Купалаўцы ў "Другой сусветнай"

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

Тэма Вялікай Айчыннай — святая для кожнага. Няма сям’і, якую яна не закранула б. Мастацкіх твораў ёй таксама прысвечана багата. Часам нават складаецца ўражанне, быццам ужо ўсё сказана.

/i/content/pi/cult/531/11515/5-1.jpgАле гэта не так. Кожнае новае пакаленне знаходзіць і будзе знаходзіць нейкія новыя павароты. Ёсць яны і ў песнях Марка Мермана, паводле якіх я паставіў спектакль-канцэрт “Другая сусветная”. Гэты праект не “аднаразовы”, ён будзе паўтарацца і да Дня Незалежнасці, і ў іншыя святы, стане рэпертуарным. Прэм’ера, зразумела, прымеркавана да 70-годдзя Вялікай Перамогі і адбудзецца 7, 8 і 10 мая. Але пачалі рыхтаваць спектакль-канцэрт задоўга да памятнай 
даты.

Марк Мерман — мой даўні сябра. Ён былы мінчанін, тут нарадзіўся, вучыўся на філолага, удзельнічаў у студэнцкім тэатры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Там мы і пазнаёміліся, і ён ужо тады ствараў свае аўтарскія песні. Апошнія дваццаць з нечым гадоў ён жыве ў Амерыцы, але мы падтрымліваем кантакты. Яго песні і вершы неаднаразова выдаваліся, некаторыя ягоныя кампазіцыі трапілі на расійскую эстраду, у кіно (серыял “Дыверсант”), іх спяваюць Тамара Гвердцытэлі, Лайма Вайкуле, Валерый Лявонцьеў, Ігар Скляр. Але імя аўтара пры гэтым застаецца ў цені.

З яго песень пра вайну я выбраў 18, кампазітар Уладзімір Кур’ян зрабіў аранжыроўкі, сачыніў інструментальны ўступ — інтрадукцыю. Усё будзе ісці толькі жыўцом: і акампанемент (да аркестра Купалаўскага тэатра далучацца трое запрошаных духавікоў), і спевы. Вядома, дададуцца кадры кінахронікі.

Песні пра вайну з'явіліся ў Марка Мермана не дзеля “птушачкі”. Ён з сям’і марскога афіцэра, на вайне быў ягоны дзед — і дайшоў да Берліна. Многія яго ўспаміны пра вайну — шчырыя, без залішніх рамантычных упрыгожанняў — леглі ў аснову песенных гісторый. Прыцягвае і тое, што вайна разглядаецца рознабакова. Гэта адлюстравана ўжо ў назвах абраных намі песень: “Смерць п’е не з бакала”, “Іншаземныя легіёны”, “Гавораць ускраіны Патсдама”, “Светлы шлях (памяці Любові Арловай)”, “Аркестр Уцёсава”, “Штрафныя душы”, “Стары ў Заходнім Бронксе”, “Калекі”... У песнях адчуваецца, што яны створаны чалавекам неабыякавым. Слухаючы іх, абыякавым таксама застацца немагчыма. Спадзяюся, гэта адбудзецца і з нашымі гледачамі…

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"