Абярэг з Вялікай Слабады

№ 19 (1197) 09.05.2015 - 15.05.2015 г

Два ваенныя лёсы з Карэліччыны
Давялося мне чуць ад сталых людзей, што ў гады вайны ў вёсках узнавіўся абрад ткання ручніка-абыдзенніка, які з даўніх часоў меў ахоўную функцыю і вырабляўся ў час агульнага няшчасця. Некалькі жанчын адной вёскі збіраліся разам у адну хату, каб на працягу дня ці ночы напрасці і выткаць абярэг. Вайна пагражала бядой усім жыхарам вёскі, і ад ручніка-абярэга чакалі дапамогі і прадухілення небяспекі. Ткалі яго талакой за мінімальны тэрмін. Пад час працы ўдзельнікі абраду павінны былі захоўваць маўчанне. Усе думкі, усю энергію належыла перадаць абыдзенніку, які станавіўся калектыўным абярэгам.

Па ўспамінах былой настаўніцы Аляксандры Кушаль, у час Вялікай Айчыннай вайны жанчыны і дзяўчаты-падлеткі з вёскі Вялікая Слабада на Карэліччыне таксама збіраліся разам, каб за адну ноч выткаць ручнік-абярэг. Пакуль жанчыны пралі і ткалі ручнік, мужчыны рабілі крыж. Паставілі яго на скрыжаванні дарог ля школы. На крыж павесілі абярэг, другі ручнік закапалі ў зямлю пад крыж. Пасля гэтага кожны вечар дзяўчынкі-падлеткі збіраліся каля крыжа і спявалі святыя песні. За адну ноч паставілі яшчэ два крыжы — у пачатку і ў канцы вёскі. Такі ж абрад здзейснілі жыхары некаторых іншых паселішчаў.

Хочацца верыць, што гарачае жаданне нашых землякоў адвесці няшчасце ад сябе і сваіх родных сапраўды ратавала тых, хто ў час Вялікай Айчыннай вайны змагаўся з ворагам далёка ад дома. Адзін з іх — ураджэнец вёскі Вялікая Слабада, генерал-лейтэнант Аляксандр Дзмітрыевіч Пулка-Дзмітрыеў.

Прафесійны ваенны нарадзіўся ў 1893 годзе ў сям’і селяніна. У 1909 годзе ён скончыў вышэйшае пачатковае вучылішча, затым настаўніцкія курсы пры Навагрудскім гарадскім вучылішчы. Працу настаўнікам перапыніла Першая сусветная вайна, у якой Аляксандр Дзмітрыевіч браў удзел. Адвучыўшыся ў пяхотным вучылішчы, ён атрымаў афіцэрскі чын падпаручніка. Яго служба ў царскай арміі закончылася ў снежні 1917-га, далей у радах Чырвонай Арміі ён удзельнічаў у Грамадзянскай вайне.

Пазней Пулка-Дзмітрыеў вучыўся ў Ваеннай акадэміі імя Міхаіла Фрунзэ, скончыў Акадэмію Генеральнага штаба Чырвонай Арміі, у 1940 годзе пасля прысваення звання генерал-маёра быў прызначаны намеснікам начальніка па навуковай і вучэбнай рабоце і дацэнтам кафедры ваеннай гісторыі ў Інтэнданцкай акадэміі, а напярэдадні Вялікай Айчыннай заняў пасаду начальніка акадэміі.

З 1942 года наш зямляк знаходзіўся на Паўднёва-Заходнім, Бранскім, Цэнтральным, Беларускім і Прыбалтыйскім франтах, займаючы пасады начальніка штаба ўпраўлення тылу фронту, намесніка камандуючага арміяй па тыле і начальніка штаба арміі. Аляксандр Дзмітрыевіч — удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, ён вызваляў Беларусь, Прыбалтыку, Польшчу, браў удзел у Берлінскай аперацыі. У верасні 1944 года яму было прысвоена званне генерал-лейтэнанта. Ён узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Леніна, Кутузава, Багдана Хмяльніцкага, Суворава.

У 1952 годзе ён вярнуўся на радзіму, дзе быў прызначаны начальнікам штаба і першым намеснікам камандуючага войскамі Беларускай ваеннай акругі. У 1963-м яго не стала.

Карп Андрэй Сільвестравіч з вёскі Вялікая Слабада старэйшы за свайго аднавяскоўца-генерала на тры гады. Ён нарадзіўся 8 студзеня 1890 года ў сялянскай сям’і, вучыўся ў мясцовай царкоўна-прыходскай школе, пазней служыў у арміі і таксама прымаў удзел у Першай сусветнай вайне.

У сям’і яго ўнука, Уладзіміра Кушаля, захавалася некалькі ўнікальных фотаздымкаў з тых часоў. На адным з іх — Андрэй Карп са сваімі аднапалчанамі ў перапынку паміж баямі. На адваротным баку зроблены надпіс, з якога можна даведацца, што ў 1915 годзе Андрэй Сільвестравіч ваяваў у складзе 245 пяхотнага Бярдзянскага палка і ў час аднаго з баёў быў паранены. На двух іншых здымках, адзін з якіх быў зроблены ў Навагрудку, — Андрэй Карп у форме салдата Першай сусветнай са сваімі баявымі сябрамі.

Відаць, ужо тады нашаму земляку давялося аказваць дапамогу параненым, аб чым сведчыць атрыманы ім медаль Чырвонага Крыжа, які быў заснаваны ў 1906 годзе, пасля Руска-японскай вайны. Ім ўзнагароджвалі ўрачоў, санітараў, сясцёр міласэрнасці, усіх тых, хто ў ваенны час браў удзел у дзейнасці расійскага Чырвонага Крыжа, а пасля 1907 года — і ваеннаслужачых.

Пасля 1917 года наш зямляк ваяваў у шэрагах Чырвонай Арміі ў складзе 305 палка, які знаходзіўся ў Вязьме. У час Грамадзянскай вайны арміі патрэбны былі медыкі. У 1918 годзе Андрэй Карп скончыў фельчарскую школу ў Смаленску, атрымаў пасведчанне ды працаваў па спецыяльнасці.

У 1922 годзе ўдзельнік Першай сусветнай і Грамадзянскай войн Андрэй Карп вярнуўся на радзіму ў Вялікую Слабаду. Родная вёска тады знаходзілася ў складзе Польшчы. Набытыя на вайне і ў час вучобы медыцынскія веды Андрэй Сільвестравіч накіраваў на карысць людзям: ён лячыў хворых мясцовых жыхароў. У 1939 годзе, калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР, фельчар пайшоў працаваць у Вобрынскую бальніцу.

Медыцынскі вопыт вельмі спатрэбіўся Андрэю Сільвестравічу ў час Вялікай Айчыннай вайны. У пачатку вайны ў будынку Вялікаслабодскай школы ён арганізаваў лазарэт, дзе аказваў дапамогу параненым чырвонаармейцам, якім у той час даводзілася адступаць. Медык не пакінуў параненых нават тады, калі прыйшлі немцы. Яму дапамагалі жонка і дачка Аляксандра, а таксама іншыя мясцовыя жыхары, сярод іх — дачка святара Аляксандра Міхайлава, настаўніца матэматыкі Ірына Абуховіч, якія кармілі параненых, пралі бялізну. Фельчар даў прытулак у сваім доме параненым чырвонаармейцам Івану Сішкіну са Смаленскай вобласці і Івану Балотнікаву.

Ваенны час быў складаным для ўсіх жыхароў акупіраванага фашыстамі раёна, у тым ліку і для Андрэя Сільвестравіча Карпа, які ніколі не адмаўляў людзям у дапамозе. Здаралася, да яго ноччу прыходзілі партызаны, забіралі ў атрад, дзе ён рабіў перавязку параненым, лячыў партызан і іх сем’і. Дапамагаў ён і іншым людзям, хаця лекаў катастрафічна не хапала, і каб зрабіць лячэбную мазь, фельчару часам даводзілася выменьваць патрэбныя для яе інгрэдыенты на прадукты. Можна сказаць, што прафесійныя веды і сумленне гэтага чалавека сталі сапраўдным абярэгам для землякоў, якім ён дапамог выратавацца ў ліхую гадзіну. У 1947 годзе медык быў узнагароджаны медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”.

Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Андрэй Сільвестравіч Карп яшчэ шэсць гадоў працаваў фельчарам у Некрашэвічах, Жухавічах і Беражна. Пайшоў з жыцця 10 студзеня 1979 года ва ўзросце 89 гадоў. Пра яго сумленна пражытыя гады нагадваюць дакументы і фотаздымкі стогадовай даўніны…

Святлана КОШУР, старшы навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага краязнаўчага музея