Што наканавана крытыку?

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

Лепш аб’язджаць мустангаў ці катацца на поні?
Калі меркаваць пра наша сённяшняе мастацтва па крытычных артыкулах і рэцэнзіях, дык ствараецца ўражанне, што іх аўтары нагадваюць гогалеўскіх губернскіх дам: яны або “проста прыемныя”, або “прыемныя ва ўсіх адносінах”. На жаль, у сучаснай крытыцы ды мастацтвазнаўстве няма думкі, якая вяла б мастакоў за сабой, — саму крытыку часта “вядзе” той або іншы масціты мастак.

/i/content/pi/cult/531/11517/4-2.jpgМожна запярэчыць: а дзе ж вы сёння бачылі беларускую мастацкую крытыку? Яе даўно і след прастыў! Гэта так і не так: усё ж час ад часу з’яўляецца ў нейкіх часопісах штосьці падобнае на крытычную думку ў адносінах да выяўленчай культуры, але, канешне, на жаль, мала хто з аматараў мастацтва, мастакоў дый саміх мастацтвазнаўцаў тое чытае. А ў Сеціва беларуская мастацкая крытыка пакуль не ўвайшла, каб набыць характэрныя для онлайн-крытыкі такія рысы, як мультымедыйнасць, інтэрактыўнасць, гіпертэкстуальнасць. А калі што і праскоквае, то гэта альбо вельмі нізкі прафесійны ўзровень, альбо дылетанцтва, альбо плагіят чыстай вады.

Гэта калісьці, у савецкія часы, мастакі маглі паскардзіцца ў ЦК КПБ або падаць у суд на крытыка, калі ён у сваім артыкуле рэзка крытычна “прайшоўся” па іхніх творах (быў такі выпадак са мной у 1980-я ). А зараз… Зараз поўная свабода слова і для мастакоў (малюй што хочаш, выстаўляй дзе хочаш), і для мастацтвазнаўцаў — пішы што хочаш. Але толькі пісаць прафесійна няма каму, дый навошта: каму гэта зараз патрэбна? Траціць час, нервы і здароўе, каб потым атрымаць капеечны ганарар ды масу папрокаў нездаволеных, калі пра іх раптам напісана штосьці “не тое”, — змілуйцеся! Урэшце, сёння, акрамя газеты “Культура” і часопіса “Мастацтва”, практычна ўсе дзяржаўныя ды недзяржаўныя СМІ ставяцца да выяўленчай культуры, мякка кажучы, не вельмі прыхільна. Ці не, не так. Проста інфармуюць пра яе існаванне як такое без спроб занурыцца ўглыб.

Крытыкі-дыназаўры, з якімі ў даўнія часы лічыліся і мастакі, і грамадства, даўно пайшлі з жыцця, не пакінуўшы пасля сябе фундаментальнага пісьменнага патомства, а тыя, дзякаваць богу, жывыя, хто таксама калісьці “рабіў надвор’е”, — на пенсіі і ад мастацтвазнаўства паступова ды ціха-мірна адышлі… Парадокс: фармальна існуюць секцыя і мастацкай крытыкі, і мастацтвазнаўства Беларускага саюза мастакоў (амаль 35 чалавек), і цэлы Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў, пра работу якога я, праўда, абсалютна нічога не ведаю, хаця як бы з’яўляюся яго членам. Працуе і кафедра літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ. Існуе і адпаведная кафедра ў БДАМ. Словам, быццам бы ўсё ёсць, а вось мастацкіх крытыкаў — кот наплакаў, дый прафесійных мастацтвазнаўцаў ды гісторыкаў мастацтва — таксама… Затое дылетантаў-аматараў, так бы мовіць, “ад сахі”, якія думаюць, што напісаць артыкул пра выстаўку ці нейкага мастака проста, шмат…

Я ўжо не кажу, што праблемы гэтыя тычацца не толькі сталіцы, але і рэгіёнаў, дзе практычна няма каму пісаць у “цэнтр” (за рэдкім выключеннем — Ізяслаў Катляроў са Светлагорска, Святлана Строгіна з Магілёва, Марына Загідуліна з Гродна, якія маюць пастаянныя добрыя сувязі, скажам, з газетай “Культура”). З астатнімі гарадамі краіны ў плане “мясцовага” мастацтвазнаўства — праблема, хаця ў Віцебску, Барысаве, Гомелі ёсць, так бы мовіць, арт-крытыкі — члены БСМ, але “разгайдаць” іх на напісанне, для тых жа “Культуры” або “Мастацтва”, нават простага матэрыялу-рэцэнзіі, не кажучы пра сур’ёзнае даследаванне сучаснага мастацкага жыцця іхняга рэгіёна, вельмі цяжка…

Канешне ж, у прынцыпе ніколі не кіну камень у бок мастацтвазнаўцаў — членаў Беларускага саюза мастакоў. Усе яны добра працуюць на сваіх пасадах у дзяржаўных установах і грамадскіх арганізацыях, хтосьці мае ганаровыя званні, дзяржаўныя прэміі, ёсць прафесары і дацэнты, кандыдаты мастацтвазнаўства, кіраўнікі ды супрацоўнікі музеяў, галерэй, рэдакцый газет… Але практычна ніхто з іх ужо не жадае мець справы з мастацкай крытыкай, бо гэта сапраўды няўдзячная справа, за якую ніхто не скажа дзякуй. Урэшце, справа не ў гэтым. Вось успомніў Пушкіна: “Крытыка — навука адкрываць прыгажосць і хібы ў творах мастацтва і літаратуры. Яна заснавана на дасканалым веданні правілаў, якімі кіруецца мастак або пісьменнік у сваіх творах, на глыбокім вывучэнні ўзораў ды дзейсным назіранні сучасных выдатных з’яў”. Сапраўды — цэлая навука, граніт якой трэба грызці і грызці ўсё жыццё… А хто захоча? І навошта?

Не так даўно прыйшла да мяне ў рэдакцыю адна дзяўчына, якая скончыла ці то Акадэмію мастацтваў, ці то Інстытут журналістыкі (дакладна ўжо не памятаю), і выказала жаданне стаць арт-крытыкам. Прабачліва ўсміхнуўшыся, сказала, што ёй трэба напісаць артыкул пра адну выстаўку. “Ну дык пішыце! — Але выстаўка такая нецікавая… — І напішыце, што яна слабая, паразважайце, асэнсуйце сітуацыю. — Не, нельга, бо гэта ж юбілейная выстаўка… Юбіляр пакрыўдзіцца… — Дык што, будзеце пачынаць жыццё ў крытыцы з няшчырасці? — Але ж прасілі…” — і ўсмешка ейная стала зусім бездапаможнай…

Дый неўзабаве ўсмешка становіцца пераможнай: глядзіш, а дзяўчына ўжо — “уплывовы крытык”, выдае безапеляцыйныя ацэнкі, астатняе лічыць інтэлектуальным “гарнірчыкам”, дэталямі для чытача. Так нараджаюцца бойкія пасрэднасці, фальшывыя інтэлектуалы, якія, па словах Аляксандра Бенуа, “похваливают и поругивают, но […] всякая […] способна превратиться в дракончика”. Праўда, “у дракончыка” ў нас амаль не ператвараюцца, — часцей так званыя крытыкі становяцца вожыкамі-мурлыкамі, якіх прыемна пагладзіць. “З глузду з’ехаў! — вырашыць чытач. — Вожык у яго замурлыкаў! Пра калючкі забыўся?”

А калі я, фігуральна, — пра тую самую крытыку, якую калісьці з гэтым сімпатычным звярком параўналі? Сапраўды, калі ёй штосьці было не даспадобы, мастацкая крытыка выстаўляла іголкі. “Калоліся” і мае калегі-нябожчыкі Алег Сурскі, Валодзя Бойка, Мікалай Крукоўскі, Алег Белавусаў, Андрэй Савіцкі; у свае часы “калоліся” Эма Пугачова, Мікалай Паграноўскі, Ларыса Фінкельштейн, Пётра Васілеўскі (дай ім Бог здароўя).

Толькі нездарма ўсе гэтыя дзеясловы ўжываюцца ў мінулым часе. Разгорнеш сёння глянцавы часопіс, зазірнеш у газету ў адпаведныя раздзелы, паглядзіш кароткія рэкламныя навіны тэлебачання пра нейкую персанальную выстаўку чарговага малавядомага “генія” або вядомага “народнага” ці “заслужанага” — і што бачыш? Мурлыкае брат так званы крытык, проста-такі трэцца аб манументальную нагу мастака, асабліва калі той — юбіляр або лаўрэат. І ніякіх табе праблем!

Насамрэч праблем шмат як ніколі. Яны, гэтыя праблемы, даўно лунаюць у паветры, але пра іх сёння не гавораць нават у кулуарах, не тое што з трыбун альбо ў друку. Нікому ўжо не цікава ведаць, чаму ў нас знікла мастацкая крытыка. Але, можа быць, першапрычына ў тым, што яна зведала пэўную інфляцыю ў вачах саміх творцаў? Прынамсі, у асяродку мастакоў усё больш заўважаю чыста практычны падыход да крытыка і мастацтвазнаўцы: хутчэй упісаць іх у свой творча-вытворчы парадак!

З іншага боку, калі разглядаеш крытыку як частку мастацкага жыцця краіны, дык пераконваешся: яна адлюстроўвае тое, што ёсць. Бо калі ёсць шэры паток твораў, дык не можа не існаваць і шэрая крытыка. Калі без усялякай падставы ўзнімаецца да нябёсаў твор, які заслугоўвае ўвагі толькі з той прычыны, што аўтар яго займае высокую пасаду ці проста з’яўляецца сябрам мастака, пра якога расказвае, альбо, зноў-такі, — “масціты”, дык ёсць і “крытыка”, што яго абслугоўвае…

Так, сёння як ніколі лёгка стаць спеваком, мастаком, артыстам, журналістам. Калі я бачу па тэлебачанні канцэрты, дзе безгалосыя спяваюць з мікрафонам, бяздарныя тэлесерыялы пра “ўбойныя аддзелы”, калі назіраю, як тыя, хто не адчувае колер і не можа прафесійна нарысаваць руку натуршчыка, пішуць карціны ды становяцца “авангардыстамі”, “канцэптуалістамі”, стваральнікамі “актуальнага” мастацтва, я разумею смеласць такіх людзей-дылетантаў, якія эстэтычна неадукаваныя, але так ці інакш спакваля “замбіруюць” неакрэплыя душы маладых людзей. Але хто ім супрацьстаіць? На жаль, няма каму… Вось тут бы сапраўднага аўтарытэтнага крытыка-аналітыка, ды дзе ж яго ўзяць? Прыкладна такую місію і імкнуцца ўзяць на сябе самі мастакі-практыкі, распрацоўваючы розныя арт-праекты…

Дык што ж такое званне крытыка? Знак прыгожай, прэстыжнай прафесіі або адказнай духоўнай місіі? Што наканавана крытыку: смела крочыць у нязведанае ці каціцца ва ўтульным экіпажы па наезджанай дарозе ў ар’ергардзе мастакоў? Іншымі словамі, што лепш: аб’язджаць мустангаў або катацца па крузе на поні?

Ну, і, мабыць, надышоў такі час, калі для нашага брата-мастацтвазнаўцы лепш катацца па крузе на поні… Ці я мо памыляюся?

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"