90х100х90

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

Што і чаму апынулася ў спісе найвялікшых песень?
У смешным і адначасова журботным фільме часоў перабудовы Юрыя Маміна “Фантан” ёсць шмат фраз, якія і сёння цытуюць па прыдатных для таго выпадках. А я нагадаю вам наступны дыялог двух персанажаў карціны: “А дзе графікі?” — “Якія графікі?..” — “Вось і падумайце, якія, — гэта ж цікава”... Чарты, хіт-парады, рэйтынгі ды іншае з графікамі знаходзяцца ў сваяцтве. І ў нашай краіне іх нярэдка ладзяць з розных прычын.

/i/content/pi/cult/528/11451/4-3.jpgАпытанні такія могуць мець характар лёсавызначальнасцi рознага ўзроўню, праводзіцца з мэтай даведацца аб пэўным меркаванні грамадзян, параўнання лічбаў і лікаў, выбудоўвання нейкіх гістарычных паралелей... Культуру і мастацтва гэтая чара таксама не абмінае. Так, некалькі гадоў таму канал “СТБ” распачаў доўгайгральны праект “Залатая калекцыя беларускай песні”. У эпізодзе першым, напрыклад, карыстальнікі Сецiва і экспертны савет павінны былі з дапамогай інтэрнэт-галасавання з прапанаваных ім прафесіяналамі эстрады і тэлебачання 100 кампазіцый вызначыць 35 лепшых. “Залатымі” апынуліся адно народныя і эстрадныя песні.

І вось зусім нядаўна папулярны музычны сеткавы рэсурс Tuzin.fm абвясціў вынікі свайго апытання, у якім 90 чалавек замахнуліся на песню нашу беларускую. Кожны з іх склаў спіс са 100 (а іншыя — больш ці менш) трэкаў, якія пасля агульнага падліку галасоў і ўтварылі табліцу “100 найвялікшых беларускіх песень”. У рэйтынг увайшлі тыя з іх, якія былі запісаны айчыннымі выканаўцамі ад часу з’яўлення гуказапісу ў Беларусі (30-я гады XX стагоддзя) да нашых дзён. Крытэрыямi служылі арыгінальнасць твораў, папулярнасць у масавага слухача, значнасць у шырокім сэнсе, а стылістычна вынікі маюць адносіцца да жанру поп-музыкі ў яе шырокім разуменні. Праўда, у адрозненне ад шматлікіх іншых апытанак, якія базуюцца пераважна на думцы людзей выпадковых, а таму ў вялікай ступені (або хоць як), але прэтэндуюць на аб’ектыўнасць, вынікі дадзенай, — хутчэй, суб’ектыўныя, бо рэспандэнты адбіраліся кропкава: імі сталі толькі дзеячы культуры, мастацтва і медыя.

Хто гэтыя людзі?

Учытаўшыся ў прэамбулу і ў самі вынікі апытання, я вырашыў занурыцца ў іх аналіз. Адразу хачу папярэдзіць, што нешта ў маім “разборы палётаў” носіць даволі ўмоўны характар (дапусцім, стылістычная прывязка кампазіцый, прыблізнасць некаторых лікаў таксама дапускаю), бо на дасканаласць я не прэтэндую, пакідаючы ўсім ахвотным магчымасць самім старанна пакапацца ў рэйтынгу. (Навуковую працу па ім папросту можна напісаць!)

Пачну з таго, а хто, уласна, усе гэтыя 90 чалавек (чаму, дарэчы, 90, а не, дапусцім, 100)? Да творчых персанажаў я аднёс 11 чалавек, да “зацікаўленых” (артыстаў, паэтаў-песеннікаў, кампазітараў, прадзюсараў) — 62, у асобную “касту” вылучыў прадстаўнікоў медыя — 17. Сярод “зацікаўленых” ёсць тыя, хто і журналістыкай не грэбуе, а да эстраднікаў я прылічыў 10 з іх. Амаль палова “журы” — ва ўзросце ад 45 гадоў і больш. З чыстым сумленнем — даныя ж адкрытыя! — здам вам некалькі імёнаў ды прозвішчаў: Аксана і Анатоль Вечар, Тамара Лісіцкая, Міхал Анемпадыстаў, Сяргей Філімонаў, Адам Глобус, Уладзімір Арлоў, Віктар Скарабагатаў, Леанід Дранько-Майсюк, Алег Хаменка, Андрэй Старцаў, Юрый Цыбін, Леанід Шырын, Уладзіслаў Місевіч, Сяргей Будкін, Аляксандр Кулінковіч, Настасся Ціхановіч, некалькі работнікаў “К”...

“Мне не забыцца песні той даўняе вясны...”

Прадоўжу непасрэдна рэйтынгам. У ім фігуруюць 44 выканаўцы, немінчан — 5 (да іх я не адносіў тых, хто калісьці стартаваў па-за сталіцай, а потым перабраўся ў яе). Ансамбль “Песняры” ў спісе прадстаўляюць 17 кампазіцый, гурт “Ляпіс Трубяцкой” — 9, “N.R.M.”, “Новае неба” & Кася Камоцкая, Зміцер Вайцюшкевіч — па 5, “Крама” і “Верасы” — па 4.

36 песень я “ўціснуў” у нішу “Поп, эстрада, народныя (старыя, кананічныя варыянты)”, 64 — у “Альтэрнатыва, рок, поп-рок, народныя (новыя і адносна новыя версіі), астатняе”. (У “астатняе” я запісаў тыя трэкі, якія класіфікаваць не змог: гімны, адноўленыя і пераспяваныя, скажам...) Дарэчы, спіс “трыццаці пяці” канала “СТБ” змяшчае больш за палову песень, якіх няма ў гэтым рэйтынгу.

Далей. Беларускамоўных рэчаў — 77, рускамоўных — 22, адна — англамоўная. 37 — тыя, што былі вядомыя (і менш вядомыя) да 1992 года; 63 сталі такімі пасля. “Залаты” перыяд складаюць кампазіцыі 1975 — 2005 гадоў (іх у рэйтынгу большасць). Тых, што датуюцца апошнім дзесяцігоддзем, — 13, апошняй пяцігодкай — 7 (з іх 4 ад “Ляпіса Трубяцкога”). Першынство ў кампазітараў належыць Лявону Вольскаму: 12 дарожак. 9 — у Сяргея Міхалка, па 6 — у Ігара Лучанка і яго цёзкі Варашкевіча, 5 — у Эдуарда Ханка. “Пераможцы” ў тэкставікоў — таксама не прафесійныя паэты. Змест песень, ужо даруйце, я прэпарыраваць не адважыўся, пакінуўшы і гэтае поле для будучай дысертацыі.

За выключэннем Аляксандра Саладухі, “мастацкая рада” цалкам праігнаравала топ-артыстаў сённяшняй эстрады (Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Ганна Шаркунова, Аляксей Хлястоў, Дзмітрый Калдун, Герман...), адпаведна, і цяперашніх вядучых поп-песеннікаў у рэйтынгу — “днём з агнём “(Максім Алейнікаў, Яўген Алейнік, Уладзімір Кубышкін...). Але цвёрдае “не” атрымала і пакаленне цяперашніх альтэрнатыўшчыкаў (акрамя гурта “Akute”).

Ну, і зірнём на лепшую дзясятку песень са ста, у якой, дарэчы, тры кампазіцыі “Песняроў” (1. “Александрына”; 4. “Касіў Ясь канюшыну…”, 10. “Белавежская пушча”), пару — “N.R.M.” (2. “Тры чарапахі”; 5. “Паветраны шар”). Засвяціліся ў спісе "Верасы (3. “Завіруха”), "Сябры" (6. “Шуміце, бярозы”), "Крама" (7. “Бяжы, хлопец”), супольны праект “Я нарадзіўся тут” з аднайменнай песняй (8.), розныя выканаўцы знакамітай песні канца 1980-х “Радыё свабода” (9.). Далей ідуць “Магутны Божа”, “Купалінка”, “Бывайце здаровы…” (іх спявалі розныя выканаўцы), а таксама “Малітва” ансамбля “Песняры”, “Простыя словы” з праекта “Народны альбом”, “Тры Янгалы” ад “Троіцы”, кампазіцыя “Цуд на Каляды” Аляксандра Памідорава, “Малінаўка” ансамбля “Верасы”, “Здравствуй, чужая милая…” Аляксандра Саладухі і “Госці” гурта “Крамбамбуля”.

Такі вось шоу-бізнес

Пра што ў цэлым сведчаць мае пошукі? Кідаецца ў вочы факт “павярхоўны”: паважаную “камісію” беларускае песеннае мастацтва, пачынаючы з 2005 года, закранае не асабліва. Гэта тычыцца і саміх кампазіцый, і тых, хто іх выконваў ды выконвае. Ні эстрада, ні штосьці іншае не апынулася ў полі ўвагі за апошнюю дзесяцігодку. Ці cведчыць гэта пра тое, што за дзесяць гадоў не было народжана нічога асаблівага (а тым больш вялікага), а этап 2005 — 2015 у рэйтынгу якога-небудзь 2020 года будзе практычна праігнараваны? Магчыма. Відавочна і тое, што ў “журы” пераважыла пазiцыя тых, хто выхоўваўся на вечных “Песнярах” і, думаю, вечных “Ляпісе Трубяцкім” з “N.R.M.”. Карацей, тых, каму, што Калдун, што Макс Корж — усё непаразуменні шоу-бізнесу.

Ёсць і пытанне па назве праекта — “100 найвялікшых беларускіх песень”. Больш дакладна — да яго сутнасці. Такія “баевікі”, як, скажам, “Здравствуй, чужая милая…”, “Rising Arrows” (гурта “Gods Tower”), “Мая Маруся” (Аляксея Шадзько), “Песні пра каханне” (“N.R.M.”), “Чорны бумер” (Сярогі), “Ау” (“Ляпіс…”), “Халі-галі” (“Лепрыконсы”), “Пераехала камбайнам” (“Нейра дзюбель”) ды шэраг іншых арганічна глядзеліся б у якім-небудзь хіт-парадзе поп- і рок-кампазіцый пэўнага перыяду, але прылічыць іх да менавіта “найвялікшых” беларускіх песень 1930-х — пачатку стагоддзя цяперашняга?.. Смела. І дзіўна як мінімум...

Карацей, дачакаемся адказу. Да 2020-га — шлягерам падаць. І ці то песенны крызіс тады пяройдзе ў хіты, ці то знойдуцца чарговыя 90 спецыялістаў (так, выключна спецыялістаў) — больш… прафесійна падрыхтаваныя, да прыкладу.

А скончыць матэрыял хачу зноў дыялогам са стужкі пецярбургскага кінамайстра: “Чаму завадатар эксперыменту да гэтага часу не павешаны?” — “Як?..” — “Дзе ў вас наогул дошка гонару?”...

 

/i/content/pi/cult/528/11451/4-33.jpgГуляць па правілах

Думаецца, колькі часу існуе грамадства, столькі яно прыдумляе розныя рэйтынгі. Прычыны такой даволі іррацыянальнай дзейнасці дзве. Па-першае, пацешыць сваё эга і паказаць сябе знаўцам у той або іншай сферы. Па-другое, стымуляваць канкурэнцыю ў рамках рэйтынгу: каму не хочацца з апошняй пазіцыі трапіць на першую?..

У гэтай сувязі хочацца колькі слоў сказаць пра стварэнне нацыянальных рэйтынгаў музеяў. Галоўны пазітыў такіх топаў — інфармаванне шырокай грамадскасці пра наяўнасць у краіне цікавых турыстычных аб’ектаў. Зразумела, лішнім такое нагадванне (а па вялікім рахунку — і бясплатная рэклама) не будзе.

З іншага боку, любы рэйтынг мае яскравы суб’ектыўны характар, у выніку чаго з-за амбіцый складальніка або яго недагляду могуць згубіцца і не трапіць у спіс цікавыя аб’екты. А колькі будзе пакрыўджаных тым, што іх установа размясцілася ў канцы спіса?!.

Выйсце тут адно. Калі гуляць, дык гуляць па пэўных правілах. Калі рабіць такі рэйтынг, то неабходна дакладна вызначаць крытэрыі адбору. Адна справа, калі мы будзем аддаваць прыярытэт самым вялікім музеям па плошчы, кшталту Брэсцкай крэпасці, ці па колькасці экспанатаў, дзе першынство будзе ўтрымліваць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Урэшце, па фінансавых выніках за пэўны перыяд.

Іншая ж справа — аддаваць першынство самым крэатыўным. Да такіх магу аднесці, скажам, Вілейскі гісторыка-краязнаўчы музей. Але, пагадзіцеся, крэатыўнасць ды адметнасць на калькулятары не падлічыш. І той жа Брэсцкі абласны краязнаўчы можа справядліва на мяне пакрыўдзіцца. Таму стварэннем любога зводнага рэйтынгу мусяць займацца кваліфікаваныя спецыялісты, а таксама журналісты, якія асвятляюць дзейнасць устаноў культуры. А калі такі рэйтынг стане штогадовым, то, відавочна, будзе падштурхоўваць установы да развіцця.

Кастусь АНТАНОВІЧ

 

/i/content/pi/cult/528/11451/4-2.jpgЦі патрэбны рэйтынгі?

Сёння паняцце “рэйтынг” у міжнароднай лексіцы стала настолькі звыклым, што даўно перастала быць неалагізмам. І ўжо не трэба расшыфроўваць, што яно азначае каэфіцыент папулярнасці, паказчык, расстаноўку прыярытэтаў па пэўным алгарытме ацэнак, у тым ліку — у галіне культуры, эканомікі, палітыкі, на рынках. Гэта ўзровень папулярнасці, скажам, вядомага чалавека, фільмаў, музычных хітоў, перыядычных выданняў, уладальнікаў сайтаў ды рэкламшчыкаў. Ёсць нават рэйтынгі адмоўных навін. Рэйтынг — "гэта наша ўсё". Без яго — нікуды. Хаця, зразумела, што ўсе рэйтынгі — гэта чысты суб’ектывізм, і колькі будзе экспертаў, столькі будзе і меркаванняў.

Рэйтынг у выяўленчым мастацтве сустракаецца радзей, чым, напрыклад, у кіно ці музыцы. Яно зразумела: большасць людзей, асабліва моладзь, уключаючы “тэлескрыню”, плэеры, планшэты, наведваючы сайты, і ўдзень, і ўначы жыве ў “джунглях” гэтых відаў мастацтва. А хто ходзіць на выстаўкі? Хто цікавіцца тым, што адбываецца ў выяўленчай культуры краіны і за мяжой? Адзінкі. Канешне ж, на шырокую масу людзей уплываюць прафесійныя “раскруткі” таго або іншага мастака, нават незалежна ад таленту, або скандалы вакол нейкіх яго работ, і таму такія творцы становяцца вядомымі, у спецыфічным значэнні слова.

Думаю, каб зараз скласці рэйтынг самых папулярных мастакоў краіны, скажам, за апошняе дзесяцігоддзе, то ў першых шэрагах былі б Аляксандр Ісачоў, Аляксей Кузьміч, Уладзімір Жбанаў, можа, яшчэ народны мастак Міхаіл Савіцкі. Астатніх “народных” ды “заслужаных”, на жаль, абывацель практычна не ведае...

А гадоў пяць таму я адмыслова ездзіў у грамадскім транспарце, дзе прасіў пасажыраў назваць мастакоў, якіх яны ведаюць і якіх шануюць. Большасць назвалі Шышкіна, Айвазоўскага, Левітана, яшчэ “таго, хто напісаў “Запарожцаў” і “Бурлакоў”, як жа яго…”, з беларусаў — тых, каго я вышэй пералічыў. Хтосьці, мабыць, высокаадукаваны, успомніў “Габелен стагоддзя” Аляксандра Кішчанкі. Практычна ўсе ведалі манументальныя аб’екты — ад Хатыні і помніка-абеліска Перамогі да помнікаў Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу, Марату Казею, але ніхто не назваў іх аўтараў. Ніхто! Можа, мне выпадкова трапіліся такія пасажыры?..

Дык ці патрэбны падобныя рэйтынгі і што яны даюць розуму ды сэрцу? З аднаго боку, патрэбны, бо чалавек хаця б можа азнаёміцца з імёнамі альбо творамі, якія трапілі ў класіфікацыйны спіс папулярнасці, няхай і суб’ектыўны. І потым, ужо самастойна, — зацікавіцца гэтымі імёнамі ды зайсці ў музей, пагартаць альбом, “пагугліць” па дадзенай тэме. Яшчэ рэйтынгі карысныя для наступнага аналізу “клімату” ў сучасным інтэлектуальным асяроддзі грамадства, часткова пашкоджанага манкуртызмам. Але, як бы там ні было, без самастойнага аналізу, без напружвання ўласных мазгоў, любым рэйтынгам давяраць не трэба, асабліва тым арганізатарам рэйтынгавых кампаній, хто мэтанакіравана маніпулюе іх вынікамі. Бывае і такое…

Барыс КРЭПАК

 

/i/content/pi/cult/528/11451/5-45.jpgАлгебрай — гармонію

Складанне рэйтынгаў, “топаў”, “дзясятак”, “сотняў” — сапраўдная манія, якая ахапіла нашу журналістыку ў апошнія гады. У самой ідэі рэйтынгу няма нічога дрэннага. Але давайце прыгадаем, што ранжыраванне фільмаў і дыскаў паўстала з чыста практычных, камерцыйных меркаванняў.

Чарты знакамітага часопіса “Billboard” або так званыя боксофісы кінапракату ў ЗША і Заходняй Еўропе дзесяцігоддзямі грунтаваліся на абсалютна аб’ектыўных паказчыках продажаў дыскаў ды білетаў у кіназалы. Колькі альбомаў было прададзена, колькі долараў атрымана з пракату таго або іншага фільма — вось абсалютна дакладны лічбавы паказчык, з дапамогай якога можна расставіць назвы твораў “у шэраг”.

Таму называць рэйтынгам спіс, складзены на аснове выказванняў экспертаў, няправільна. Звесці ў адзіную табліцу густавыя перавагі пэўных асоб, па-за залежнасцю ад кваліфікацыі і колькасці апошніх, можна толькі механічна. Гэта ўсё роўна што “алгебрай гармонію спасцігнуць”: спроба абсалютна безнадзейная.

На мой погляд, самым аб’ектыўным паказчыкам для складання рэйтынгу ў сучаснай сітуацыі можа быць колькасць запамповак або праслухванняў (праглядаў) твора ў Інтэрнэце. Зрэшты, і тут творы трэба групаваць, каб Арво Пярт не трапіў у адзін спіс з Максам Каржом, а Андрэй Звягінцаў — з чарговай часткай “Галодных гульняў”.

Некалькі месяцаў таму беларускія кіназнаўцы паспрабавалі скласці спіс лепшых фільмаў да 90-годдзя нацыянальнага кінематографа па падобным прынцыпе, што таксама выклікала шмат нараканняў. Хоць фільмы і спрабавалі групаваць па дзесяцігоддзях, якія прыкладна адпавядаюць эпохам развіцця беларускага кіно. Асабіста я пры складанні спісаў лепшых карцін года выкарыстоўваю алфавітны прынцып. Назваць сто лепшых можна, але раз і назаўжды вызначыць, хто першы, а хто дзевяноста дзявяты, ніяк не атрымаецца.

Зрэшты, праект усё роўна можна толькі вітаць. Любая ініцыятыва па асэнсаванні і папулярызацыі нашай культурнай спадчыны, няхай і не ў дасканалай ды ў нечым спрэчнай форме, павінна сустракацца з аптымізмам.

Антон СІДАРЭНКА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"