А што за скокамі?..

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё
Чытаючы інтэрнэт-старонкі, часта знаходжу інфармацыю пра своеасаблівыя густы некаторых дзіцячых танцавальных калектываў, пра, мякка кажучы, зусім не дзіцячыя танцы і скокі ў самых недарэчных для гэтага варунках.

/i/content/pi/cult/531/11520/5-3.jpgШквал абурэння ў Сеціве выклікалі так званыя “пчолкі” з расійскага Арэнбурга, якія на канцэртнай сцэне дэманстравалі эратычныя рухі ды надта смелыя позы. Знайшліся і абаронцы, што абвінавачвалі тых, хто абураўся, у ханжастве, гаварылі аб свабодзе самавыяўлення, аб падлеткавай непасрэднасці. Не паспелі сціхнуць жарсці вакол “пчолак”, як на інтэрнэт-старонках з’явілася новая інфармацыя: “Пракуратура Краснадарскага краю завяршыла праверку па факце з’яўлення ў Інтэрнэце відэа, на якім група дзяўчат танцуе на фоне мемарыяла “Малая зямля” ў Новарасійску. Гэты нумар некаторыя жыхары горада ўспрынялі як празмерна адкрыты і нават непрыстойны”. У выніку да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі пяць дзяўчат…

Гэта адбываецца ў суседзяў. На жаль, падобная тэндэнцыя не-не — ды трапляецца і ў нас. Сам быў сведкам, як завяршаючы пэўны гала-канцэрт дарослых калектываў, дзе былі і фальклор, і сучасная айчынная папса, з вясёлымі воклічамі выскоквалі дзеткі і пад фанаграму на англійскай мове ды “выраблялі” па пад Майкла Джэксана, віхляючы клубамі, акурат як дзе-небудзь у салуне на Дзікім Захадзе з амерыканскіх фільмаў. Пэўна, кіраўнікі такіх калектываў лічаць, што такім чынам далучаюць хлопчыкаў і дзяўчынак да сучаснай сусветнай культуры.

А вось у нядаўняй перадачы па расійскім канале “Культура” з цудоўнай вядучай Дар’яй Златапольскай амерыканскі кампазітар і прадзюсар рускага паходжання Уолтар Афанасьеў сцвярджаў, што юныя амерыканцы ўсё больш скочваюцца на танныя падробкі масавай культуры, што знікаюць традыцыі нават такой маладой музычнай культуры, як амерыканская. У сваёй жа ўласнай творчасці (а гэта, дарэчы, і славутая песня з папулярнага галівудскага фільма “Тытанік”) ён натхняецца традыцыйнай класікай, пераважна рускай — Чайкоўскім, Рахманінавым, спалучаючы гэта з тыпова амерыканскімі традыцыямі.

Патрыятызм і павага да ўласнай культуры выхоўваюцца з першых гадоў жыцця юнага грамадзяніна. Тут, безумоўна, павінны даваць урокі любові ды павагі да свайго, айчыннага, сям’я, дзіцячы садок, школа і, канешне ж, тыя, хто займаецца дзіцячай мастацкай творчасцю. Пра ролю і значэнне традыцый мне даводзілася казаць неаднойчы. Але я не маю на ўвазе толькі ўласна фальклор. Безумоўна, не трэба ўсіх без выключэння юных артыстаў апранаць у падперазаныя старасвецкія кашулі ды андаракі. Але выхоўваць у маладога пакалення ўвагу да сваіх нацыянальных каштоўнасцей, традыцый ды звычак — не толькі справа гонару педагогаў і выхавацеляў, але і іх прафесійны абавязак.

У тым ліку — у танцах ды спевах.

Аўтар: Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ
паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё