“Зліцца”. І не страціць…

№ 16 (1194) 18.04.2015 - 24.04.2015 г

Пра выстаўку твораў мастакоў тэатра, кіно і тэлебачання “Маштаб 1:25”
Я ўжо і не памятаю, калі апошняя такая цудоўная выстаўка работ мастакоў тэатра і кіно праходзіла ў Палацы мастацтва. Вельмі даўно. І за сёлетнюю экспазіцыю — вялікі дзякуй Беларускаму саюзу мастакоў ды адпаведнай яго секцыі мастакоў тэатра і кіно, члены якой так уважліва падышлі да адбору макетаў да спектакляў, эскізаў тэатральных і кінадэкарацый ды касцюмаў, да “таямніц” распрацовак анімацыйных фільмаў і лялечных пастановак.

/i/content/pi/cult/529/11456/9-1.jpg

Канешне ж, перш за ўсё мяне ўразіла колькасць макетаў: больш за 35! А таленавіта зрабіць складаны выставачны макет, зразумела, — справа няпростая, нават у параўнанні з эскізамі дэкарацый ці раскадроўкай для нейкай анімацыйнай стужкі. Я ўжо не кажу, што сёння свае дасягненні ў галіне сцэнаграфіі прадставілі на суд гледача каля дваццаці тэатраў краіны і кінастудыя “Беларусьфільм”, а яшчэ ёсць і дыпломныя праекты, і слайд-шоу фатаграфій, і нават арыгінальны эскіз да аднаго тэлепраекта пад назвай “Летапіс пачуццяў” Антаніны Шчаслівай і ейны ж эскіз да навагодняй праграмы-шоу 2013 года.

Асабіста мне стала зразумела, што гэтая галіна выяўленчага мастацтва паступова заваёўвае ўсё большую папулярнасць, хаця дзе-нідзе можна пачуць, што для беларускай сцэнаграфіі і кінадэкарацыйнага мастацтва надышлі цяжкія часіны адносна яго папулярнасці сярод гледачоў. Таму, маўляў, трэба хадзіць на спектаклі ў тэатры і ў кінатэатры, а не на выстаўкі “рабочых эскізаў” ці “макетаў”, якія без “жыцця”, без існавання на сцэне альбо на экране — нішто. Але гэта не зусім так. Па экспазіцыі можна дакладна вызначыць “выяўленчы зрэз” тэатраў і кінематографа. Асабліва пасля таго, як пайшлі з жыцця нашы старэйшыя аксакалы, імёны якіх у свой час былі ва ўсіх на слыху, — ад Яўгена Чамадурава і Аскара Марыкса да Юрыя Тура, Васіля Галубовіча, Армэна Грыгар’янца, Івана Ушакова; ад Яўгена Ганкіна, які працаваў яшчэ з Сяргеем Эйзенштэйнам, да выхаванцаў ВГИКа 1960 — 1990-х, што зрабілі “Беларусьфільм” “цукерачкай” у галіне кінадэкарацый.

Але справа, вядома, не толькі ў колькасці ўдзельнікаў дадзенай выстаўкі: іх каля трыццаці чалавек. Першае, што хацелася б адзначыць, — гэта творчая самастойнасць у рашэнні сваёй тэмы кожным мастаком — ад дасведчаных творцаў Ніны Гурло (эскізы персанажаў да фільма “Масакра”), Уладзіміра Чарнышова, аўтара эскізаў да спектакля “Крык чалавечы”, Веніяміна Маршака, які прадставіў эскізы і фрагменты дэкарацый да п’есы Генадзя Давыдзькі “Зоркі Сёмага неба”, — да зусім маладых, учарашніх выхаванцаў БДАМ.

“Сцэнаграфічныя” тэмы, падказаныя драматургіяй Купалы, Шэкспіра, Чэхава, Ібсена, Дударава, Караткевіча, Булгакава, Ануя, Горына ды іншых літаратараў, ахопліваюць шматлікія грані жыцця мінулага і сённяшняга. Бадай, ніводная галіна выяўленчага мастацтва не дае такой прасторы ўяўленню ды фантазіі, не вымагае ад мастака пабудовы такога спецыфічнага свету спектакля, фільма, лялечнага або мультыплікацыйнага відовішча, як гэтая. Створанае мастаком-сцэнографам павінна, з аднаго боку, “уліцца” ў вобраз стужкі, спектакля ў адпаведнасці з задумай рэжысёра, драматурга, ігрой акцёра, а з іншага — захаваць жыццястойкасць, не “растварыцца”, не “памерці” ў агульнай пабудове твора.

Асабліва выразна гэтае дыялектычнае двухадзінства спецыфікі творчасці мастака кіно праявілася ў эскізах да новых анімацыйных стужак “Іаган Штраус” з цыкла “Старое піяніна” Святланы Кавалеўскай і “Салавей” Дзмітрыя Сурыновіча. Таксама цікавыя творы Таццяны Кубліцкай да сваіх рэжысёрскіх карцін “Піліпка” і “Песня жаўрука”. Але кінаработ і тэлеработ у экспазіцыі ўсё ж да крыўднага вельмі мала. Загадка і тое, што я чамусьці не знайшоў на выстаўцы сцэнаграфічных шэдэўраў нашага знакамітага Тэатра оперы і балета. Можа, я нешта важнае прапусціў, хаця двойчы азнаёміўся з экспазіцыяй?

Своеасаблівасць арганізацыі сёлетняй выстаўкі, яе падачы, на мой погляд, можа стаць прадметам абмеркавання бадай у той жа ступені, што і змест. Канешне ж, будуць там і спрэчкі аб магчымасцях ды правах паказу твораў мастакоў тэатра, кіно і тэлебачання. Ці даўно даводзілася абараняць права на паказ макета на выстаўцы менавіта як самастойнага аб’екта, а не як дадатку да абавязковага аўтарскага эскіза? А сёння нам ужо не хапае макета. Нам патрэбны касцюмы, рэквізіт, элементы бутафорыі, эскізы суперзаслон, прадметная атрыбутыка, што выкарыстоўваецца на сцэне або ў фільме.

Вядома, разрыў паміж экспазіцыяй ды рэальным жыццём сцэнаграфіі — адвечны і абсалютны, і барацьба за яго скарачэнне не будзе мець канца. Ён адчуваецца і на гэтай выстаўцы нават у таленавітых макетах, выкананых з гранічна развітым пачуццём прасторавага мыслення, вельмі неабходнага для тэатральнага мастака. Я маю на ўвазе макеты Ігара Анісенкі да пастановак “Хам” і “Людзі на балоце”, Любові Сядзельнікавай да спектакляў “Званочак” і “Шчаўкунок”, Вольгі Мацкевіч да “Тэатра Уршулі Радзівіл”, Андрэя Меранкова да спектакляў “Калядная гісторыя”, “Соф’я Гальшанская”, Алы Сарокінай да п’ес “Пане Каханку” і “Блазан Балакіраў”, Аляксандры Кавальчык да “Нататак афіцэра Чырвонай арміі”; нарэшце, вельмі цікавыя макеты Віктара Цімафеева да спектакляў “Сны аб Беларусі” ды “Раскіданае гняздо” і Дар’і Волкавай да пастановак “Тэддзі”, “Карона з кахання”, “Царэўна-жабка”. Канешне, падрабязна гаварыць пра макеты можна толькі ў агульным кантэксце спектакля, але і па гэтых выставачных “аб’ектах” можна зрабіць здагадку, як яны былі зліты з яго эстэтычнай, эмацыйнай стылістыкай і як арыентаваліся на сучаснага гледача, каб гаварыць на ягонай мове. А якая яна, тая мова? Сёння гэтае пытанне задаюць сабе многія мастакі, імкнучыся эмацыйна авалодаць залай. Але гэта ўжо асобная тэма…

У імкненні максімальна скараціць, кампенсаваць разрыў паміж выстаўкай і спектаклем, фільмам — сэнс удасканалення метадаў экспазіцыі, руху бясконцага, але зусім не бессэнсоўнага. Не сакрэт, што эскізы знакамітага рускага сцэнографа Аляксандра Галавіна давалі ў свой час гледачу значна больш дакладнае ўяўленне пра тое, што будзе на сцэне, чым большасць сучасных эскізаў, не толькі таму, што выяўленчая культура Галавіна была вышэйшая, але і таму, што сам характар існавання мастака на сцэне змяніўся надзвычайна.

Жаданне арганізатараў выстаўкі “падысці” як мага бліжэй да гледачоў — бясспрэчнае і не мае патрэбы ў абароне. Для гэтага экспазітары пашырылі перш за ўсё сам “асартымент” матэрыялаў, што выстаўляюцца. Да эскізаў дэкарацый ды макетаў дадалі эскізы касцюмаў і лялек, відэарамкі са шклом, постары, ёсць нават “натуральныя” лялькі Людмілы Скітовіч да “Снежнай каралевы”, пастаўленай у Магдэбургскім тэатры лялек, і дэкарацыі Паўла Шапо да монаспектакля “Бар “Bottle”, паказанага летась на Малой сцэне Тэатра нацый у Маскве. Прыцягвае ўвагу арыгінальны відэааб’ект “Магічны чамадан” да рамана “Майстар і Маргарыта” Міхаіла Булгакава, зроблены Вольгай Шчарбінскай у якасці часткі дыплома.

Хочацца спадзявацца, што імпэт арганізатараў на гэтым не скончыцца, — на наступных выстаўках з’явяцца і макеты-трансформеры, і агучаная кінапраекцыя эпізодаў са спектакляў або кінафільмаў, і, відаць, многае іншае. Важна, аднак, зразумець, што сёння адбылося не проста колькаснае пашырэнне, нягледзячы на невялічкую выставачную плошчу, але і якасная змена экспазіцыі. Яна набыла такую ёмістасць ды шматграннасць, стала настолькі з’явай у сабе, што можна казаць пра пэўныя важныя яе прынцыпы: канцэптуальнасць, дынамічнасць, рэчыўнасць, тэатралізацыю і, галоўнае, — пра прыход маладога таленавітага пакалення мастакоў у сучаснае жыццё тэатра і кіно.

Аднак рэзананс, які мае выстаўка, усё ж выкліканы, на мой погляд, не толькі і нават не столькі прывабнасцю апошняй, а тым, што яна дае магчымасць меркаваць пра творчасць вялікай групы майстроў і, больш за тое, задумацца над тымі працэсамі, часткай якіх з’явілася іхняя практыка. Якім бы супярэчлівым ні выглядаў шлях беларускіх мастакоў тэатра і кіно за апошнія два дзясяткі гадоў, якімі б нечаканымі ні падаваліся іх пошукі, гэта шлях да ўзбагачэння, ускладнення ды шматпланавасці зместу…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"