Як паведамілі "К" у Міністэрстве культуры нашай краіны, у рамках Дзён культуры, адкрыццё якіх адбудзецца ў “Beijing Concert Hall”, пройдзе выступленне Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята” Беларускай дзяржаўнай філармоніі, салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Адбудзецца адкрыццё выстаўкі графікі “Пэндзаль сяброўства” на тэму “Прысвячэнне паэзіі Якуба Коласа” і “Жаночыя партрэты “Сярэбранае стагоддзе” беларускай мастачкі Марыны Эльяшэвіч, якая працуе ў непаўторнай тэхніцы традыцыйнага кітайскага жывапісу го хуа.
Афіцыйную дэлегацыю Рэспублікі Беларусь на Днях культуры ўзначаліць намеснік Міністра культуры нашай краіны Васіль Чэрнік.
У рамках Дзён культуры будуць разгледжаны магчымасці правядзення ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы Дзён беларускага кіно, выстаўкі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, гастролей Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.
Дні культуры Беларусі ў Кітаі стануць яшчэ адным агульным унёскам у пашырэнне і ўмацаванне сяброўства паміж нашымі краінамі і народамі.