Тэндэнцыі аўтэнтыкі

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

Што засведчыла канферэнцыя фалькларыстаў
З 24 па 26 красавіка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў прайшла ІХ Міжнародная навуковая канферэнцыя “Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання (памяці этнаантраполага Зінаіды Мажэйка)”. Дадзеная канферэнцыя цягам дзевяці гадоў з’яўляецца адзіным у рэспубліцы сістэмным інавацыйным навукова-практычным праектам па канцэптуальным даследаванні актуальных напрамкаў захавання, вывучэння, пераймання і папулярызацыі фальклору. Сёлета навуковая падзея праходзіла ў памяць Зінаіды Мажэйка — лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны, доктара мастацтвазнаўства, этнамузыколага і аўдыявізуальнага антраполага, аўтара даследаванняў па экалогіі традыцыйнай культуры. У канферэнцыі ўзялі ўдзел 120 даследчыкаў з 10 краін (Беларусь, Расія, Украіна, Літва, Латвія, Славакія, Малдова, Польшча, Нігерыя, Кітай) і 15 фальклорных калектываў. У час сустрэчы з адказнымі за розныя напрамкі даследчай і практычнай дзейнасці прадстаўнікамі аргкамітэта канферэнцыі — прафесарам Энгельсам ДАРАШЭВІЧАМ, загадчыкам кафедры этналогіі і фальклору Вячаславам КАЛАЦЭЕМ, этнафоназнаўцам Таццянай ПЛАДУНОВАЙ — былі агучаны наступныя пытанні.

— Што, на погляд удзельнікаў канферэнцыі і на ваш асабісты, як непасрэдна знаёмых з Зінаідай Мажэйка, з’яўляецца прыярытэтным для фалькларыста ХХІ стагоддзя, калі зыходзіць з яе навуковага тэстаменту?

Э.Д.: — Рубяжы, якіх беларусазнаўства сёння дасягнула, Мажэйка прадбачыла. Фальклор сёння даследаваны і пажанрава, і парэгіянальна, і ў зрэзе “жывога бытавання”. Пажанрава ён апісаны ў 50-томным зборы “Беларуская народная творчасць” Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; парэгіянальна — у зборы “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”, аўтарскі калектыў якога на чале з вучаніцай Мажэйка Тамарай Варфаламеевай атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва; у зрэзе “жывога бытавання” — наша традыцыя фіксуецца на інтэрнэт-партале livingheritage.by. Сёння інфармацыя пра фальклор — у наяўнасці, але ў грамадстве няма дакладнага разумення, як з гэтай інфармацыяй працаваць — ні канцэптуальна, ні ўжыткова-тэхнічна. Мажэйка сцвярджала, што для якаснага вывучэння фальклору “неабходны экспедыцыі сацыялагічнага напрамку са стацыянарным даследаваннем найбольш спеўных вёсак метадам “уключанага назірання”. Гэты антрапалагічны метад не толькі дае інфармацыю, але і накіроўвае даследчыка на абарону аб’екта даследавання (мясцовай традыцыйнай культуры), пошук шляхоў інтэграцыі фальклору ў сучаснасць. Ён не прымае “адвабленай фіксацыі”.

— У сувязі з гэтым, што можа параіць навука сёння фалькларыстам-практыкам, кіраўнікам творчых калектываў у напрамку методык пераймання фальклору?

В.К.: — У рамках канферэнцыі былі праведзены майстар-класы з удзелам практыкаў і прадстаўнікоў Расійскага інстытута гісторыі мастацтваў. Насамрэч, методыка захавання фальклорнага мастацтва ў цяперашні час — досыць прапрацаваная з’ява. Такія рэчы, як “метад дэманстратыўнай антрапатэхнікі” (перайманне вусным шляхам ад носьбітаў традыцыі ці з аўдыя- і відэакрыніц) сёння — звычайная “дыдактычная руціна” на нашай кафедры. Таму тыя, хто тут вучыцца, — не толькі лаўрэаты міжнародных фальклорных фестываляў у Германіі, Швецыі, Харватыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літве і дыпламанты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, але і дыпламанты Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў… Іх высокі мастацкі ды аналітычны ўзровень — заканамерны і даўно прадказаны ў тэорыі кантанацыі (шматканальнага ды шматузроўневага ўспрымання мастацтва) акадэміка Ігара Маціеўскага, даследаваннях нарацыі і інканціравання фальклору беларуска-польскага этнамузыколага і лінгвіста Галіны Кутыровай-Чубалі, канцэпцыі арганізацыі інтэрактыўных фольк-імпрэз літоўкі Ірыны Урбанавічэне. Для папулярызацыі іх досведу БДУКіМ і праводзіць штогод канферэнцыю па аўтэнтычным фальклоры.

— Кантакт з носьбітамі, інтэрактыўнасць аўтэнтычных фальклорных форм — ці не застанецца гэта чарговым эксклюзіўным прыгожым заклікам, які не мае масавага практычнага ўвасаблення?

Т.П.: — У практычнай частцы канферэнцыі прайшлі тры мерапрыемствы, скіраваныя на папулярызацыю фальклору. 24 красавіка ў БДУКіМ адбыўся этнаграфічны канцэрт з удзелам народнага фальклорнага ансамбля “Таняжанка” вёскі Тонеж Лельчыцкага раёна і аўтэнтычных гуртоў вёсак Камень, Парэчча, Церабень Пінскага раёна. 25 красавіка ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту быў праведзены абрад “Юр’я” з удзелам аўтэнтычнага ансамбля “Міжрэчча” вёскі Пагост на Тураўшчыне (іх варыянт юр’еўскага абраду ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь) і дзевяці маладзёжных ды дзіцячых фальклорных гуртоў. 26 красавіка зладзілі інтэрактыўную вечарыну дударскай музыкі з удзелам амаль 150 прадстаўнікоў студэнцкай моладзі, якія вывучаюць ды пераймаюць рэпертуар і стыль выканання спеўнага ды харэаграфічнага фальклору.

Э.Д.: — Па аднадушным перакананні ўдзельнікаў канферэнцыі, правядзенне апошняй — якасны крок да сістэмнай працы па адраджэнні культурнай памяці нашага народа, адаптацыі традыцыйных каштоўнасцей Беларусі да сучаснасці. І арганізуючым цэнтрам такой работы ў краіне паступова становіцца наш універсітэт, што, дарэчы, і адзначыў яго рэктар Юрый Бондар, калі ўрачыста адкрываў “Аўтэнтычны фальклор”.

Чэслаў ВОХАЎ