Праграма для Пекіна

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

З 6 па 8 мая ў Пекіне пройдуць Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, якія стануцца сведчаннем шчырай узаемнай цікавасці да культурных дасягненняў ды імкнення развіваць і ўмацоўваць супрацоўніцтва паміж краінамі.

Як паведамілі "К" у Міністэрстве культуры нашай краіны, у рамках Дзён культуры, адкрыццё якіх адбудзецца ў “Beijing Concert Hall”, пройдзе выступленне Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята” Беларускай дзяржаўнай філармоніі, салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Адбудзецца адкрыццё выстаўкі графікі “Пэндзаль сяброўства” на тэму “Прысвячэнне паэзіі Якуба Коласа” і “Жаночыя партрэты “Сярэбранае стагоддзе” беларускай мастачкі Марыны Эльяшэвіч, якая працуе ў непаўторнай тэхніцы традыцыйнага кітайскага жывапісу го хуа.

Афіцыйную дэлегацыю Рэспублікі Беларусь на Днях культуры ўзначаліць намеснік Міністра культуры нашай краіны Васіль Чэрнік.

У рамках Дзён культуры будуць разгледжаны магчымасці правядзення ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы Дзён беларускага кіно, выстаўкі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, гастролей Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Дні культуры Беларусі ў Кітаі стануць яшчэ адным агульным унёскам у пашырэнне і ўмацаванне сяброўства паміж нашымі краінамі і народамі.