Шчымлівая мелодыя для самотнай скрыпкі

№ 16 (1194) 18.04.2015 - 24.04.2015 г

Міхаіл Рыўкін: забыты дырыжор
Адзін з цудоўных музычных калектываў нашай краіны — Нацыянальны народны аркестр імя Іосіфа Жыновіча, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца прафесар Міхаіл Казінец. На працягу некалькіх гадоў я працую тут у якасці музыказнаўцы і вядучай, а таксама вывучаю гісторыю аркестра, яго выдатных музыкантаў і дырыжораў. Сярод іх — Міхаіл Іонавіч Рыўкін. Жыццё гэтага чалавека адлюстравала ўвесь трагізм часу, у якім яму давялося жыць. Неверагодна, як ён здолеў вытрываць выпрабаванні, што выпалі на яго долю! Але заўсёды выратаваннем для Міхаіла Рыўкіна былі няспынная праца і невычарпальная любоў да музыкі. Гэты матэрыял — першая і пакуль адзіная спроба стварэння гісторыка-біяграфічнага нарыса пра аднаго з выбітных айчынных музыкантаў XX стагоддзя, які зрабіў значны ўнёсак у музычную культуру Беларусі.

/i/content/pi/cult/529/11464/15-1.jpg

Маленькі клезмер са Старадуба

Міхаіл (Маісей) Рыўкін-Пяўцоў нарадзіўся 7 студзеня 1907 года ў горадзе Старадуб Бранскай вобласці. Яго бацька, Іона Абрамавіч, быў выдатным музыкантам — скрыпачом, педагогам і дырыжорам. Другое прозвішча — Пяўцоў — было нададзена яго продкам імператрыцай Кацярынай IІ за выбітныя музычныя дасягненні. Іона Рыўкін атрымаў адукацыю ў прафесара Пецярбургскай кансерваторыі Аляксандра Рубца, нашчадка старадаўняга шляхецкага роду, вядомага музыказнаўцы, педагога і збіральніка фальклору. Дарэчы, прафесар Рубец пазіраваў Ільі Рэпіну ў якасці мадэлі для вобраза казака, калі мастак ствараў знакамітую карціну “Запарожцы пішуць ліст турэцкаму султану”. Рубец меў маёнтак у Старадубе і канчаткова перабраўся туды пасля поўнай страты зроку. Там прафесар працягваў прыватна выкладаць у музычнай школе, якую адкрыў для таленавітых дзяцей. Гэтая школа і цяпер існуе ў Старадубе ды носіць імя музыканта.

Цікава, што Іона Рыўкін вучыўся ў прафесара Рубца непасрэдна ў Старадубе, прычым настаўнік лічыў яго сваім лепшым вучнем. Праз некаторы час Іона сам пачаў выкладаць у музычнай школе і неўзабаве ўзначаліў яе. Пасля рэвалюцыі стаў дырыжорам ваеннага аркестра. З 1935 па 1940 год працаваў капельмайстрам аркестра Беларускай ваеннай акругі і вывеў яго ў шэраг лепшых ваенных аркестраў Савецкага Саюза.

Яго сын Міша першапачаткова вучыўся музыцы ў бацькі, а таксама ў прафесара Рубца. Міхаіл Рыўкін рэалізаваў сябе ў трох музычных прафесіях — скрыпача, педагога і дырыжора. У дзяцінстве яму давялося, апроч скрыпкі, асвоіць таксама кларнет і трубу: у зусім юным узросце ён ужо выступаў у складзе так званых клезмер-бэндаў — яўрэйскіх аркестраў, што звычайна гралі на вяселлях, танцах, святочных гуляннях. Музыканты-клезмеры ў асноўным не ведалі нотнай граматы, затое віртуозна імправізавалі, як таго патрабавалі законы жанру. Якая гэта была выдатная школа для будучага прафесійнага выканаўцы!

Беларусь, Беларусь...

Праз некаторы час пасля заканчэння музычнай школы Міхаіл Рыўкін служыць у Чырвонай Арміі. 17-гадовым юнаком паступіў у музычны ўзвод, капельмайстрам якога быў яго бацька. Узвод месціўся ў тым жа Старадубе. Два гады службы сталіся апошнімі на Браншчыне. Бацька рашуча настаяў, каб сын прадоўжыў музычную адукацыю. У 1926 годзе Міхаіл паступіў у Маскоўскі музычны тэхнікум імя Аляксандра Скрабіна па класе скрыпкі. Больш ніколі ён не вернецца на сваю малую радзіму ў Старадуб, дый у Маскве воляй лёсу правучыцца толькі два гады. Другой яго радзімай амаль на чвэрць стагоддзя стане Беларусь…

У 1929-м Міхаіл Рыўкін пераязджае ў Мінск і паступае ў музычны тэхнікум, адразу на трэці курс. З гэтага ж часу пачынае працаваць артыстам сімфанічнага аркестра, а таксама выкладчыкам у музычнай школе. У тэхнікуме яго настаўнікам аказаўся скрыпач, педагог і дырыжор Аркадзь Бяссмертны — бліскучы прадстаўнік пецярбургскай скрыпічнай школы, адзін з арганізатараў Мінскага музычнага тэхнікума і яго першы дырэктар. Пад непасрэдным кіраўніцтвам Бяссмертнага Рыўкін будзе вучыцца цягам доўгіх сямі гадоў: пасля заканчэння музтэхнікума ў 1931-м прадоўжыць навучанне да 1936 года ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Таленавіты музыкант і чалавек шчодрай душы, Аркадзь Бяссмертны дзеля студэнтаў гатовы быў ахвяраваць не толькі сваім часам. У тыя галодныя гады ён на свае грошы набываў ім адзежу, абутак, карміў, апекаваўся, нібыта гэта былі яго ўласныя дзеці. І для юнага Мішы Рыўкіна ён стане другім бацькам, а пазней — сябрам ды паплечнікам. У маі 1946-га Бяссмертны выпадкова адшукае ў дзіцячым доме яго малалетняга сына Сашу, свайго будучага вучня, і прытуліць ва ўласнай сям’і, пакуль не вернецца з вайны бацька...

Пасля заканчэння кансерваторыі Міхаіл Рыўкін прадоўжыў працу ў сімфанічным аркестры, які неўзабаве ўвайшоў у склад створанай у Мінску філармоніі. Улетку 1937 года галоўным дырыжорам аркестра быў прызначаны Ілья Мусін — прадстаўнік славутай пецярбургскай дырыжорскай школы, вялікі маэстра, які адыграў вызначальную ролю ў гісторыі станаўлення беларускай школы оперна-сімфанічнага дырыжыравання. Пазней у сваёй кнізе “Урокі жыцця” Мусін успамінаў: “Гады маёй працы галоўным дырыжорам сімфанічнага аркестра Беларускай філармоніі назаўсёды адбіліся ў маёй памяці. Прыняты я быў вельмі гасцінна. Дырэктар філармоніі Р.П. Прагін увёў мяне ў курс спраў, распавёў, што літаральна праз год аркестр павінен ехаць на Дэкаду беларускага мастацтва ў Маскву; што мяне чакае ў сувязі з гэтым вялікая і адказная праца. Разам з намі пад час размовы прысутнічалі аркестранты М.Рыўкін і С.Ратнер (пазней абодва яны сталі маімі вучнямі ў дырыжорскім класе Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі), якія паведамілі пра аркестр ды яго патрэбы, што з ім патрабуецца планамерная праца і што цяпер ён знаходзіцца ў нялепшым стане”. У каштоўных успамінах Ільі Мусіна шмат найцікавых падрабязнасцей пра тагачасны працоўны побыт артыстаў філармоніі, пра асаблівасці працы над музычнымі творамі. Але нават з гэтага невялічкага фрагмента становіцца зразумела: Міхаіл Рыўкін быў у аркестры адным з прызнаных лідараў, уваходзіў у яго творчы актыў.

Чатыры перадваенныя гады — з 1937-га па 1941-ы — Рыўкін навучаўся ў Мусіна на дырыжорскім факультэце. Апошні сведчыў у мемуарах, што на асобныя канцэртныя выступленні ён смела даручаў аркестр вучням, у тым ліку Рыўкіну, і быў задаволены мастацкім вынікам. Гэтыя некалькі гадоў аказаліся, напэўна, самымі шчаслівымі ў жыцці Міхаіла, і не толькі таму, што былі бязмежна насычаны творчасцю. У той час ён займеў сям’ю. Яго прыгажуня-жонка Эдзі Рубінаўна Клейнгевікс пераехала ў Мінск з Варшавы і працавала ў Белрадыёкамітэце. У 1937-м у маладой сям’і Рыўкіных нарадзілася дачка Іра, а ў 1939-м — сын Саша. Тады Міхаіл Рыўкін не мог прадбачыць, які страшны лёс напаткае яго сям’ю пад час Вялікай Айчыннай…

Яго вайна

23 чэрвеня 1941 года Рыўкін быў мабілізаваны з Мінска на фронт і апынуўся ў складзе 29-га асобнага батальёна. У першыя месяцы вайны, калі ішлі бязлітасныя баі пад Смаленскам, разам з адступаючымі войскамі ён трапіў у акружэнне пад Вязьмай, але прарваўся, цудам пазбегнуўшы гібелі ды палону, і прыйшоў у партызанскі атрад імя Д.Краўцова. Атрад дзейнічаў на Браншчыне, паблізу ад яго малой радзімы. Увосень 1942 года ў адным з баёў стралок Міхаіл Рыўкін атрымаў два цяжкія раненні і быў эвакуіраваны самалётам у шпіталь горада Маршанска. Па стане здароўя ён больш не мог удзельнічаць у баявых аперацыях, таму вярнуўся ў прафесію — гэтым разам у якасці капельмайстра: з 1942 па 1946 гады быў дырыжорам ваеннага аркестра, з якім дайшоў да самога Берліна, нават дырыжыраваў ля сцен Рэйхстага! Вайна для Міхаіла скончылася ў 1946-м у Японіі. Сярод баявых узнагарод музыканта — ордэн Чырвонай Зоркі, медалі “За ўзяцце Кенігсберга”, “За Перамогу над Германіяй” і “За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне”. Зрэшты, ён вельмі рэдка апранаў кіцель з узнагародамі і не любіў успамінаць вайну, бо ўспаміны гэтыя былі невыносна цяжкія...

У першыя ж дні вайны яго дзеці разам з жонкай і роднай сястрой трапілі ў Мінскае гета. Гэта апошняе, што дакладна вядома пра Эдзі Клейнгевікс. Далейшы яе след губляецца, яна знікла, і ніхто больш ніколі не бачыў яе — ні жывой, ні памерлай. Пра тое, што з ёй здарылася, невядома і па сёння. Зусім як Рахіль Рахленка, гераіня рамана Анатоля Рыбакова “Цяжкі пясок”, яна нібыта растварылася ў паветры на адной з мінскіх вуліц паблізу ад месца, дзе стаяў яе дом, дзе нарадзіліся ды раслі дзеці і дзе яшчэ зусім нядаўна яна была шчаслівая... “Памятаю палаючыя дамы — гэта была першая страшная бамбёжка Мінска. Мамы з намі ўжо не было, — згадваў праз дзесяцігоддзі сын музыканта, Аляксандр Рыўкін. — А мы з сястрой апынуліся ў нейкім доме. Нехта нас карміў, умываў. Гэта была першая ваенная зіма ў Мінскім гета. Увесь час хацелася есці… Потым я трапіў у нямецкі дзіцячы дом, але побач ужо не было сястры. Добра запомнілася, як нас строілі ў шэрагі, нейкія людзі ў форме выбіралі дзяцей, і тыя больш не вярталіся… Цётка з белымі валасамі, таксама ў форме, з кійком — яна кульгала, — крычала на нас, калі мы гулялі, шумелі... Не памятаю, як апынуўся ў савецкім дзіцячым доме. Будынак ля чыгункі, увесь час гудуць паравозы...”

Вольга БРЫЛОН, музыказнаўца

Аўтар: Вольга БРЫЛОН
музыказнаўца