Чытанні плюс школа

№ 17 (1195) 25.04.2015 - 01.05.2015 г

13 — 14 красавіка ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа праходзіў Віцебскі гарадскі фестываль “Сцэнічныя чытанні “Школьны тэатр-19”. Цягам амаль двух дзясяткаў гадоў дзякуючы намаганням рупліўцам тэатра (найперш — былога загадчыка літаратурнай часткі, а зараз асістэнта рэжысёра Святланы Дашкевіч) ён спрыяе далучанасці да тэатральнага мастацтва дзяцей і падлеткаў.

Статус

Вядома, фестываль перажываў розныя перыяды. Так, раней ён праходзіў пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, што давала больш шырокія магчымасці. Апрача конкурсных праглядаў, існавала больш разнастайная гасцявая праграма, журы ўзначальваў прадстаўнік Акадэміі мастацтваў на ўзроўні дэкана альбо загадчыка адной з кафедр тэатральнага факультэта, які праводзіў майстар-клас або даваў кансультацыі будучым абітурыентам. Размовы нават ішлі пра тое, каб надаць фестывалю статус абласнога, а магчыма, нават і рэспубліканскага. Ды надышлі больш складаныя часы.

Зараз фестываль праходзіць больш сціпла, чым хацелася б, але, тым не менш, свае задачы ён выконвае. Апрача вышэйзгаданых, хачу назваць яшчэ адну: папулярызацыя беларускай літаратуры — як класічнай, так і (найперш!) сучаснай. Пастаноўкі ж па творах замежных аўтараў, якімі б таленавітымі яны ні былі, у фінальны, гарадскі, тур проста не трапляюць (згодна з Палажэннем аб правядзенні конкурсу).

Вялікую фінансавую і арганізацыйную дапамогу ў правядзенні Чытанняў тэатру аказваюць аддзел адукацыі, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама, гарадскі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Журы конкурсу сёлета ўзначаліла народная артыстка Беларусі, уладальніца прэміі “За духоўнае адраджэнне” Святлана Акружная, а ў склад яго ўвайшлі артысты-коласаўцы, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і культуры.

Тэма

У фінальны тур гэтым разам трапілі сем творчых калектываў. Паколькі конкурс быў прысвечаны 70-й гадавіне Вялікай Перамогі, асобны блок склалі пастаноўкі, прысвечаныя згаданай даце. Адкрыў фестывальную праграму спектакль “Кароткая песня” паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава ў выкананні тэатральнага калектыву СШ № 28 (кіраўнік — Зоя Таранеўская). Проза згаданага аўтара даволі цяжка падлягае інсцэнізацыі, нягледзячы на тое, што неаднойчы трапляла на драматычную сцэну. Складанасць мне бачыцца ў тым, што пры адсутнасці моцнай інтрыгі трэба дакладна перадаць сітуацыю, у якой чалавек выяўляе сваю сапраўдную сутнасць. Найбольш дакладна і эмацыйна яскрава змагла перадаць унутраны стан сваёй гераіні — простай вясковай дзяўчыны, што закаханая ў камандзіра партызанскага атрада і фактычна гіне з-за свайго пачуцця, — вучаніца 10 класа Вольга Шпакава (прыз за лепшую жаночую ролю). Спектакль атрымаў другое месца, а яшчэ быў адзначаны спецыяльным прызам Віцебскага аддзялення Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Магчыма, недастатковасць уласнага жыццёвага ды акцёрскага досведу іншых выканаўцаў пашкодзіла вельмі сур’ёзнай творчай рабоце выбіцца ў першыя шэрагі. Фактычна праз работу адной актрысы рэжысёр перадала напружаную атмасферу і трагізм твора.

Тэму кахання пад час вайны закрануў і калектыў “Тэатр цудаў” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (кіраўнік — Канстанцін Ганчароў) у спектаклі “Мама, не плач” Ігара Івы. Што можа быць агульнага ў палоннага нямецкага афіцэра і савецкай медсястры? На гэтыя пытанні спрабуюць адказаць юныя артысты — шчыра ды нязмушана, прапускаючы трагічную гісторыю пра забароненае каханне праз уласныя сэрцы. Нездарма ж, напэўна, у акцёраў спектакля адсутнічаюць ваенныя гімнасцёркі альбо медыцынскія халаты: сучаснае адзенне дапамагае перадаць сюжэт ад сваёй асобы. Вобраз і акцёр знітаваны ў нешта адно, непадзельнае. Пры пэўнай дапрацоўцы драматургічнага матэрыялу спектакль мог бы наблізіцца да жанру прыпавесці. Але гэта ўжо пажаданне на адрас рэжысёра, які (прыадкрыем таямніцу) з’яўляецца і аўтарам п’есы. Спектакль падзяліў другое месца з “Кароткай песняй”, а таксама атрымаў дыплом “За лепшае музычнае афармленне” (ён ішоў пры жывым гуку, што спрыяла стварэнню шчымлівай, камернай атмасферы). Выканаўца ролі Каці (якая спрычынілася да смерці галоўных герояў) Дар’я Якаўлева адзначана прызам і дыпломам “За лепшую жаночую ролю другога плана”.

Спектакль “Зіма 43…” тэатральнага калектыву “Прэм’ера” Віцебскай гімназіі № 1 створаны на матэрыяле пісьмаў дзяцей блакаднага Ленінграда. Перад яго кіраўніком і рэжысёрам Таццянай Быкавай стаяла, мабыць, яшчэ больш складаная задача, чым перад яе калегамі, бо акцёры, тут занятыя, зусім яшчэ юныя. І ім яшчэ больш цяжэй не проста ўсхвалявана данесці жывыя, трапяткія радкі, а паспрабаваць самім адчуць ды перадаць атмасферу той эпохі. Маленькія артысты з гэтай задачай справіліся цудоўна. Спектакль атрымаў першае месца.

Варыяцыі

Творы класікаў беларускай літаратуры Міхася Чарота і Францішка Аляхновіча былі прадстаўлены школьнымі тэатрамі “Пігмаліён” СШ № 35 (кіраўнік — Лілія Пятрова) і “Фавор” СШ № 10 (які ачольвае Жанэта Рамановіч) у другім блоку паказаў. Блізкім аказаўся не толькі час напісання апавядання “Чалавек, які не нарадзіўся” і камедыі-фарса “Пан міністр” (у прачытанні юных артыстаў яна гучыць пад назвай “З вялікага грому… ”), але і сатырычная накіраванасць літаратурнага матэрыялу, што не страціў актуальнай злабадзённасці і ў нашы дні. Хіба ж вынішчана бяздушная чыноўніцкая бюракратыя, якую бязлітасна высмеяў Міхась Чарот? Альбо зніклі такія невукі ды прыстасаванцы накшталт “пана міністра”, нікчэмныя пасрэднасці, што імкнуцца да ўлады? Журы прыемна ўразіла, што кіраўнікі школьных драмкалектываў абралі для пастановак творы, якія не маюць багатай сцэнічнай гісторыі. Яны падзялілі паміж сабой трэцяе месца. Былі адзначаны і асобныя акцёрскія работы. Так, выканаўца дзвюх роляў — старшыні валаснога савета Андрэя Стрэмкі і Папа — вучань 35 СШ Станіслаў Галінскі атрымаў прыз “За лепшую мужчынскую ролю другога плана”, а вучань 10 СШ Вячаслаў Арцёменка (ён жа Філімон Пупкін) аб’яўлены лепшым выканаўцам мужчынскай ролі.

Лідары

Найбольш яскравыя пастаноўкі замыкалі конкурсны паказ.

Вось адкажыце, ці можна зрабіць цэлы спектакль паводле… аднаго верша? Настасся Чыстабаева разам са сваімі выхаванкамі з віцебскай сярэдняй школы № 21 зрабіла пастаноўку “Сувязь” як сцэнічны водгук на верш Рыгора Барадуліна “Мяккія рукі”. Тут глыбокі філасофскі змест адпавядае грунтоўна распрацаванай, папраўдзе тэатральнай форме. Атрымаўся яркі сцэнічны эскіз, сагрэты думкамі яго маладой аўтаркі аб той тонкай, нябачнай духоўнай сувязі, якая злучае блізкіх людзей. У аснове нескладанага сюжэта — гісторыя сяброўства дзвюх сясцёр, жыццёвы лёс якіх склаўся па-рознаму. Аўтарка спектакля значна пашырыла філасофскі змест, аб’ём твора, увёўшы вобраз Лёсу, скінутага аднекуль з космасу. Але вельмі ўжо ён — ды не, яна нагадвае беларуску: і знешнім выглядам, і ўнутранай чысцінёй, і духоўнай цнатлівасцю. Яна як адбітак жаночай душы, у яе як у люстра ўзіраецца маці — галоўная гераіня твора. Спектакль “Сувязь” атрымаў ганаровае першае месца, а яго аўтар, дарэчы, актрыса Коласаўскага тэатра Настасся Чыстабаева, — дыплом “За лепшую рэжысёрскую работу”. Выканаўца ролі Лёсу Аляксандра Гусак атрымала прыз за лепшую жаночую ролю.

Аўтарскі спектакль “Ідэальныя людзі” ўзорнай тэатральнай студыі “Дарослыя дзеці” гімназіі № 8 атрымаў Гран-пры фестывалю. Яго галоўны герой — хлопчык з хворымі нагамі (Анатоль Сухаў, прыз за лепшую мужчынскую ролю), які бавіць свой час за кулісамі цырка. Быццам у замочную шчыліну, ён падглядае за жыццём сваіх куміраў, становіцца іх сябрам. Такім чынам ён збягае ад гэтага свету, будзённай рэальнасці, жорсткасці сваіх равеснікаў, што крыўдзяць і здзекуюцца з яго. І ён упэўнены, што некалі абавязкова пазбавіцца сваёй хваробы, будзе такі ж моцны, як Асілак, такі ж спрытны, як Гімнаст, такі ж вынаходлівы, як Фокуснік (Станіслаў Туркоўскі, прыз за лепшую мужчынскую ролю другога плана). Потым прыйдзе некаторае расчараванне, бо на блізкай адлегласці ўсё бачыцца крыху інакш. Але вера ў цуды не знікне. Спектакль атрымаўся такім шчырым, прасякнутым такім святлом, такой душэўнай цеплынёй, што не пакінуў абыякавымі ні журы, ні гледачоў…

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа