“Мы на сена ідзём...”

№ 16 (1194) 18.04.2015 - 24.04.2015 г

У сялянскай культуры жыхароў аграгарадка “Старое Сяло”, што на Веткаўшчыне, яшчэ жыве старажытная фальклорна-абрадавая традыцыя правядзення “Карагоду сена”, якая прыпадае на другі дзень Вялікадня.

/i/content/pi/cult/529/11459/10-2.jpg

Удзельнікі "Карагоду сена".

Падтрымліваюць з года ў год гэтае каляндарна-земляробчае свята яго носьбіты — удзельнікі народнага фальклорнага ансамбля “Рэчанька” Сельскага дома культуры са Старога Сяла Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Веткаўскага раёна.

Людзі збіраюцца апоўдні ў цэнтры аграгарадка, каля Дома культуры, з граблямі, віламі, косамі, каб ісці з песнямі шарэнгай, дзвюма групамі — “На Пасху” і “На Канаплёўку”. Бытуе сярод сялян такое меркаванне: чыя група будзе большая, у таго сена — лепшае. Пасля гэтага ўдзельнікі шэсця вяртаюцца да Дома культуры, ставяць вядро з зямлёй, у якім “вырошчваюць хрэн”, суправаджаючы гэтую дзею карагодамі і просьбай да кума “даць хрэну”:

— Кум, дай хрэну!

— Бярыце хрэн,

Ён ужо вырас бальшы.

— Раз ён вырас, то к хрэну павінна быць і мяса!

— Будзе і мяса, будзе і сала, будзе і хрэн!

І так з пакалення ў пакаленне: старасельцы ў карагодзе далучаюцца да сакральных дзеянняў, ажыццяўляюць сваю мару аб дабрабыце ды спадзяюцца на шчаслівую долю.

Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці