Як запоўніць лакуны?

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

Ці стае артыкулаў культурнай тэматыкі ў беларускай Вікіпедыі?
Калі запытацца ў “мудрага” Інтэрнэту, што такое бортніцтва і Старажоўка, хто такія Мацей Бутрымовіч ды Паўлюк Багрым, дык ён спярша накіруе да адпаведных старонак у беларускай Вікіпедыі. Прычым, магчыма, гэтых старонак будзе ажно дзве, бо сёння айчынная вікі-энцыклапедыя ствараецца ў двух варыянтах. І самае цікавае, што “шчыруюць” над гэтым інтэрнэт-даведнікам адно толькі валанцёры. З адным з іх — рэдактарам беларускай Вікіпедыі Вольгай СІТНІК — і пагутарыла “К”.

/i/content/pi/cult/531/11529/13-1.jpg— Вольга, калі вы прыйшлі ў праект? Што ў ім зацікавіла?

— Доўгі час я ўвогуле не задумвалася над працай у беларускамоўнай Вікіпедыі — працавала ў расійскай моўнай версіі, рабіла там невялікія праўкі, удакладненні тэксту, адсочвала працу спасылак і гэтак далей. І толькі ў 2009-м мэтанакіравана пачала займацца беларускім раздзелам Вікіпедыі, бо захацелася, каб ён выглядаў годна на фоне іншых.

— Наколькі з тых часоў узняўся ўзровень беларускай Вікіпедыі?

— Мяркуйце самі: у 2009 годзе, калі я толькі прыступала да працы, у нас працавала на карысць папаўнення рэсурсу некалькі дзясяткаў чалавек і было каля 18 тысяч артыкулаў. Сёння над беларускай Вікіпедыяй шчыруюць ужо некалькі сотняў чалавек, а колькасць артыкулаў у нас сягае за 80 тысяч. Прычым каля 80% гэтых артыкулаў ужо прагледжаны сталымі рэдактарамі і не маюць вялікіх праблем са зместам ды правапісам. Так што якасць павялічылася з таго часу, мабыць, у разы. Дадам, што беларуская версія Вікіпедыі перасягнула ўжо македонскую. І цяпер мы працуем, каб дацягнуцца да грузінскай, дзе створана каля 93 тысяч артыкулаў.

— А ці існуюць у вас канфлікты з вашымі канкурэнтамі — беларускай Вікіпедыяй, якая ствараецца на альтэрнатыўным беларускім правапісе?

— Канфліктаў няма. Бо робім адну справу. Мы ведаем адно аднаго, сустракаемся, удзельнічаем сумесна ў некаторых праектах, атрымліваючы карысны досвед адразу для двух раздзелаў. Хаця, канешне ж, пэўныя нюансы існуюць. У нас часта пытаюцца, чаму мы супраць аб’яднання дзвюх версій, але справа тут не ў нашым жаданні, а ў існаванні пэўных аб’ектыўных прычын. Я часта прыводжу такі прыклад: на беларускай мове ў нашай Вікіпедыі ёсць старонка “Афіны”, а на “тарашкевіцы” яна будзе называцца як “Атэны”...

Нашы аўтары — гэта тыя, хто вывучаў беларускую мову ў школах ды ўніверсітэтах. На “тарашкевіцы” ствараюць артыкулы людзі, якія, часцей за ўсё, жывуць за мяжой ці вывучылі дарэформенны правапіс самастойна. Прывяду факты: на сёння ў нашай версіі — 82 з паловай тысячы артыкулаў, а ў іншай версіі — крыху больш за 56 тысяч. Прычым наша энцыклапедыя папаўняецца прыкладна на 1000 артыкулаў у месяц, іх — прыкладна на 300… І гэта не лічачы таго, што ў абедзвюх версіях старыя артыкулы правяраюцца і дапаўняюцца… Галоўнае, што такі рух наперад у абодвух раздзелах — вельмі карысная справа для ўсёй беларускай культуры.

— Наколькі можна давяраць інфармацыі ў Вікіпедыі? Ведаю, многія скардзяцца на тое, што звесткі з яе часта аказваюцца няпоўнымі ці не зусім адпаведнымі…

— Мы, натуральна, імкнёмся да таго, каб на нашых старонках была прадстаўлена праўдзівая інфармацыя, правяраем яе, удасканальваем... З іншага боку, нават самі стваральнікі Вікіпедыі кажуць пра тое, што гэтая, самая вялікая, сеціўная энцыклапедыя не можа лічыцца аўтарытэтнай крыніцай. Так што тут трэба дзейнічаць па прынцыпе “давярай, але правярай”: інфармацыя з Вікіпедыі становіцца ёмістым аглядам праблематыкі па пэўнай тэме, але асобныя факты ды звесткі лепш шукаць у энцыклапедыях і спецыялізаванай літаратуры…

— Цікава, а якой інфармацыі ў беларускай Вікіпедыі прадстаўлена менш за ўсё? І якіх артыкулаў сёння найбольш?

— Беларуская Вікіпедыя — гэта даведнік на беларускай мове не толькі пра Беларусь, а пра ўсё ў свеце. Таму, напрыклад, у нас мала артыкулаў, скажам, пра пэўную экзатычную краіну, бо адшукаць такога спецыяліста ў Беларусі, вядома ж, складана. Таксама мала допісаў пра вузкаспецыялізаваныя тэмы — напрыклад, пра зброю пэўных перыядаў у розных краінах свету… Хаця ў нас ёсць адзін фанат снукера, дык на гэтую тэму ў беларускай Вікіпедыі сёння існуюць артыкулы, якіх нават няма ў іншых нацыянальных інтэрнэт-энцыклапедыях… А найбольш ахвотна беларускія рэдактары пішуць пра асоб і геаграфічныя аб’екты.

— Як вядома, нядаўна быў абвешчаны конкурс артыкулаў на агульную тэму ”Гуманітарныя навукі. Персаналіі”, каб павялічыць колькасць і змястоўнасць артыкулаў у беларускай Вікіпедыі, далучыць да яе новых рэдактараў. Наколькі гэты праект запатрабаваны?

— На яго пакуль што адгукнулася вельмі мала ахвотных. Найбольш паспяховым, на мой погляд, быў ранейшы праект 2012 года, калі ладзіўся фотаконкурс “Вікі любіць славутасці”. У выніку Вікіпедыя атрымала вялікую колькасць беларускіх здымкаў, некаторыя з іх і дасюль чакаюць артыкулаў. Многія з удзельнікаў, дарэчы, стварылі акаўнты ў Вікіпедыі для ўдзелу ў конкурсе…

— А ці існуюць на сёння яшчэ конкурсы — магчыма, і міжнароднага ўзроўню, — у якіх прымаюць удзел стваральнікі беларускай Вікіпедыі?

— Цяпер ідзе вялікае спаборніцтва пад назвай “Вікі-Вясна”, дзе ўдзельнікі раздзелаў Вікіпедыі на цэнтральна- і ўсходнеславянскіх мовах пішуць артыкулы пра краіны гэтага рэгіёна ва ўласных раздзелах. Усё гэта прыцягвае да праекта новых удзельнікаў, павялічвае змястоўнасць адпаведных артыкулаў, прасоўвае веды пра асобныя краіны сярод іншаземцаў. І абодва раздзелы Вікіпедыі на беларускай мове прымаюць актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве.

— Але чаму ў Вікіпедыю так мала ідуць новыя аўтары?

— Першая і, мабыць, самая галоўная прычына: за гэтую працу не атрымліваюць грошай. Бо Вікіпедыя ствараецца валанцёрамі ў розных краінах свету, а пісаць туды — гэта значыць, траціць сілы, розум, час… У Беларусі гэтым займаюцца або маладыя, апантаныя людзі, або тыя, хто мае шмат вольнага часу, — напрыклад, пенсіянеры… Пры гэтым я хачу абавязкова адзначыць такі факт: сусветны досвед паказвае, што Вікіпедыя можа быць цікавым заняткам для людзей рознага ўзросту, адукацыі, полу і матэрыяльнага стану. Нам вельмі хацелася б, каб да нас пісала больш асоб, каб з’яўлялася больш артыкулаў на беларускую тэму, напрыклад, пра гарады і вёскі, пра помнікі архітэктуры…

— Магчыма, у гэтым могуць дапамагчы і чытачы “К”: музейшчыкі, бібліятэкары, клубныя супрацоўнікі… Каму, як не ім, ведаць усе цікавосткі роднага краю…

— Мы прыход у Вікіпедыю работнікаў культуры толькі віталі б. Бо патэнцыял у культурным сектары артыкулаў у нас вельмі высокі, асабліва ў тым, што тычыцца рэгіянальных асаблівасцей. Прычым не хапае не толькі змястоўнай тэкставай інфармацыі, але і фота ды відэа...

— Магчыма, варта выходзіць са сваімі прапановамі да мясцовых улад, у тыя ж аддзелы, якія адказваюць за працу ў культурнай сферы, звязвацца з музейшчыкамі ды бібліятэкарамі…

— Некалькі чалавек у нас ствараюць асобныя старонкі ў беларускай Вікіпедыі пра выстаўкі, што праходзяць у Нацыянальным мастацкім музеі краіны, робяць здымкі экспанатаў, пішуць арыгінальныя тэксты пра тых або іншых айчынных ці замежных мастакоў… Але гэта адзінкавыя прыклады. Наконт супрацоўніцтва з рэгіянальнымі аддзеламі… Справа ў тым, што яны, натуральна, хацелі б супрацоўнічаць, прыкладам, з грамадскай арганізацыяй. Але беларуская Вікіпедыя такой не з’яўляецца, — гэта, хутчэй, валанцёрскі рух… Таму тут трэба падумаць, як супрацоўніцтва наладзіць. Напрыклад, у суседняй Расіі студэнтам на занятках даецца заданне не напісаць рэферат, а стварыць артыкул пэўнай якасці ў рускамоўнай Вікіпедыі. Магчыма, у нас варта таксама практыкаваць падобнае…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"