“Я вам жыць завяшчаю…”

№ 19 (1197) 09.05.2015 - 15.05.2015 г

Памяць пра вайну… Яна не сціраецца, не становіцца больш цьмянай з цягам гадоў. Таму, мабыць, што гэта не толькі памяць асобных людзей ці аднаго пакалення. Гэта Памяць народа, навечна ўрэзаная ў яго гісторыю, у яго сучаснасць і будучае, у яго нацыянальную самасвядомасць. Інакш кажучы, у Часа ёсць свая асаблівая памяць — гісторыя. Прайшло 70 гадоў, як скончылася Вялікая Айчыная вайна, але рэха яе і да гэтых дзён не сціхае ў чалавечых душах.

/i/content/pi/cult/532/11545/8-2.jpg

Асабліва гэта тычыцца нашай Беларусі, якая страціла ў тыя гады кожнага трэцяга свайго жыхара. А калі ўлічваць беларусаў-франтавікоў, якія пражывалі тады ў іншых рэспубліках СССР, дык і таго больш. Хто зараз гэта падлічыць?!.Так што нічога дзіўнага ў тым, што тэма Вялікай Айчыннай вайны на працягу многіх гадоў была ў нас галоўнай у літаратуры, кінематографе, тэатры, выяўленчым мастацтве.

Думаю, менавіта ў жывапісе, скульптуры, графіцы ў час вайны і пазней, у 1950 — 1980-я, беларускія мастакі стварылі тыя шэдэўры, якія і сёння застаюцца непераўзыдзенымі ўзорамі мастацтва, таму што сіла ўплыву лепшых твораў заключаецца ў моцным, па-сапраўднаму народным таленце, у тым, што, як правіла, персанажамі іх твораў з’яўляюцца героі чалавечага быцця — Асоба, Гісторыя, Барацьба, Час, Маральнасць як “сацыяльнае сумленне, асвечанае надзеяй”.

“Я вам жить завещаю, — что я больше могу?” Гэтымі словамі Аляксандра Твардоўскага маглі б сказаць пра сябе героі новага альбома-кнігі “Запавет нашчадкам” мінскага выдавецтва “Бяловагруп” — франтавікі 1940-х, якія пасля вайны ў розныя часы атрымалі ганаровае званне “Народны мастак Беларусі”.

Вось яна, гэта “цудоўная васьмёрка”, да якой мне давялося дакрануцца як аўтару тэкстаў кнігі-альбома. Намеснік камандзіра сапёрнай роты Андрэй Бембель, які стварыў велічны Курган Славы пад Мінскам і яскравы партрэт Мікалая Гастэлы, што мог стаць, на маю думку, геніяльным завяршэннем будучага помніка-мемарыяла ўсім гераічна загінулым у вогненым небе вайны баявым савецкім лётчыкам. Чырвонаармеец-кулямётчык, абаронца Масквы Аляксей Глебаў, які ў бронзе выканаў фігуру героя-кавалерыста, нашага земляка генерала Льва Даватара і вобраз партызана 1944 года. Падпольшчык-заслонавец і потым камісар партызанскага атрада Смаленскага палка асобага прызначэння Віктар Грамыка — майстар шырокага філасофскага складу, пясняр партызанскай рамантыкі і эпасу. Ваенны інжынер 3-га ранга, капітан Яўген Зайцаў, першы савецкі жывапісец, што ўвасобіў бессмяротны подзвіг герояў Брэсцкай крэпасці. Армейскі сувязіст Павел Масленікаў (ён пачаў вайну пад Масквой і закончыў яе ў 1945-м у Іране), для каго адроджаная пасля Перамогі прыгажуня — Зямля беларуская — стала галоўнай крыніцай натхнення. Чырвонаармеец Міхаіл Савіцкі — адзін з апошніх абаронцаў Севастопаля, і вязень фашысцкіх лагераў смерці, што не схіліў галавы і паказаў свету праз свае драматычныя палотны апакаліптычны жах і героіку вайны. Артылерыст супрацьтанкавага палка капітан Сяргей Селіханаў, які прайшоў франтавы шлях ад Масквы 1941 года да Прагі 1945-га, адзін з аўтараў сусветна вядомага сімвала трагедыі нашай няскоранай Беларусі — мемарыяла “Хатынь”, а таксама помнікаў Канстанціну Заслонаву, Марату Казею, братам Цубам. Сяржант, камандзір аддзялення стралковага палка, потым старшы сяржант 30-й кавалерыйскай дывізіі 40-га Кубана-казачага корпуса Леанід Шчамялёў — чароўны жывапісец святла, любові і надзей, якія былі заваяваны ў цяжкіх баях за Радзіму.

Іх жыццё і творчасць заўсёды былі скіраваны да чалавека, у свет яго думак, перажыванняў, душэўных памкненняў. Невычэрпная вера ў тое, што нічога на свеце няма вышэй за праўду, хараство і дабро, чырвонай ніткай праходзіць у іх лепшых творах пра вайну і мір. Яны свой воінскі абавязак перад Радзімай выканалі да канца. І ў мірны час зрабілі ўсё магчымае, каб у сваіх карцінах, пейзажах, партрэтах, станковай і манументальнай скульптурнай пластыцы шчыра, сумленна данесці да нашчадкаў, да сённяшняга пакалення маладых, маральную сутнасць таго, што адбывалася ў тыя “саракавыя, ракавыя, свінцовыя, парахавыя” гады, і як у красе сваёй нязможанай ператваралася зраненая Зямля беларуская.

У 70-ы год Перамогі, канешне, усе мы асабліва адчуваем паняцце Радзімы. З гордасцю і “са слязамі на вачах” узіраемся ў тыя дзесяцігоддзі, што аддзяляюць нас ад пераможнага мая 1945-га. І думаеш яшчэ вось пра што. Гады ідуць, і гады выстройваюць побач салдат Вялікай Айчыннай, партызан, падпольшчыкаў і тых хлопцаў, што, не паспеўшы атрымаць атэстат сталасці, рваліся на фронт. Больш за 130 прафесійных беларускіх мастакоў са зброяй у руках змагаліся ў радах Чырвонай арміі, партызанскіх лясах і падполлі. Усе яны былі ўдастоены баявых узнагарод. Сярод іх — Герой Савецкага Союза, легендарны лётчык-знішчальнік Міхаіл Зялёнкін, адзін з трох герояў-мастакоў ва ўсім былым СССР. На яго рахунку — 32 збітыя фашысцкія “юнкерсы”, “хейнкелі” і “месеры”!

На жаль, пра вайну сённяшнее маладое пакаленне ведае вельмі павярхоўна. Яго прадстаўнікоў часта папракаюць за адсутнасць патрыятызму. А адкуль узяцца патрыятызму, калі дарослыя і тыя не заўсёды могуць разабрацца ў тых падзеях, асабліва ў час інфармацыйных войн? На якіх прыкладах павінна вучыцца патрыятызму моладзь, калі асобныя СМІ друкуюць неймаверныя факты, якія абражаюць памяць загінулых і яшчэ жывых ветэранаў; тэлебачанне спрэс прасякнуцца амерыканскімі і расійскімі баявікамі і паліцэйскімі серыяламі, а ў некаторых краінах наогул перапісваецца гісторыя 1940-х? Ці не таму адбываецца разрыў з духоўнымі каштоўнасцямі папярэдніх пакаленняў, аслабленне пачуцця дачынення моладзі да дзеянняў сваіх продкаў, якія абаранілі краіну ад карычневай чумы?

А між тым, на моладзь уся надзея: калі не яна, дык — хто? Памятаць тых, хто здзейсніў бессмяротны подзвіг у імя жыцця, у імя Бацькаўшчыны, памятаць урокі гісторыі, памятаць у імя сябе — вось галоўная мэта, якая сёння стаіць перад грамадствам маладой незалежнай Рэспублікай Беларусь. І у гэтым сэнсе наша нацыянальная выяўленчая культура, гуманістычная па сваёй сутнасці, з’яўляецца моцным духоўным акумулятарам чалавечых арыенціраў на шляху ў светлы заўтрашні дзень — без войн, рэвалюцый, насілля, гвалту, сацыяльных і рэлігійных канфліктаў. І хочацца спадзявацца, што альбом “Запавет нашчадкам” хаця б у нейкай ступені прынясе чытачу не толькі радасць адкрыцця чагосьці новага ў біяграфіях народных мастакоў Беларусі, але і роздумы над сэнсам чалавечага быцця ў кантэксце памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Таму што за кожнай выпакутаванай карцінай, за кожнай выпакутаванай скульптурай — жыццё людзей, іх адвага, стойкасць і любоў, маральнае нутро чалавека, магчымасці яго духа — усё, чым у поўнай ступені валодала пакаленне мастакоў-франтавікоў, і што так неабходна сённяшняй нашай моладзі.

P.S. Зараз у Лондане з вялікім поспехам працуе міжнародная выстаўка, прысвечаная адлюстраванню Другой сусветнай вайны ў выяўленчым і кінамастацтве. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае вялікая карціна народнага мастака Беларусі, “дзіця вайны” Мая Данцыга “І памятае свет выратаваны…”. У аснове сяміметровага палатна — факт ратавання ў 1945 годзе ў Дрэздэне савецкімі салдатамі “Сіксцінскай мадонны” Рафаэля. Але ў вобразе Мадонны мастак алегарычна паказаў тую Еўропу, якую Чырвоная Армія назаўсёды вызваліла ад фашызму.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"