Што заўтра спатрэбіцца выпускніку?

№ 16 (1194) 18.04.2015 - 24.04.2015 г

Калі выкладчык пытаецца ў студэнта, што яму даспадобы
У галерэі “Акадэмія” Беларускай дзяржаўнай акадэмі мастацтваў працуе выстаўка твораў выкладчыц Вільнюскай мастацкай акадэміі. Большы, чым у іншых рэгіёнах СССР, выяўленчы лібералізм быў культурным брэндам рэспублік Балтыі ў тыя часы ў вачах эстэтаў, спецыялістаў, шырокай культурнай грамады. Выстаўка, што праходзіць зараз у “Акадэміі”, дэманструе як відавочныя змены, якія адбыліся ў эстэтычнай сферы Літвы, так і вектар творчых пошукаў тых, хто сёння рыхтуе кадры для нацыянальнай культуры. Куратар выстаўкі — Марыя МАРЦЭЛЕНІТЭ-ПАЛЮКЕ. Прапаноўваем гутарку карэспандэнта “К” з літоўскай госцяй.

/i/content/pi/cult/529/11475/13-1.jpg

/i/content/pi/cult/529/11475/13-2.jpg— У нашай Акадэміі працуюць выкладчыкі, актыўныя і як мастакі. Мяркую, што навучальны працэс не будзе паўнавартасным, калі выкладчыкі самі не працуюць творча. Мы ж для студэнтаў — прыклад. Тая акалічнасць, што выкладчыкі могуць вучыць не толькі словам, але і на ўласным прыкладзе, спрыяе аўтарытэту ў вачах студэнтаў. Таму гэтая выстаўка прадстаўляе сучаснае літоўскае мастацтва і адначасова мае педагагічны аспект.

— А вам самой не цяжка адначасова працаваць творча ды вучыць студэнтаў? Я ведаю мастакоў, якія выкладаннем зарабляюць на хлеб, а вольны час аддаюць творчасці, але лічаць такую падвоенасць вымушанай і ненармальнай…

— У дадзены момант я нават не ўяўляю, што магла б быць цікавым мастаком без сваіх студэнтаў. Многія свае ідэі я на студэнтах правяраю, я ад іх падзараджаюся, а па іхняй рэакцыі бачу: пойдзе — не пойдзе, цікава — не цікава. Зрэшты, яны тыя, каму належыць будучыня. Яны для мяне — апрабацыя надзённасці ды перспектыўнасці таго, што я раблю.

Мяркую, што магла б жыць са свайго мастацтва — прадаваць работы, але прынцыпова гэтага не раблю. Адзін раз прадала — адчувала сябе праз гэта няёмка. Цяпер толькі дару. Але разумею, што ўсё было б інакш, каб у мяне зарплаты не было. Хаця знайшла б іншы заробак, абы не гандляваць творчасцю.

— Студэнт прыходзіць у Акадэмію вучыцца, набываць правераныя часам веды і навыкі, з якіх можна жыць. Вы ж робіце яго, хай і з ягонай згоды, саўдзельнікам нейкіх эксперыментаў. Інакш кажучы, даяце яму тое, што можа ў жыцці спатрэбіцца, а можа — і не…

— Адкуль вы ведаеце, якія веды будуць яму патрэбны ў жыцці?

— Ён сам ведае. Прынамсі — уяўляе…

— Не ведае! Ён расце. Мы кожны дзень змяняемся. Навакольнае асяроддзе змяняецца штодня. Ніхто не можа ведаць, што будзе патрэбна заўтра. Сёння — адно, заўтра — іншае. Галоўнае, каб маладыя людзі маглі творча інтэрпрэтаваць рэчаіснасць, генерыраваць ідэі, нават утапічныя. Бо сёння — утопія, а заўтра, глядзіш, — рэчаіснасць.

— Мне таксама даспадобы тэза пра тое, што мары — не сыход ад рэчаіснасці, а форма набліжэння да яе. Скажыце, ці ёсць у сучасным літоўскім мастацтве сацыяльна прыярытэтныя тэмы, якія дзяржава падтрымлівае з ідэалагічных меркаванняў?

— Напрыклад, дата кшталту гадавіны пералёту літоўскіх пілотаў праз Атлантычны акіян. Памятаю, сама пісала праект, атрымала фінансаванне. Цікавая работа атрымалася. Дарэчы, у ёй былі задзейнічаны мае студэнты. На падрыхтоўку — паўгода. Мы гэтую тэму ўключылі ў навучальны працэс.

Ёсць і іншыя важныя для краіны даты. Задачай жа бягучага года — задавальненне культурных патрэб невялікіх гарадоў. Палова культурных праектаў, што атрымалі сёлета дзяржаўнае фінансаванне, звернуты да рэгіёнаў. Гэта музыка, выяўленчае мастацтва ды іншыя формы творчасці. Мэта дадзенай праграмы — зрабіць іх прывабнымі для маладых людзей, каб яны не імкнуліся з’ехаць у Вільнюс, Каўнас і Клайпеду, а тым больш — не станавіліся эмігрантамі.

— Тое, што вы распавялі, нагадвае беларускія рэаліі, прыярытэты культурнай палітыкі нашай дзяржавы. Дарэчы, ці цікавы вам беларускі досвед?

— Не магу сказаць, што я дасведчаная ў вашай культурнай палітыцы. Але, з іншага боку, разумею, што людзі ва ўсім свеце аднолькавыя. Значыць, і праграмы задавальнення іх культурных патрэб мусяць не надта адрознівацца. Тут не важна, Беларусь ці Літва. Хіба што недзе больш грошай, а значыць, і праекты больш амбітныя. А ў астатнім — галоўнае, каб не было застою, каб быў рух. Што ж канкрэтна да Беларусі і Літвы, дык у нас шмат кропак судакранання. У прыватнасці, мы можам адна ў адной вучыцца на прыкладзе тых або іншых выставачных праектаў актуальнага мастацтва.

— А наколькі актуальная ў сённяшняй Літве народная традыцыя, захаванасцю якой літоўцы так ганарыліся ў савецкі час?

— Нават у нашай праграме (а я загадчык кафедры графікі) запісана, што мы захоўваем традыцыі і дбаем пра сучаснасць. Адно і другое мусяць спалучацца гарманічна. Мы не можам сказаць, да прыкладу, скульптару: рэж з дрэва Хрыста ля дарог, як рабілі народныя майстры ў пазамінулым стагоддзі. Калі чалавеку гэта цікава, ён і сам так зробіць. У нашай педагагічнай практыцы не прынята казаць студэнту: “Ты павінен! Толькі так, а не інакш!” Мы шануем свабоду мыслення, свабоду пошуку, дэмакратызм стасункаў.

— А ці не зашмат гонару для студэнта, каб выкладчык ягоны пытаўся, што таму даспадобы, а што — не? Справа студэнта — засвоіць праграму. А самасцвярджацца ён будзе пасля абароны дыплома ці ў вольны час...

— Мяркую, што ў навучальным працэсе можна абысціся без прымусу. Ёсць іншыя сродкі дамагчыся свайго, не ламаючы натуры вучня і захаваўшы з ім даверлівыя стасункі.

— Як сёння ў Літве ставяцца да мастацтва савецкай эпохі? Літоўскія графіка, жывапіс, скульптура, кінематограф той пары маюць нямала ўзораў высокага прафесіяналізму…

— Калі я гляджу на твор мастацтва, то бачу пластыку, кампазіцыю, колер, і гэта мяне альбо кранае, альбо не. Сёння, мне падаецца, у грамадстве ёсць разуменне, што і афіцыйнае мастацтва згаданага часу, і зробленае тады творцамі “для душы” ў роўнай ступені важныя для гісторыі, для разумення таго, што адбываецца з краінай ды народам. А значыць, як мінімум, мастацтва, створанае паводле канонаў савецкай пары, вартае захавання. Дваццаць гадоў таму ў гэтым пытанні пераважалі эмоцыі, зараз — прагматызм. Змяніўся час, і людзі іншыя…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"