мы і прасядзелі ў ледзяной вадзе, і, што дзіўна, — ніхто нават насмарку не падхапіў!

На зыходзе трэціх сутак пачалі рыхтавацца да “кідка”. Трэба сказаць, што праціўнік увесь час трымаў нас пад кінжальным агнём, асабліва ж перашкаджала адна віла на подступах да горада — будынак яе быў пераўтвораны ў добра ўмацаваную агнявую кропку. Каб падавіць яе, патрабавалася прарвацца ў “мёртвую зону”, у той участак паміж нашым пярэднім краем і пярэднім краем праціўніка, які не прастрэльваецца, і адтуль закідаць дом гранатамі. Выканаць гэтую задачу мелася група дабраахвотнікаў. Вырашалі гэта зрабіць ноччу, калі немцы сцішваюць агонь і наогул адпачываюць: яны ваявалі педантычна, рабілі перапынкі на абед, на начны сон. Браць вілу пайшлі два маладзенькія палякі — выхаванцы нашага батальёна. У цемры хлопцы падпаўзлі да яе, падалі нам сігнал. І ў той жа момант шпурнулі ў вокны гранаты. Гэта дазволіла нам абысці аб’ект з флангаў, нечакана атакаваць праціўніка і ўварвацца ў горад.

Такімі дзеяннямі мы апярэдзілі сваіх суседзяў злева і справа на цэлыя суткі, і калі я далажыў, што батальён знаходзіцца ўжо на таварнай станцыі, камандзір дывізіі Шайпак нават не паверыў: “Адкуль ты там узяўся? З неба зваліўся?” За гэтую аперацыю я быў прадстаўлены да ўзнагароды польскім ордэнам (шэраг медалёў і ордэн Чырвонай Зоркі я ўжо меў). За Кольберг адборныя эсэсаўскія часткі трымаліся мёртвай хваткай. Стралялі з кожнага акна, з кожнага гарышча, з кожнай шчыліны. З дома ў дом мы прабіваліся не па вуліцы, а літаральна праз сцены, узрываючы іх гранатамі, каб атрымаўся праход.

“Мо і я сустракаўся з ёй, жывой?”

— Некалькі гадоў таму я пабываў у Польшчы, на радзіме маёй жонкі. Заехаў і ў горад Калабжэг. І вось на вуліцы генерала Сікорскага, дзе парк Стэфана Жэромскага, пабачыў бронзавы помнік, устаноўлены летам 1980-га ў гонар санітарак Другой сусветнай вайны, якія ў радах Войска Польскага ваявалі побач з нашай Чырвонай Арміяй за Памеранію вясной 1945 года. На нізкім пастаменце скульптар Адольф Когел змясціў дзве бронзавыя фігуры — дзяўчыны ў польскай ваеннай форме з санітарнай сумкай з чырвоным крыжом і параненага салдата на яе руках. Мне распавялі, што прататыпам для яе паслужыла радавая польскай арміі санітарка Эвеліна Новак, што загінула ў баях за Калабжэг у сакавіку 1945-га ў той момант, калі выносіла параненага з поля боя. А я, гледзячы на помнік, падумаў: хто ведае, можа, і я сустракаўся з ёй, жывой? Помнік нагадаў мне тыя сакавіцкія дні, калі мой батальён штурмаваў гэты горад… Уразіла і тое, што помнік спраектаваны так, што сонечныя промні ніколі не асвятляюць твар санітаркі, падкрэсліваючы драматычны вобраз усіх жанчын, якія зведалі цяжар вайны.

Увайшоў у Берлін са сваімі байцамі

— У адным з баёў пры фарсіраванні канала я быў паранены ў нагу і адпраўлены ў медсанбат, дзе праляжаў шэсць дзён. А потым — уцёк у свой батальён. І камандаваў… на мыліцах. Не мог я заставацца ў той час, калі пачыналася наступленне на Берлін. І шчаслівы, што ўвайшоў у сталіцу гітлераўскага рэйха разам са сваімі байцамі. Праўда, пасля Берліна мяне ўсё ж зноў накіравалі ў шпіталь. Там я і сустрэў 9 Мая 1945 года — Дзень Перамогі. Запомнілася, як адразу пасля паведамлення аб падпісанні Германіяй Акта аб безагаворачнай капітуляцыі на ўсю акругу загучала песня “Салаўі, салаўі…” паэта Аляксея Фацьянава і кампазітара Васіля Салаўёва-Сядога. З таго дня мелодыя гэтай песні, яе словы жывуць у маёй душы як пачуцце найвялікшай радасці — канец вайне!

Ды пасля 9 мая вайна для мяне не скончылася. Шпіталь, у якім я ляжаў, перавялі ў Польшчу, у горад Быдгашч, дзе я сустрэў свайго начальніка штаба дывізіі палкоўніка Сіліцкага. Ён фарміраваў новую дывізію і прапанаваў пайсці да яго начальнікам аператыўнага аддзела штаба, а крыху пазней я быў прызначаны начальнікам штаба палка. Служыў на тэрыторыі Польшчы. Там жа закахаўся і ажаніўся з прыгожай полькай. Дэмабілізаваўся летам 1947-га і тады ж прыехаў на радзіму — у Мінск. Восенню паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, хоць мяне хацелі паслаць вучыцца ў Ваенную акадэмію. Але яшчэ даваенная мара — стаць мастаком — перамагла.

Чаму не малюю батальных карцін

— У вучылішчы я вучыўся ў славутых Віталя Цвіркі, Івана Ахрэмчыка, Льва Лейтмана, Валянціна Волкава. Вучыўся разам з такімі ж удзельнікамі вайны, як і сам, — Міхаілам Савіцкім, Віктарам Грамыкам, Юзафам Пучынскім, Ігарам Глебавым, Леанідам Шчамялёвым, Уладзімірам Мінейкам, Барысам Няпомняшчым. Але калі для іх вайна — адна з асноўных тэм творчасці, дык я карцін на ваенную тэму не пішу, калі не лічыць палатна, прысвечанага вызваленню Варшавы, якое я прыгадваў вышэй.

Мяне іншы раз пытаюць: чаму я, чалавек, які прайшоў са зброяй у руках вайну, не малюю батальных карцін, не распавядаю, як гэта ўсё адбывалася? Кожны робіць тое, што яму вызначана лёсам. Разважлівае “пісьменніцтва” не ў маёй натуры. Мне патрэбна ўбачыць сваю “тэму” на дарогах сучаснага жыцця. Я шмат вандрую па роднай Беларусі, наведваю гарады Еўропы. Таму сюжэты маіх палотнаў разнастайныя: узараныя бульбяныя палі за Нараччу, начныя агні Лукомльскай ДРЭС, казачная таямнічасць возера Свіцязь, пражылкі снегу над бірузовай палоскай ракі, вясенняя трапяткая бярозка, вясёлка-дуга над велічнай роўняддзю вады, прыцемкі над Гайнай, лодкі ля вячэрняга прычала, ласкавыя промні майскага сонца на Браслаўшчыне, строгі і велічны Курган Славы, светла-смарагдавае поле пад Заслаўем, шматлікія абліччы Кіева, Ерэвана, Вільнюса, Прагі, Парыжа, Дрэздэна, Рыма, Лондана, Кракава, Сафіі, Таледа, Мадрыда…

Я жадаю, каб маё мастацтва было поўнае чысціні і жыццярадаснасці, каб яно адлюстроўвала светлыя адносіны да Радзімы, якую мы адстаялі ў цяжкіх баях, да той прыроды, у якой жыве чалавек, а таксама да тых мясцін, дзе давялося мне пабываць з мальбертам… Так, маё прызванне — мірны лірычны і ўрбаністычны пейзаж. І ўсё ж як мастак я народжаны вайной. Гэта яна абвастрыла мой зрок і мае пачуцці, навучыла даражыць кожнай праявай спакойнага жыцця прыроды — лесу, поля, рэчкі, возера. І я ўпэўнены, што пейзажыст таксама змагаецца за мір, бо славіць зямлю. Трэба зрабіць усё, каб нашы дзеці і ўнукі не ведалі іншых пейзажаў, акрамя мірных...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"