Як дазвол?

№ 16 (1194) 18.04.2015 - 24.04.2015 г

Памятаю крыгі па Дзвіне, якія сплывалі пад зыркім красавіцкім сонцам, святочных людзей ля цэркаўкі Спаса ў блізкім ад нашай хаты Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры… А перад гэтым была ўсяночная, пад час якой да манастыра сцякаліся вернікі з усяго горада, бо цэркаўка Спаса, замоўленая дойліду Іаану яшчэ самой Ефрасінняй, з'яўлялася адзіным дзеючым храмам на ўвесь горад ды наваколле.

/i/content/pi/cult/529/11472/5-3.jpgХадзіць туды, каб пастаяць у манастырскім двары, паглядзець на хрэсны ход, было для нас, старшакласнікаў, небяспечна: дзяжурыў камсамольскі патруль, актывісты-атэісты з ляснога тэхнікума, і можна было трапіць у іх спіс, а потым — чакай самых розных разборак, аж да выключэння з камсамола…

Дарэчы, адзін з такіх актывістаў-атэістаў узгадаўся мне летась у час прыезду ў родны Полацк. Было гэта ў Барысаглебскім кафедральным саборы, адноўленым і вернутым прыхаджанам у час перабудовы. Дык вось, напэўна, былы змагар з рэлігійным дурманам цяпер змагаўся за правільныя паводзіны вернікаў у храме. Ён пільна высочваў тых, хто, на яго погляд, няправільна жагнаўся ці шаптаў нешта суседу або суседцы, а потым строга адчытваў, пагражаючы страшнымі карамі на тым свеце. І ў мяне, калі я злавіў ягоны пільны строгі позірк, ажно мурашкі пабеглі па спіне, як тады, у гады майго юнацтва, калі такі, як ён, высачыўшы мяне з сябрамі пад час набажэнства, данёс пра гэта…

Дарэчы, у адным з апавяданняў пісаў пра Сяргея, Божага чалавека, які спяваў у царкоўным хоры ды пісаў вершы, праз тое не маючы магчымасць знайсці працу. І толькі калі я з рэдакцыі мясцовай газеты, дзе працаваў у той час, ад імя нашага літаб’яднання папрасіў за яго ў камітэце камсамола завода шкловалакна, Сяргея ўзялі грузчыкам у транспартны цэх. Што ж, тыя часы мінулі, але не-не — ды ўзгадаю я пра гэта. Але Гасподзь заклікаў да міласэрнасці і даравання, таму не будзем папракаць тых, хто праз пакаянне прыйшоў да веры, і тых, хто і без пакаяння, а па зямных, прычынах.

Як падкрэсліваецца ў віншаваннях, свята Уваскрэсення Хрыстова нясе дух удасканалення і стварэння. Удасканалення перш за ўсё духоўнага свету, маральнай чысціні. І гэта актуальна, бо ўсе мы — сведкі таго, як парушаюцца некаторымі адвечныя маральныя нормы, як разбураюцца сем’і, дзеці застаюцца сіротамі пры жывых бацьках, як зло, прага помсты выліваецца ў бойкі, а то і войны, як традыцыйныя каштоўнасці замяняюцца ўседазволенасцю.

Паняцці свабоды некаторымі ўспрымаюцца як дазвол дзейнічаць, кіруючыся спакусамі і жаданнямі цела, а не душы, ігнараваць адвечныя пастулаты людскасці. Таму стварэнне — гэта будаўніцтва храма ў душы, покліч праўды ды адданай пяшчоты. І такога стварэння я пажадаю ў гэтыя святочныя дні і тым, хто ўжо адзначыў свае духоўныя святы, і тым, хто яшчэ не прыйшоў да веры, і тым, хто ў гэтыя дні адкрыў душу ды сэрца радасці Вялікадня…

Аўтар: Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ
паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё