Крызіс ідэй?

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

З аднаго боку, усёй карціны падзей да канца не ведаеш, з іншага — нават тыя ж лічбы кажуць самі за сябе. З 15 арганізацый кінематаграфіі, якія падавалі заяўкі на конкурс, усе праекты-пераможцы — Нацыянальнай кінастудыі.

/i/content/pi/cult/528/11450/4-4.jpgДругая сімптаматычная рэч: дзве прапанаваныя і важныя тэмы для культуры краіны — “Буйныя гістарычныя дзеячы” і “Гераічная барацьба савецкага народа супраць нямецка-фашыскіх захопнікаў” — засталіся без вызначаных пераможцаў. Пра што гэта сведчыць? Крызіс ідэй? Адсутнасць сапраўды моцнага сцэнарыя? Адсутнасць канкурэнтнай барацьбы? У той час, калі тэлеканал “АНТ” дэманструе расійскі тэлесерыял “Арлова і Аляксандраў” аб славутай пары савецкага кінематографа, ды, да слова, рэкламуе прэм’еру драмы пра паэтэсу Марыну Цвятаеву — “Люстэркі” рэжысёра Марыі Мігуновай, — у дачыненні да постацей беларускай культуры таго ж ХХ стагоддзя анічога падобнага не назіраецца.

Магчыма сапраўды не было годнай заяўкі, але на дадзены момант маем тое, што маем: беларускія гістарычныя постаці ў маленькіх і вялікіх эфірах саступаюць месца расійскім. І беларуская нацыянальная ідэнтычнасць па-ранейшаму канструюецца збольшага дакументальным і на траціну анімацыйным кіно.

Конкурс выявіў яшчэ адзін недахоп — годных праектаў на ваенную тэматыку. У год 70-годдзя Перамогі тое, магчыма, асабліва прыкра, але сучасны кантэкст патрабуе новага і тонкага падыходу па падобнай тэмы, якая мае шмат падводных камянёў: ад залішняй заангажаванасці — да гламурызацыі. У гэтым выпадку няўдача будзе ў разы больш прыкрай, таму, магчыма, падобная паўза — з ліку не толькі вымушаных, але і разумных.

 

***

Міністэрствам культуры краіны падведзены вынікі Адкрытага рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў на вытворчасць фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў.

У конкурсе прынялі ўдзел 35 кінапраектаў (27 ігравых, 8 неігравых) ад 15 арганізацый кінематаграфіі.

У адпаведнасці з Палажэннем аб Адкрытым рэспубліканскім конкурсе кінапраектаў на вытворчасць нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў, зацверджаным Пастановай Савета Міністраў ад 24 лютага 2012 г. № 174, конкурснай камісіяй вызначаны наступныя пераможцы Адкрытага рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў на вытворчасць нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў:

Кінапраекты ў ігравой форме

Па тэме “Сацыяльная маладзёжная праблематыка, якая раскрывае праблемы наркаманіі”:

“Участак лейтэнанта Качуры. Фільм 4. “Чорнае павуцінне”  — УП “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”;

Па тэме “Дзейнасць сучасных абаронцаў Айчыны па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”:

“Дзяржаўная мяжа. Фільм 12. “Ілжывая мэта” — УП “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”;

Кінапраекты ў неігравой форме

Па тэме “Найноўшая гісторыя незалежнай Рэспублікі Беларусь”:

“Летапіс. Самае важнае” — УП “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”;

Па тэме “Дасягненні Рэспублікі Беларусь у разнастайных галінах і сферах дзейнасці”:

“Рэспубліка Беларусь. ХХІ стагоддзе” — УП “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”;

Па тэме “Настаўнікі беларускай школы”:

“Педагагічная паэма” — УП “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”.

Па прапанаваных тэмах “Буйныя гістарычныя дзеячы — ураджэнцы Беларусі” і “Гераічная барацьба савецкага народу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў” конкурсная камісіяй пераможцы не вызначаны.

Улічваючы важнасць тэм, звязаных з айчыннай гісторыяй, для развіцця сучаснага беларускага кінематографа і неабходнасць іх увасаблення на самым высокім ідэйным і мастацкім узроўні Міністэрства культуры разгледзіць пытанне аб вынясенні тэм, звязаных з гістарычным мінулым беларускага народа, на чарговы конкурс кінапраектаў, якія плануецца аб’явіць у 2015 годзе.

Інфармацыя аб правядзенні наступнага конкурсу кінапраектаў будзе размешчана на сайце Міністэрства культуры і ў газеце “Культура”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"