"Кватэра" эстэтычнага

№ 16 (1194) 18.04.2015 - 24.04.2015 г

Галіна МАХАЕВА, мастацтвазнаўца, старшыня клуба “Маэстра”
У Мінску з лістапада 2014 года функцыянуе Клуб творчай інтэлігенцыі “Маэстра” пры Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў. Стварэнне клуба віталі артысты, паэты, архітэктары, мастакі…

/i/content/pi/cult/529/11470/5-1.jpg“Маэстра” стварае спрыяльныя ўмовы для нефармальных зносін мастакоў і аматараў мастацтва. Творца павінен ведаць, для каго ён працуе, таму публічныя выступленні ды нефармальныя стасункі з публікай дапамагаюць яму арыентавацца ў сучасных павевах.

Клуб мае на мэце актывізацыю творчага працэсу. На стыку розных відаў мастацтваў узнікаюць новыя адкрыцці, нараджаюцца свежыя ідэі. Да прыкладу, наш праект “Маладое мастацтва Беларусі XXI стагоддзя”, чарговы этап якога быў прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі, аб’яднаў паэзію, музыку і драматычнае мастацтва.

Клуб пакліканы папулярызаваць менавіта айчынную сферу эстэтычнага. Мастацтва, асабліва мастацтва маладых, калі яно запатрабавана, — гэта энергія пазітыўнага адлюстравання жыцця скрозь прызму грамадзянскасці, патрыятызму, духоўнасці, культуры. У сувязі з тым, што ў сістэме адукацыі адбыліся кардынальныя змены, праз якія гуманітарныя дысцыпліны зніклі з праграмнага навучання, узровень эстэтычных ведаў і агульнай культуры насельніцтва, асабліва маладога пакалення, прыкметна знізіўся. У сувязі з гэтым неабходны пэўныя арыенціры ў бязмежжы магчымасцей. І тут Савет прафесійных прадстаўнікоў мастацтва, ветэранаў беларускай культуры, спатрэбіўся б у поўнай меры. Такія людзі ёсць, яны згодны працаваць! Але ў горадзе не знаходзіцца месца, дзе гэтыя асобы маглі б сустракацца, кантактаваць.

З просьбай аб выдзяленні памяшкання мы звярталіся ў саюзы журналістаў, пісьменнікаў, архітэктараў, Музей гісторыі беларускага кіно, Палац ветэранаў. Але ўсюды паўстае патрэба ў плаце за арэнду памяшкання. А мы ж — дабрачынная арганізацыя і праводзім працу бясплатна, прапагандуючы беларускае мастацтва. Да прыкладу, селётні конкурс “У нас, маладых, аскепкі той вайны” мы падрыхтавалі і правялі ўсяго за паўтара месяца. А неабходна было прадставіць Палажэнне аб конкурсе, праінфармаваць усе мінскія тэатры, разаслаць заяўкі, падключыць грамадскія арганізацыі, стварыць сцэнарый, правесці рэпетыцыі з удзельнікамі, падарункі для пераможцаў, акрамя таго — кветкі, дыпломы, падбор прафесійнага журы, а галоўнае — памяшканне. І ўсё гэта зрабіў актыў клуба. Так, працавалі выключна на энтузіязме, але дзеля добрых мэт.

Акрамя конкурсу, які будзе прадоўжаны сёлета па іншай тэматыцы, мы праводзім раз на месяц канцэрты і сустрэчы з прадстаўнікамі розных відаў мастацтва.

Мы ўдзячныя Беларускаму саюзу мастакоў у асобах яго старшыні Рыгора Сітніцы і дырэктара Палаца мастацтва Аляксандра Зінкевіча за прадастаўленне нам канферэнц-залы для правядзення мерапрыемстваў. Але шматпрофільнасць працы патрабуе як рэгулярных сустрэч самога аргкамітэта, так і пасяджэнняў клуба ў невялікім памяшканні на 50-60 чалавек, дзе было б фартэпіяна, сталы, крэслы ды іншае. Дастаткова было б два разы на месяц. Канферэнц-зала Палаца мастацтва для нас вялікая, да таго ж патрабуе касметычнага рамонту і поўнай замены “адзення” сцэны. Акрамя гэтага, для арганізацыі працы неабходна раз на тыдзень невялікае памяшканне са сталом, тэлефонам і камп’ютарам. У ім мы маглі б суседнічаць з любой арганізацыяй, якая працуе не ўвесь тыдзень...