Пад шрыфтам Песняра

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

“Электронная культура”-2015: “аблокі”, школьныя кнігі ў тэлефоне і краўдсорсінг у мастацтве
На сёлетняй, ужо чацвёртай па ліку, навукова-практычнай канферэнцыі “Электронная культура”, што прайшла ў рамках XXII Міжнароднага спецыялізаванага форуму па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях “ТІВО-2015”, айчынныя бібліятэкары, музейшчыкі ды ІТ-спецыялісты дэманстравалі шматлікія інавацыі, якія сёння актыўна выкарыстоўваюцца ў розных як дзяржаўных, так і прыватных установах ды арганізацыях сферы.

/i/content/pi/cult/531/11528/12-1.jpg

У пошуку старадрукаў

Як і абяцалі арганізатары, сёлетняя канферэнцыя сталася пляцоўкай для абмеркавання тэндэнцый у сферы інфармацыйнага развіцця грамадства, а таксама месцам для прэзентацыі самых розных інавацыйных праектаў. У першую чаргу гэта датычылася ініцыятыў па папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны краіны ды інтэграцыі Беларусі ў сусветную інфармацыйна-культурную прастору…

Прыкладам, шэраг выступленняў быў прысвечаны стварэнню Дзяржаўнага рэестра гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, у тым ліку — кніжных помнікаў. Як адзначыў мадэратар канферэнцыі — намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, на сёння многія каштоўныя старадрукі захоўваюцца ў самых розных бібліятэках ці музеях Беларусі, а таксама за мяжой. Поўнай і дакладнай інфармацыі пра іх стан, ступень пашкоджанасці, умовы захавання пакуль не існуе, таму стварэнне Дзяржрэестра кніжных помнікаў краіны — сапраўды надзённая патрэба сённяшняга дня...

Сярод многіх іншых выступленняў адзначу праект, пра які распавяла начальнік аддзела па сувязях з грамадскасцю ЗАТ “Плацежная сістэма “Белкарт” Марына Раман. Гэта сумесная з вядомым інтэрнэт-парталам ініцыятыва: цягам года журналісты-валанцёры пішуць пра тыя або іншыя музеі краіны, а пасля публікуюць свае рэпартажы ў Сеціве. Як адзначыла Марына Раман, дадзеныя публікацыі карыстаюцца вялікай увагай наведвальнікаў беларускага сегмента Сусветнага Павуціння, і такім чынам усё больш людзей даведваецца пра разнастайныя музейныя ўстановы нашай краіны, у першую чаргу — рэгіянальныя.

На валанцёрскіх пачатках

Дарэчы, тэму валанцёрства ды грамадскага ўдзелу ў шматлікіх электронна-інфармацыйных культурных праектах дакладчыкі ўзнімалі яшчэ не раз. У гэтым, як мне падаецца, і бачыцца праява сённяшняга тэхналагічнага часу, калі без удзелу валанцёраў, энтузіястаў ды розных зацікаўленых людзей папраўдзе якасны інфармацыйны і запатрабаваны прадукт папросту не зробіш…

Прыклад — навідавоку. Маю на ўвазе шырока вядомы праект аднаго з айчынных банкаў пад назвай “Дзесяць стагоддзяў беларускага мастацтва”. Выстаўка гэтая, як вядома, атрымала значны розгалас, прычым не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. А пасля яе завяршэння паўстала пытанне далейшага развіцця гэтай, напачатку прыватнай, ініцыятывы.

І, як вядома, праект атрымаў свой належны працяг праз стварэнне інтэрнэт-партала “Арт-Беларусь”. Як патлумачыў вядучы спецыяліст інфармацыйнай палітыкі банка Аляксандр Сухадолаў, сёння сайт актыўна папаўняецца творамі беларускага мастацтва. У тым ліку дзякуючы неабыякавым грамадзянам краіны, якія могуць дадаць — і ўжо дадаюць — на сайт характарыстыку таго або іншага помніка мастацтва, пішуць біяграфіі, распавядаюць пра гісторыю ўзнікнення твора…

Натуральна, справа гэтая толькі пачалася. Але такім чынам “Арт-Беларусь” пазіцыянуе сябе ўжо як краўдсорсінгавая платформа ці ініцыятыва, да якой сёння можа далучыцца кожны… Такая своеасаблівая “Вікіпедыя” беларускага мастацтва мае, на думку Аляксандра Сухадолава, неабмежаваныя магчымасці для развіцця, з улікам таго, што ўсе тэксты ды выявы ад аматараў будуць правярацца і карэктавацца спецыялістамі ў галіне айчыннага мастацтва…

У чарзе па школьныя кнігі

Распавяду яшчэ пра некалькі цікавых прэзентацый. Напрыклад, адзін з айчынных мабільных аператараў прадставіў на разгляд публікі праект, які “прагучаў” яшчэ летась. Гаворка — пра “мабільную бібліятэку”, што напачатку налічвала каля 800 твораў, а сёння змя-
шчае ўжо больш за 200 тысяч кніг. Кожную з іх можна запампаваць на свой тэлефон і чытаць у любым зручным месцы. Самае цікавае, што ў віртуальнай мабільнай бібліятэцы ёсць усе кнігі, прызначаныя для прачытання школьнікам па праграме прадмета “Руская літаратура”. Як запэўнілі прадстаўнікі кампаніі, неўзабаве ў іхняй бібліятэцы з’явяцца таксама і кнігі са школьнай праграмы па беларускай літаратуры, якіх пакуль што там не стае…

Маргарыта Груца, інжынер-электронік музея “Замкавы комплекс “Мір” распавяла пра абноўлены сайт сваёй установы ды пра тыя новыя магчымасці, якія сталі даступнымі наведвальнікам гэтай віртуальнай старонкі. Напрыклад, госць музея цяпер можа не толькі замовіць білет на наведанне экспазіцыі, але і выбраць для сябе зручны час для экскурсіі. Да таго ж на партале замкавага комплексу можна таксама забраніраваць месца ў гасцініцы, якая, як вядома, размяшчаецца ў самім старажытным будынку… Па словах Маргарыты Груца, заказы праз Інтэрнэт карыстаюцца вялікім попытам у наведвальнікаў, нягледзячы на тое, што абноўлены сайт з’явіўся ў Сеціве зусім нядаўна.

А супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы на канферэнцыі “Электронная культура” распавялі пра гісторыю стварэння шрыфта “piasniar” — лічбавай копіі почырку Янкі Купалы. Па словах загадчыка аддзела культурна-адукацыйнай работы музейнай установы Вольгі Пархімовіч, над стварэннем шрыфта “шчыравала” цэлая каманда неабыякавых людзей, а базуецца той шрыфт на аснове рукапіснага зборніка паэта “Шляхам жыцця”, датаванага 1913-м годам. На сённяшні дзень сайт piasniar.by, дзе і размешчана лічбавая копія почырку класіка беларускай літаратуры, наведала каля сямі тысяч чалавек. З іх прыкладна чатыры тысячы спампавалі шрыфт. І ўсё гэта з улікам таго, што сайт запрацаваў 19 сакавіка…

Натуральна, пра ўсе праекты ў сферы інфармацыйных тэхналогій, якія сёння прымяняюцца культработнікамі і якія дэманстраваліся пад час канферэнцыі “Электронная культура”, распавесці немагчыма. Ды, мабыць, і не патрэбна. Выкажу толькі тую выснову, што сфарміравалася ў мяне пасля наведання сёлетняга мерапрыемства. На мой погляд, карысць і нават пільная неабходнасць выкарыстання найноўшых тэхналогій ва ўстановах сферы культуры робяцца ўсё больш і больш відавочнымі.

І справа тут не толькі ў тым, што на першых канферэнцыях у рамках “ТІВО” сваімі праектамі дзяліліся адно бібліятэкары, а цяпер — і супрацоўнікі самых розных устаноў ды арганізацый. Гаворка — пра агульнасусветную тэндэнцыю, пра тое, што жыць без найноўшых інфармацыйных тэхналогій сёння проста немагчыма. У тым ліку — і ўстановам культуры Беларусі. І гэтая выснова гучала напрыканцы амаль кожнага выступлення. Бо, як вядома, заўтра пачынаецца сёння. “Электронная культура” на “ТІВО-2015” сцвердзіла гэтую аксіёму яшчэ раз. І — досыць пераканаўча…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"