427 мясцін, 427 дыпломаў…

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

Падведзены вынікі ІІІ Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “На сваёй зямлі”. Яго арганізатарамі выступілі ГА “Беларускі Зялёны Крыж”, Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі РБ. Журы, старшынёй якога быў абраны член Беларускага саюза мастакоў Леанід Гоманаў, разгледзела 10 654 малюнкі, дасланыя з 427 гарадоў. Найбольшая колькасць удзельнікаў — з Расіі (5362 работы з 238 населеных пунктаў) і з Беларусі (3431 работа са 113 населеных пунктаў). Актыўна адгукнуліся таксама Турцыя (477 работ) і Кітай (348 работ).

У журы ўвайшлі прадстаўнікі некалькіх краін. Беларускія мастакі і выкладчыкі выяўленчага мастацтва ацэньвалі дзіцячыя работы разам з калегамі з Расіі, Украіны, Славеніі, Сербіі...
Каардынатар праграм Беларускага Зялёнага Крыжа Наталля Святкіна нагадала журналістам, запрошаным на выніковае пасяджэнне журы, што Конкурс дзіцячага малюнка “На сваёй зямлі” пачаў праводзіцца як рэспубліканскі з 2000 года.
Творчыя тэмы абвяшчаюцца, па традыцыі, у маі, работы прымаюцца з 1 кастрычніка да 1 студзеня наступнага года. Сёлета юным мастакам прапаноўвалася такая тэматыка: “Самы лепшы дом”, “Самы звычайны дзень”, “Малюнак пра сябе”, “У свой час свая паэзія ў прыродзе”, “Соль зямлі”, “І думкі розныя малюю ў сшытак...”. Падчас разгляду конкурсных работ члены журы, параіўшыся, увялі яшчэ дзве дадатковыя тэмы: “Партрэты” і “Друкаваная графіка”.
Што любяць маляваць сучасныя дзеці? Канешне, як і ва ўсе часы, — сонейка, траву і кветкі, свой дом, сям’ю, сяброў, жывёл і птушак... Тым не менш, як пракаменціраваў член журы, беларускі мастак Ягор Батальёнак, па конкурсных работах выразна бачны адрозненні ў ладзе жыцця, спосабе мыслення, у мастацкай адукацыі, якую атрымлівае моладзь розных краін.
У творчасці юных беларусаў, расіян і ўкраінцаў пераважаюць акадэмічная мастацкая школа, рэалістычны напрамак, яны чула ўспрымаюць і адлюстроўваюць свет прыроды. А многія іх заходнія равеснікі выяўляюць сябе праз імпрэсіянізм, авангард. Урбанізаваныя жыхары Ганконга захапляюцца коміксамі, а французскія дзеці эксперыментуюць з калажамі. Графічныя работы высокага ўзроўню паступілі на конкурс з некаторых мастацкіх школ Расіі, з Польшчы, Славеніі, Індыі.
Дзіцячы погляд на рэчаіснасць шчыры і непрадузяты. Прыйшоўшы ў гэты свет, дзіця павінна адчуваць любоў, радасць, свабоду, бяспеку, упэўненасць у шчаслівым заўтра. Але, на жаль, наша планета яшчэ ніколі не была цалкам вольнай ад “гарачых кропак”. Мастачка з Сербіі Вера Джукіч звярнула ўвагу прысутных на малюнкі дзяцей Косава. Яны бачаць свой край забраным калючым дротам, зняволенай птушкай, яны сядаюць у школьны аўтобус пад прыцэлам салдат. Іх творы — крыкі аб дапамозе, звернутыя да дарослых...
427 работ журы адзначыла дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступеняў і дыпломамі ўдзельніка. У іх лік годна ўвайшлі і творы вучняў мастацкіх школ Беларусі. Так, некалькі гадоў запар дыпломы конкурсу атрымліваюць вучні Слуцкай школы мастацтваў. Сёлета будуць узнагароджаны і вучаніцы Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў: Дзіяна Няхайчык і Карына Зубовіч — дыпломамі І ступені, Карына Кулакоўская— дыпломам ІІ ступені (ва ўзроставай намінацыі “10— 12 гадоў”). Да конкурсу іх рыхтавала выкладчык класа выяўленчага мастацтва Наталя Камінская. Яе выхаванцам будуць уручаны таксама 11 дыпломаў удзельнікаў конкурсу.
Малюнкі дыпламантаў конкурсу “На сваёй зямлі” можна будзе ўбачыць на выстаўцы, якая адкрыецца ў Палацы Рэспублікі напрыканцы сакавіка.

Святлана ІШЧАНКА