Хронікі ацалелага архіва. Частка ІІ

№ 18 (1196) 02.05.2015 - 08.05.2015 г

Маленькі адрэзак гісторыі краіны
Больш за год я заняты прывядзеннем да ладу свайго фотаархіва. Сканую плёнкі 1980-х. І мне здаецца, што я сканую не толькі ўласна іх, але і сваю памяць. Дзіўна, як, гледзячы на кадры, пра якія я ўжо даўно забыўся, прыгадваецца ўсё тое, што спадарожнічала здымцы… Гэта падобна на цуд. На маленькі цуд падобна і тое, што гэтыя плёнкі захаваліся...

/i/content/pi/cult/531/11508/14-1.jpg

Адзін з нёманскіх пейзажаў.

(Заканчэнне. Пачатак у № 16.)

Пра дворыкі

Жыў я тады са сваёй сям’ёй у доме на вуліцы Мяснікова. Гэта даволі стары дом па мінскіх мерках. Пачыналі яго будаваць у сталінскую эпоху, скончылі ў часы Хрушчова. Утульны з вялікімі дрэвамі двор. Нам пашанцавала з суседзямі. Мы ўсіх у пад’ездзе ведалі. Асабліва ж нам пашанцавала ў тым, што ў доме жыла Цыля Маісееўна. Яна была пенсіянеркай, ветэранам вайны, працавала пры гэтым масавіком-забаўнікам у дзіцячым парку імя Максіма Горкага. Вось ужо дзе нястомны чалавек!..

Мала ёй асноўнай працы, дык яна ў кожнае дзяржаўнае свята ладзіла прадстаўленне ў двары. Да гэтай падзеі рыхтаваліся бацькі і дзеці. Мужчыны прыбіралі двор, мамы пяклі пірагі ды прысмакі для агульнага стала, дзеці рыхтавалі канцэрты. А я здымаў. Не толькі наш двор, але і суседнія. Так атрымалася серыя “Мінскія дворыкі". Дворыкі, будынкі і вуліцы фатаграфаваў я і ў родным Брэсце. Аднойчы на самай галоўнай вуліцы Савецкай пад час здымкі да мяне падышоў пажылы мужчына ў цывільным. Паказаўшы пасведчанне Камітэта дзяржбяспекі, ён прапанаваў прайсці ва ўпраўленне. Па дарозе да нас далучыўся яшчэ адзін сівавалосы таварыш. Штосьці мне ў іх абліччы падалося не тым. Надта грамадзянскі выгляд у іх быў…

Невялікае адступленне. У Брэсце я вучыўся на ўскраіне: з вокнаў школы бачылі Польшчу, многія жылі ў памежнай зоне. Нават неафіцыйны школьны чэмпіянат па хакеі мы праводзілі на замёрзлай сажалцы ля забароненай зоны, за што часцяком атрымлівалі ад памежнікаў. Да нас у школу прыходзілі і супрацоўнікі КДБ: чытаць лекцыі аб праяўленні пільнасці, паколькі ля мяжы — шпіёны. Аднойчы нават прадставілі выстаўку прадметаў, якія выкарыстоўваюць парушальнікі мяжы для сваіх чорных спраў. Урэшце, мяжа была на замку, за “жалезнай заслонай”. Пра іншыя краіны мы ведалі з геаграфіі і тэлевізара, дзе пра інтрыгі капіталістаў вяшчалі штодня. Пра тое ж, што туды можна паехаць простаму чалавеку, і думак не было!

Затрымалі ж мяне афіцэры-пенсіянеры памежных войскаў (памежнікі тады ўваходзілі ў склад КДБ). Падаўся падазроным я ім таму, што здымаў будынкі, у якіх няма элементарных выгод. Маўляў, з’явяцца такія здымкі на Захадзе — і падарвуць аўтарытэт Саюза. Паўшчуваўшы, мяне адпусцілі: дапамагло пасведчанне члена фотаклуба “Вячэрні Мінск” з залатымі літарамі “Прэса” на адвароце. Праўда, ад засвятлення плёнкі гэта не выратавала. Але калі мяне суправаджалі, паспеў перазарадзіць касету: адзнятае ляжала ў кішэні…

/i/content/pi/cult/531/11508/14-2.jpg

Пейзажы

Пейзажамі я не надта захапляўся, але гэтая здымка запомнілася. Турбаза “Высокі бераг” ля Нёмана — родныя мясціны Якуба Коласа. Дзесьці ў сярэдзіне 1980-х адпачываў там са сваёй сям’ёй, і яшчэ мы захапілі для кампаніі трох малалетніх пляменнікаў. Як змяшчаліся такім натоўпам у цесным аўтапрычэпе, мне да гэтага часу незразумела… Але жылі мы дружна і весела. Паветра, сонца, рака кампенсавалі бытавыя нязручнасці.

Неяк дзеці папрасілі паказаць, як трэба лавіць вудай. Я ахвотна пагадзіўся і кожны этап навучання суправаджаў адпаведным дзеяннем:

— Бераце вуду ў правую руку, насаджваеце чарвячка (абавязкова трэба папляваць на яго)… Далей закідваеце ў рэчку і выцягваеце рыбку… — узнімаю вуду, а на кручку трымціць рыбка. Як яна за тыя пару імгненняў паспела схапіць кручок — уявіць цяжка, але — факт! Пра тое ж, што аўтарытэт у дзятвы ўзняўся на неверагодную вышыню, казаць не выпадае…

Калі дзень мы праводзілі на Нёмане, то па вечарах здзяйснялі праменад уздоўж берага. У адну з такіх прагулак апусціўся туман. Усё стала незвычайным: прадметы страчвалі звыклыя абрысы, нібыта губляючыся ў тумане. Хутка дастаў з сумкі камеру. За паўгадзіны да наступлення поўнай цемры адзняў усю плёнку. Такі стан прыроды заспелі толькі аднойчы за ўвесь час нашага адпачынку, і ён застаўся ў мяне на плёнцы…

 

***

Тое, што я сканую, паказваю вучням ды маладым фатографам. Сачу за іх рэакцыяй. І бачу: здымкі — патрэбны. Не ўсе яны маюць аднолькавую мастацкую вартасць, але час ёсць у кожным з іх. У іх бачная гісторыя… У планах — выданне фотаальбома. Але колькі здымкаў можа трапіць у альбом? А што рабіць з астатнімі? Адзін з вучняў неяк прамовіў: “Іх павінны бачыць людзі, каб памяталі”. На жаль, у Мінску няма Музея фатаграфіі. Карэтны ёсць, а Музея фатаграфіі няма. Спадзяюся, што ў нас, як у любой сталіцы еўрапейскай дзяржавы, якая паважае сябе, з’явіцца такі музей яшчэ пры нашым жыцці. А цяпер ёсць адзінае месца, дзе беражліва захоўваюць здымкі, — Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў. Там і знайшлі прытулак першыя 215 здымкаў маіх 1980-х — маленькі адрэзак гісторыі нашай з вамі краіны…

Вадзім КАЧАН, фатограф, выкладчык фатаграфіі