Стыльна, з новай прыгажосцю

№ 16 (1194) 18.04.2015 - 24.04.2015 г

Канцэрт сучаснай латвійскай музыкі “Малітва Маці Тэрэзы” ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі стаўся з’явай папраўдзе еўрапейскага мастацтва найвышэйшай пробы. На яго прыкладзе можна было павучыцца, як складаць канцэртныя праграмы, якія творы пісаць і як іх выконваць.

/i/content/pi/cult/529/11477/2-1.jpgВечарына ладзілася ў рамках культурнай праграмы, прысвечанай старшынству Латвіі ў Савеце Еўрапейскага Саюза. У выкананні хору Латвійскага радыё і камернага аркестра “Sinfoniette Riga” пад кіраўніцтвам дырыжора Сігварлса Клявы гучалі творы знакамітага Петэрыса Васкса, больш маладых Рыхардса Дубры, Эрыкса Эшэнвалдса, Андрэйса Селіцкіса. Аднак канцэпцыя канцэрта не вычэрпвалася традыцыйным падыходам: маўляў, нацыянальная класіка, у тым ліку сучасная, у выкананні лепшых музыкантаў. Творы былі з’яднаны тэматычна, дэманструючы розныя праявы і адценні найвышэйшай духоўнасці. Пры ўсіх індывідуальных асаблівасцях творчага почырку кожнага з кампазітараў, канцэрт вылучаўся гарманічнасцю і адзінствам, сапраўднай вытрыманасцю стылю, настолькі высокай культурай выканання, што хацелася назваць яе “ідэальна дасканалай”. У кожным творы адчувалася ўменне творцаў доўга знаходзіцца ў адным стане, атрымліваць асалоду ад прыгажосці, слухаць цішыню, чаго часам бракуе беларускім кампазітарам ды музыкантам, усё яшчэ падпарадкаваным старой формуле “гучна ды хутка”, а яшчэ — “кантрасна і пярэста”. У фінальнай “Літаніі Маці Тэрэзы” А.Селіцкіса вакалісты і струннікі няўлоўна ды надзвычай натуральна пераходзілі ад акадэмічнай манеры да народнай і назад. Дуды і варган, не прэтэндуючы на ролю салістаў, дадавалі хіба адценні да аркестравага гучання. А народныя “заклічкі” межавалі з роднасным для іх мінімалізмам.

Уся праграма ўклалася менш чым у паўтары гадзіны, прытым што ў нас любяць замахвацца на тры і нават больш, даводзячы публіку да непрытомнасці. Гэта быў той рэдкі выпадак, калі слухачы выходзілі з залы не стомленыя “далучэннем да цудоўнага”, а з адчуваннем лёгкага “голаду”. Хацелася слухаць яшчэ і яшчэ, адчуваючы радасць ад дасканалай “канструкцыі” і драматургіі кожнага твора, ад той “новай прыгажосці”, якой насамрэч багата ў сучаснай музыцы. Ствараючы яе, латвійскія кампазітары адыходзяць ад звыклай квадратнасці і татальнай сіметрыі, замяняюць танальныя сродкі старадаўнімі мадальнымі, адмаўляюцца ад “запраграмаванасці” секвенцый, вельмі тонка і стыльна выкарыстоўваюць фальклорныя элементы, не робячы з іх нават намёку на лубок. У нас у падобнай манеры працуе хіба Вячаслаў Кузняцоў, часткова — Галіна Гарэлава. Але ўзрастаюць новыя пакаленні кампазітараў, якія павінны былі б арыентавацца на лепшыя еўрапейскія здабыткі. Шкада толькі, што беларускіх творцаў было ў зале малавата…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"