Пра імпэт і час

№ 16 (1194) 18.04.2015 - 24.04.2015 г

Адбор канкурсантаў ад Беларусі на Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” завершаны. Нашу краіну прадставяць 20-гадовая Валерыя Грыбусава, 11-гадовая Алена Цітова і 9-гадовая Стэфанія Сакалова — адпаведна, у дарослым і дзіцячым спаборніцтвах. Які ж зрэз нацыянальнага эстраднага мастацтва мы ўбачылі ў час выступленняў прэтэндэнтаў перад двума адрознымі складамі журы?

/i/content/pi/cult/529/11466/2-1.jpgЗасведчу адразу: да сёлетняга праслухоўвання на сцэне Маладзёжнага тэатра эстрады маладыя выканаўцы паставіліся куды больш сур’ёзна, чым летась і ў некаторыя мінулыя гады. Здаралася, выбіраць не было з каго нават па колькасці жадаючых. Сёлета ж мы пачулі 11 дарослых і 10 дзяцей з усіх рэгіёнаў, акрамя Гродзеншчыны. Бо вялася папярэдняя праца, адбываліся рэгіянальныя адборы. Лідзіравала, натуральна, Міншчына: шасцёра дарослых і чацвёра дзяцей. Шасцёра ўдзельнікаў (па трое ў кожнай намінацыі) прыехалі з Віцебшчыны. Яшчэ трое — з Гомельшчыны, па адным чалавеку — з Брэста і Магілёва.

Замежныя песні (як гэта, дарэчы, бывае звычайна) амаль ва ўсіх гучалі лепш, чым беларускія. І справа нават не ў саміх кампазіцыях, хаця і так зразумела, што з сусветнай культуры мы бяром звычайна адно шэдэўры, а ў сваёй даводзіцца выконваць усё запар. Справа — у самім стане беларускай эстраднай песні. І ў тым, што такі рэпертуар звычайна рыхтуецца (і адпаведна гучыць) хіба ў гонар нейкіх спецыяльных мерапрыемстваў: конкурсаў, спецпраектаў, фестываляў… А можа, і самі выканаўцы не надта клапоцяцца пра адметнасць рэпертуару? Спяваць тое, што ва ўсіх на слыху, уяўляецца ім больш лёгкім шляхам. Хаця насамрэч усё наадварот: індывідуальнасць спевака пачынаецца з рэпертуару. Праўда, гэта зусім не значыць, што выконваць трэба выключна аднаго аўтара, а такое на праслухоўванні таксама было.

Што ж да конкурсу “Славянскага базару ў Віцебску”, дык там увогуле патрабуецца яшчэ больш уважлівы індывідуалізаваны падыход да выбару песень. Нешта з рэпертуару Рыгора Лепса — не для гэтага спаборніцтва, дзе традыцыйна вялікая ўвага надаецца вакальным даным.

Пакуль жа мы чулі пераважна тое, што рыхтавалася да іншых конкурсаў — сёлета, летась, яшчэ раней. З аднаго боку, можна толькі парадавацца, што адну і тую ж песню выканаўцы так любоўна адшліфоўваюць. З іншага ж... Да таго ж кожны выканаўца (а тым больш, яго выкладчык, прадзюсар і да т.п.) павінен разумець, што часам прасцей не спевака “падагнаць” пад фармат пэўнага конкурсу, а наадварот — знайсці для адоранай асобы “ейны” конкурс, дзе запатрабаваны менавіта тыя якасці, якімі яна валодае, і шанц на перамогу будзе значна вышэйшы. Той жа Аляксей Грос, які відавочна вылучаўся сярод астатніх сваёй непадобнасцю, нешараговасцю, у “Зачарованай” Ігара Лучанка на верш Генадзя Бураўкіна выглядаў у нечым нават парадыйна. У яго праграме былі пазначаны і “Сто гадоў” Алега Елісеенкава на словы Мікалая Траццякова, што ў свой час успрымаліся "візітоўкай" Валерыя Дайнэкі. Ці ж гэта песні для манеры Гроса? Мікіта Касцюкевіч з “Верасоў” запомніўся па другой песні, — з рэпертуару Мусліма Магамаева, дзе напоўніцу прадэманстраваў кантылену, прыгожы барытон. А вось з першай — відавочна не патрапіў.

Сярод тых, хто ўдзельнічаў у адборы, вылучаўся па падрыхтаванасці менавіта да “Славянскага базару…” ужо даволі вядомы Яўген Слуцкі. Было бачна, што лірычная песня Аляксандра Панамарова на словы Юрыя Саваша “Я так кахаю цябе” прадумана ў яго да дробязей — ад джазавага дадатку да жэстаў і агульнай драматургічнай лініі. А калі загучала другая — “Simply the best” з рэпертуару Ціны Цёрнер, — зала не ўтрымалася і пачала падтрымліваць выканаўцу апладысментамі ў такт музыцы...

Журы на чале з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам Фінбергам спыніла свой выбар на салістцы Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Валерыі Грыбусавай, якая была запрошана ў гэты калектыў пасля Гран-пры Нацыянальнага фэсту беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне ў 2013 годзе. Тады яна перамагла з той жа песняй — “Спі, малы сакол” Рамана Козырава на верш Янкі Лучыны. Можа, тагачасная рок-манера спявачкі ўспрымалася крыху жорсткай для калыханкі, але ў выкананні было больш непасрэднасці, уласнага “я”, энергетыкі. На адборы ўсё гэта саступіла месца большай “правільнасці”, “прычасанасці”, асабліва ў атачэнні іншых удзельнікаў. Зрэшты, ці варта сумнявацца, што ў Віцебску, дзе выканаўца будзе спяваць з аркестрам, усё атрымаецца цудоўна? Відавочна, што ў яе вялікі патэнцыял, які і падтрымала журы.

Адбор на дзіцячы конкурс, як заўжды, радаваў узроўнем, за якім адчувалася праца выкладчыкаў, клопат бацькоў і ўся дзяржаўная сістэма ранняга выяўлення талентаў і ранняй музычнай падрыхтоўкі. А галоўнае — у вачах кожнага дзіцяці (незалежна ад таго, што хтосьці спяваў лепш, хтосьці — горш) свяцілася сонейка ад самога выхаду на сцэну… Куды ж знікае з часам гэты імпэт?

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"