Дык які шлях выбраць маладым?

№ 19 (1197) 09.05.2015 - 15.05.2015 г

Канстанцін СЕЛІХАНАЎ, скульптар
Я атрымаў класічную мастацкую адукацыю, сяму-таму навучыўся ў сэнсе рамяства і дзякуючы гэтай акалічнасці я даволі ўпэўнена адчуваю сябе як прафесіянал. Але ёсць у мяне ўражанне, што зараз у мастацтве прафесійная адукацыя засталася важным чыннікам, але не галоўным.

/i/content/pi/cult/532/11541/5-3.jpgБо мастацтва, калісьці адносна цэласнае ў канцэптуальным і стылёвым сэнсе, сёння рассыпалася на сотні, тысячы аскепкаў. Няма адзінага напрамку, плыні, яснай формы, як яно было ў нас у 1940-х — 1950-х, нават у 1960-х. Зараз ўсё стала вельмі прыблізным, межы размытыя. Мастаком можа быць, напрыклад, чалавек з фізіка-матэматычнай адукацыяй. Гэта з аднаго боку.

А з іншага — калі гаворка ідзе пра мастацтва, дык форма асабіста для мяне рэч невызначальная. Для мяне найперш важная інфармацыя, якую я атрымліваю, гледзячы на мастацкі аб’ект. Па-другое, уражанне і эмоцыі, якія ён у мяне выклікае. Я ўжо не кажу пра катарсіс, бо ўзрушэнне ад мастацкага твора здараецца вельмі рэдка. У гэтым сэнсе мне ўсё адно, гляджу я на карціну Рэмбранта альбо на відэаінсталяцыю. Памятаю, як твор Біла Віолы у амстэрдамскім музеі суседнічаў з “Начной вартай” Рэмбранта, і гэта была гармонія. У мастацтве, калі яно сапраўднае, няма меж, няма супярэчнасцей. Калі зроблена прафесійна, дык будзе і гармонія.

Хоць мастак усё жыццё вучыцца, а навучанне толькі тады плённае, калі ў ім ёсць творчы чыннік, творчасць і навучальны працэс — не адно і тое ж. І не ўсё, што натуральна для творчасці, пасуе навучанню. Калі чалавек трапляе ў прафесійную навучальную ўстанову, дык як мінімум яго там павінны неяк “узброіць”. Добра, калі ён засвоіць класічную школу — адчуе сябе рысавальшчыкам, вывучыць прапорцыі, анатомію, перспектыву і гэтак далей. Гэта вывераная часам практыка.

Магчымы, аднак, і іншы, радыкальны, шлях. Зыходна не закладваць у свядомасць навучэнца нейкія эстэтычныя стэрэатыпы, а адразу даць яму свабоду выбару. Гэта значыць, пабудаваць навучанне так, каб ён мог адчуць крайнасці, азнаёміцца з усім спектрам магчымасцей выразнасці, з тым, як мастацтва, якое стала класічным, кананічным, а таксама яшчэ з чымсьці не ўнармаваным, спрэчным, эксперыментальным. Хай выбірае сам…

У сувязі з гэтым згадаю гутарку з прыяцелькай-каляжанкай, якая з’яўляецца загадчыкам кафедры дэкаратыўнага мастацтва ва ўніверсітэце амерыканскага Мілуокі. У 18 гадоў яна з’ехала з Мінска ў Злучаныя Штаты, там і адукацыю атрымала. Прайшла, так бы мовіць, увесь ланцужок — ад вучня да таго, хто сам выкладае. Я ёй задаваў пытанне пра ступень свабоды, якую можна дазволіць студэнту. Яна адказала, што свабода — гэта добра, але рамяства ніхто не адмяняў. Яны ў сваім універсітэце студэнта вучаць усяму, што ў будучым відавочна спатрэбіцца яму ў рабоце. Валоданне інструментамі, веданне матэрыялаў і тэхналогій закладзена ў навучальную праграму. Іншае пытанне, што потым малады чалавек, студэнт з гэтым будзе рабіць. Але гэта ўжо ягоная справа.

Там увогуле цікавая сістэма. На першым курсе вучаць усяму. У праграме і жывапіс, і скульптура, і графіка і яшчэ ўсялякага рознага процьма. І пасля першага курса мастак сам выбірае, куды яму рухацца. На тое ж згаданае аддзяленне дэкаратыўнага мастацтва ён прыходзіць свядома, паспытаўшы рознае і зрабіўшы выбар. Вось гэты момант, мне падаецца, варта было б пераняць і нам.

Па словах маёй прыяцелькі, выпадковых людзей сярод студэнтаў яе аддзялення амаль няма. Перш чым трапіць у вышэйшую навучальную ўстанову сферы мастацтва, людзі недзе таму мастацтву вучацца — у каледжах, на нейкіх курсах. І ўсё адно пасля першага курса многія сыходзяць, каб не марнаваць час і грошы, зразумеўшы, што гэта справа не іхняя. Матывацыя будучага мастака ў тых Злучаных Штатах у параўнанні з намі больш дакладная, ясная.

А паколькі студэнт плаціць грошы, дык ён і якасці навучання патрабуе. На практыцы гэта азначае, што студэнт выбірае прафесара. Можа, і лічыцца, што гэта прафесар набірае курс. Але насамрэч не пойдзе студэнт да прафесара — і застанецца той без працы. Таму што ў прафесара павінна быць рэпутацыя, у першую чаргу — творчая. Яго павінны ведаць як мастака. І прафесар мусіць быць у курсе ўсяго, што адбываецца ў сусветным мастацтве. Гэта значыць, калі студэнт прапаноўвае нейкую ідэю, дык прафесар можа яму сказаць: ведаеш, у прынцыпе някепска, але — ужо было. І назваць прозвішча таго, хто яго апярэдзіў.

Там усё гэта дакладна працуе. Наша ж праблема ў тым, што выкладчыкі працуюць дзесяцігоддзямі, пры гэтым яны не з’яўляюцца творча дзейнымі, а тое, што яны робяць як мастакі, апрыёры састарэла — і даўно. Самі разумееце, калі б сваё рамяство выкладаў студэнтам Генры Мур ці іншая асоба такога ж маштабу, дык сітуацыя бачылася б зусім інакш…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"