Кніжны пракат: выхад на самаакупнасць

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

Маналог Кацярыны ГРАБЯНШЧЫКОВАЙ, заснавальніка і кіраўніка першага ў Беларусі кніжнага пракату, — пра сапраўдныя папяровыя кніжкі. І — пра магчымасць атрымання прыбытку ад іх чытання.

/i/content/pi/cult/531/11530/13-2.jpg— Кнігі сапраўдныя яшчэ і з той нагоды, што далёка не ўсе выданні трапляюць у мой пракат. Упор раблю на дзіцячыя. Іх, я пераканана, замяніць няма чым. Ёсць і мастацкая, бізнес-літаратура, каталогі па выхаванні дзяцей, якія пастаянна абнаўляюцца. Калі абагульняць, дык гэта літаратура і для дзяцей, і для іхніх бацькоў. Я сама мама, таму добра разумею выключную важнасць справы, якой займаюся.

Ідэя вырасла з асабістага досведу. Усе кніжкі ж не купіш. А яны для дзяцей — такія яркія, незвычайныя ды прывабныя, што набыць хочацца літаральна ўсе! Але, зразумела, іншым разам не стае сродкаў, каб задаволіць чытацкае жаданне. І яшчэ адна акалічнасць: не ўсе бацькі могуць дагадзіць кніжнаму густу свайго дзіцяці. Даводзіцца быць яшчэ і псіхолагам. І мая юрыдычная адукацыя тут — ніяк не перашкода.

Афіцыйна мы адкрыліся ў кастрычніку мінулага года. Працуем праз сайт, бо спецыяльнага павільёна не маем. У фондзе — каля васьмісот кніг, якія захоўваюцца па кватэрах. Я не назвала б свае пракатныя захады камерцыйнымі, — гэта, хутчэй, хобі-праект. Натуральна, імкнёмся выходзіць на самаакупнасць.

Іншым разам самі чытачы карэктуюць папаўненне фонду, таму ўкладанне грошай — пастаяннае. У Расіі, да прыкладу, кніжны пракат дзейнічае ўжо некалькі гадоў запар і карыстаецца неблагой папулярнасцю ў спажыўцоў.

Наш абанемент дае права чытаць неабмежаваную колькасць кніг цягам трох месяцаў. Яго кошт залежыць ад колькасці абраных за адзін раз выданняў. Пракат адной кніжкі каштуе 250 тысяч рублёў, трох — 400 тысяч, пяці — 550 тысяч рублёў. Пры набыцці абанемента за 400 ці 500 тысяч першая дастаўка кніг — бясплатная. Кніжкі можна забіраць самастойна ці асобна аплачваць дастаўку. Чытач і кніжны праект “Bookabook” заключаюць дамову пракату ў момант перадачы кніг. Патлумачу, што за 250 тысяч можаце цягам месяца памяняць адну кніжку неабмежаваную колькасць разоў.

Можна аформіць замову на адну або некалькі кніг і без абанемента. Тэрміны ды кошт пракату ў кожным канкрэтным выпадку будуць абмяркоўвацца з кожным чытачом асобна.

Вельмі хочацца, каб пра нас ведалі. Рэкламу стараемся размяшчаць на сямейных парталах. Колькасць кліентаў павялічваецца. Падыход да кожнага — індывідуальны, і гэта вельмі зручна для чытачоў. Супрацоўнічаем мы ў асноўным з лепшымі расійскімі выдавецтвамі, але ў нашым фондзе ёсць і беларускамоўныя кнігі. Гэта, дарэчы, адзін з кірункаў актывізацыі нашай працы. Але, на жаль, беларуская мова пакуль не вельмі запатрабавана сярод нашай кліентуры. Разумею, што і ад мяне ў пэўнай ступені залежыць вырашэнне гэтай вострай праблемы. Будзем старацца. Да слова сказаць, муж мой успрымае дадзены хобі-праект вельмі станоўча і ва ўсім імкнецца мне дапамагчы. Так што, думаю, гэты бізнес будзе ў нас няўхільна развівацца.

Сапраўдную папяровую кніжку называю яшчэ тактыльнай. Але за гэтымі сціслымі азначэннямі стаіць нешта большае. Ці ж варта нам забывацца на тое, што з шыкоўнага ілюстраванага выдання пачынаецца для дзіцяці адкрыццё свету? І менавіта разумная кніга ператварае маленькага чытача ў асобу з самастойным ды крытычным успрыняццем рэчаіснасці. Маленькі чалавек пачынае атрымліваць асалоду ад думання, пачынае ўсведамляць сябе неад’емнай часткай грамадства. Ці ж ёсць больш высакародныя мэты?..

 

 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"